!OUT: «Мроя»: вядомая і забытая (топ-12+рарытэтныя відэа)
4071 / 0
11.11.2016

!OUT: «Мроя»: вядомая і забытая (топ-12+рарытэтныя відэа)

У лістападзе 2016-га пачынальнікам беларускамоўнай рок-музыкі спаўняецца 35 гадоў. З гэтай нагоды Tuzin.fm падрыхтаваў топ-12 песень «Мроі» і некалькі рарытэтных відэа. Некаторыя з запісаў публікуюцца ўпершыню.

Роўна 35 гадоў таму, а калі быць больш дакладным 7 лістапада 1981 году, адбыўся дэбютны канцэрт «Мроі». Праўда, досыць кур’ёзны. Гурт тады яшчэ зваўся «Эскалятарам», а месцам дзеі сталася актавая заля на трэцім паверсе мастацкае вучэльні імя Глебава. Канцэртны рэпэртуар складаўся зь дзьвюх песень «Машины времени», якія музыкі ганялі цэлую гадзіну. Прычым, публіка была ў захапленьні. Аднак «Мроя» ўвайшла ў гісторыю ўсё ж ня ў якасьці кавэр-бэнду, а як першы выключна беларускамоўны рок-гурт. Зь яе ж пачалася музычная біяграфія Лявона Вольскага. Сёньня прэзэнтуем тузін паказальных песень «Мроі», некаторыя зь якіх дагэтуль выконваюцца як самім Лявонам, так і рознымі калектывамі ў якасьці кавэраў.

1. Мроя «Лябірынт»

«Чую хуткі сэрца рытм…» Першая песьня Лявона Вольскага, напісаная па-беларуску, і адначасова  самы раньні запіс «Мроі» — яшчэ дапрызыўнога пэрыяду. Песьня нарадзілася ў вёсцы Дзегцяроўка пад Менскам, дзе ансамбаль у 1984 годзе выступаў на танцах. Запіс адбыўся ў інтэрнаце аўтакалёны на вул. Харужай у Менску дзякуючы намаганьням актывістаў суполкі «Майстроўня». У прыватнасьці, мікрафон трымаў, лежачы ля дынаміка, Віктар Івашкевіч. Разам зь іншымі запісамі «Лябірынт» распаўсюджваўся на шпульках (бабінах) у якасьці ўзору «сьвядомага року», паводле вызначэньня Сяргея Дубаўца. Запіс праляжаў болей за 30 гадоў у скрыні Алеся Бяляцкага, які ня так даўно алічбаваў яго і даслаў у рэдакцыю Tuzin.fm. Праўда, як прызнаўся Алесь, пачуўшы, ён нават не пазнаў, хто гэта грае. У сеціве «Лябірынт» публікуецца ўпершыню.

Лявон Вольскі ў 1981 годзе

2. Мроя «Чужы горад»

«Як хацеў я знайсьці цеплыні, каб хоць рукі сагрэць!..» Калі амаль увесь склад «Мроі» пайшоў на два гады служыць у войска, то басіста Юрася Ляўкова, які застаўся на «гражданцы», выклікалі ў КДБ. Чэкісты тлумачылі, што такіх правакацыйных песень, як «Чужаніца», пісаць нельга: «Как это столица нашей Родины, а вы тут устраиваете такие вещи?!» У песьні няма згадак пра Маскву, але яна сапраўды нарадзілася пасьля візыту туды двух заснавальнікаў «Мроі» — Лявона Вольскага (вакал, клявішы) і Ўладзя Давыдоўскага (гітара). Юнакі хацелі паказаць камусьці свае запісы, знайсьці прадусара… «Вельмі непрыемныя былі ўражаньні пасьля гэтае вандроўкі, пасьля чаго я напісаў такі дэпрэсіўны тэкст», — згадвае Вольскі.

3. Мроя «Стары храм»

«Храма старога каменьне зрабілася сонца праменьнем…» Песьня з аднайменнага й дэбютнага альбома «Мроі», запісанага па вяртаньні музыкаў з войска ў 1986 годзе. Аўтар «мроеўскай» біяграфіі Віктар Дзятліковіч называе гэтую кампазыцыю іх першым сапраўдным гітом. Ідэя песьні належыць бубначу Алегу Дземідовічу. Тэкст музыкі напісалі па радку, калі яшчэ вучыліся ў Глебаўцы, акурат падчас лекцыі па чарчэньні. Альбом жа запісваўся на чарговым рэпэтыцыйным пункце — у сутарэньнях Дома літаратара, распасюджваўся празь перапіс з магнітафона на магнітафон. Дарэчы, падчас «Басовішча-2009», калі музыкі ўзнавілі «Мрою» на кароткі тэрмін, адмысловую праграму адкрываў менавіта «Стары храм».

«Мроя» ў Полацку, 1987 год: Лявон Вольскі (другі зьлева), Алег Дземідовіч (трэці зьлева), Уладзя Давыдоўскі (шосты зьлева), Юрась Ляўкоў (сёмы зьлева), фота з сайту ggau.by

4. Мроя «Ён яшчэ вернецца»

«Нашто Купала і Скарына, калі ўсё роўна ўсё загіне…» Песьня ўвайшла ў альбом «Студыя БМ» 1988 году, названы ў гонар месца запісу — студыі радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Тэкст кампазыцыі належыць Уладзю Давыдоўскаму й мае адрозныя трактоўкі. Хто «Ён»? Сам аўтар з аднаго боку тлумачыць, што расповед ідзе «пра чалавека, які лічыць, што можа зьбегчы ад сябе, ад сваіх каранёў, але ня можа не вярнуцца, бо іншага прытулку й каштоўнасьцяў у яго папросту няма». Зь іншага боку, па словах Давыдоўскага, «Ён» — нібыта ўвасабленьне зла, якое можа вяртацца ў розных абліччах. Кампазыцыя перамагла ў першым гіт-парадзе «Беларускай маладзёжнай», нягледзячы на пратэсты аддзелу культуры Менгарвыканкаму, бо ня мела афіцыйнага дазволу на выкананьне. Дарэчы, галасаваньне ў гіт-парадзе ладзілася праз пошту — і ў падтрымку «Мроі» слухачы даслалалі цягам тыдня амаль 1500 лістоў.

5. Мроя «Дваццаць восьмая зорка»

«Не хадзі ў гэты горад, вандроўны манах…» Твор з таямнічай лічбай, сэнс якой ня ведае й сам аўтар Лявон Вольскі. Песьня адкрывала першы альбом «Мроі», выдадзены на вінілавых кружэлках фірмай «Мелодия» ў 1989 годзе, а праз 20 гадоў і на кампакт-дысках BMA-group. Запіс прайшоў на перасоўнай студыі MCI, якую адмыслова прыгналі ў Менск. Між іншым, у такой жа студыі запісваліся піцерскія рок-гурты «Аквариум» і «Алиса». За 5—6 дзён, не зважаючы на халадэчу й алькагольныя цырымоніі з пэрсаналам, «Мроя» найграла 8 песень. Толькі першы наклад плыткі склаў 2000 асобнікаў, а пасьля былі яшчэ дадрукоўкі. «28-я зорка» карысталася попытам нават на фэсьце FIMU ў францускім Бэльфоры, дзе «Мроя» выступіла ў 1991 годзе. Усе кружэлкі, што музыкі прывезьлі з сабой у Францыю разышліся ў адрозьненьне ад авангардных карцінаў, якія адмыслова перад паездкай напісалі Вольскі ды Дземідовіч.

6. Мроя «Мама-мафiя»

«Заўжды са мною трафэйны „шмайсэр“…» Песьня з тае ж кружэлкі. Тэма мафіі ў другой палове 1980-х была ня менш вострай, чым злачынствы сталінізму, СНІД і наступствы Чарнобылю. Выступаючы на фэстывалі «Червона рута» ва ўкраінскіх Чарнаўцах Лявон Вольскі прадставіў нумар такім чынам: «Яшчэ адна вясёлая песьня. Песьня пра савецкую мафію». Публіка танчыла пад сцэнай у шараварах ды вышыванках. Актуальнасьць тэмы засьведчыў беларускі гурт з Уроцлава Holy Chimp, прэзэнтаваўшы летась свой кавэр на «Маму-мафію».

7. Мроя «Зямля»

«Хоць багатая на малітвы, а крывёю шчодра палітая…» Яшчэ адзін гіт з «28-е зоркі». Па словах Лявона Вольскага, твор нарадзіўся ня болей чым за паўгадзіны між канцэртам у Быхаве і Днём гораду ў Менску, што нагадваў у тыя часіны віленскі Казюкас. Да «Зямлі» Вольскі ня грэбуе зьвяртацца й цяпер падчас сольных выступаў пад гітару. Таксама сёлета ў аўдыёчарце на Tuzin.fm брала ўдзел новая вэрсія рок-вопусу, выкананая аўтарам разам з падляскім «25 АББА-Аркестрам».

8. Мроя «Я — рок-музыкант»

«Я — не прыхільнік эстэцтва…» Завяршае кружэлку «28-я зорка» песьня-маніфэст «Я — рок-музыкант». На яе ж Беларускае тэлебачаньне зьняла першы кліп «Мроі». За здымкі музыкі нават атрымалі ганарар. Праз паўтара дзясяткі гадоў Лявону Вольскаму ставілі ў віну невыкананьне агучаных у тэксьце абяцаньняў. Ня кожнаму дадзена адчуць іронію. Вольскі з Давыдоўскім напісалі гэтую песьню ў рэстарацыі «Папараць-кветка», традыцыйна выдурняліся, прыдумваючы па радку. Цяпер кавэр-вэрсіі на галоўны «мроеўскі» гіт выконвае беларускі Leibonik ды ўкраінец Сяргей Жадан з гуртом «Собаки в космосі».

9. Мроя «Чорна-белы сон»

«Мёртвыя гарады, неабсяжныя прасторы…» Адзін з галоўных гітоў апошняга поўнавартаснага альбома «Мроі» вядомы таксама пад імем «Я на сямі вятрах». Праца над лонгплэем «Біяполе» ішла ў 1-й студыі дзяржрадыё, а прэзэнтацыя адбылася ў Тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1991 годзе пры поўным аншлягу. Як зазначае Віктар Дзятліковіч, «Біяполе» стала бэнэфісам новае «мроеўскае» музыкі. Некаторай ускладнёнасьці ў аранжыроўкі дадаў новы гітарыст Венэдыкт Конеў-Петушковіч. Пасьля Вольскі назваў гэтыя зьмены ў гучаньні «заўчаснай сталасьцю».

На канцэрце «Мроі», 1987 год, фота Мікалая Таранды

10. Мроя «Халi-галi»

«Дзе ж ты, дзе ж ты, бацька Махно?..» Самая атанальная й вар’яцкая песьня «Мроі». Зрэшты, менавіта яна — адна зь дзьвюх песень, што ў зьмененым выглядзе перакачавала ў студыйныя альбомы N.R.M. Другая — «Мела мамка тры сыночкі». Хоць на самым пачатку стварэньня N.R.M. Лявон Вольскі наадрэз адмаўляўся выконваць хоць нешта з «мроеўскага» рэпэртуару. Асабліва забаўна наркатычна-панкаўскія «Халi-галi» прэзэнтаваліся на акустычных канцэртах N.R.M. — без электрагітараў, але з абавязковым губным гармонікам.

11. Мроя «Краіна крывавых дажджоў»

«Мы аўтаматам гаворым „дзякуй“ на разьвітаньне…» Фінальная рэч «Біяполя» ды фактычна лебядзіная песьня «Мроі», хаця гурт праіснуе яшчэ да 1994 году. Аўтар словаў — Алег Дземідовіч. Першапачаткова меркавалася стварыць на ягоны тэкст драйвовы гард-рок, але атрымалася нешта іншае — саркастычны харавы рэквіэм да хуткага скону СССР. Самае эмацыйнае выкананьне твору, як кажа Вольскі, адбылося на канцэрце ў Доме літаратара падчас хваляваньняў у Вільні. Потым песьня неаднаразова агучвалася на акустычных канцэртах правапераемніка «Мроі» N.R.M., адмысловая вэрсія была запісаная для зборніку «Дыхаць!» у 2006 годзе.

Касэтнае выданьне складанкі «Выбраныя песьні 1989—1993»

12. Мроя «Віно і хлеб»

«Час даўно прысьпеў, будзе новы сьпеў…» Песьня трапіла на касэтную складанку «Выбраныя песьні 1989—1993», дзе сярод старога прысутнічаў і найноўшы матэрыял «Мроі». Песень, напісаных пасьля «Біяполя», хапіла б і на чарговы нумарны альбом. За гэты час праз гурт прайшоў цэлы шэраг сола-гітарыстаў — Лявон Шырын, Алег Піпін, Віктар Шот, Віктар Смольскі — спыніўшыся ўрэшце на Піце Паўлавым. Многія песьні былі запісаныя, але неўзабаве сьцертыя, іншыя засталіся ўвогуле незафіксаванымі ў студыі. Між тым, Лявон Вольскі сёньня ацэньвае «Мрою» вельмі самакрытычна: «Мне сьмешна ўсё, што было тады. Гэта банальны юнацкі самавыраз. Сабраліся людзі здольныя й, ня ўмеючы граць, штосьці цікавага панапісвалі». Тым ня менш, «Мроя» пакінула вялікі архіў са студыйных і канцэртных аўдыё- й відэазапісаў, які патрабуе алічбоўкі й вывучэньня.

Запісу дэбютнага канцэрту «Мроі» 1981 году ў прыродзе не існуе, затое знайшлося відэа аднаго з апошніх выступаў гурту, які Tuzin.fm упершыню публікуе ў сеціве. Запіс з тэлетрансьляцыі зрабіў тагачасны прэзыдэнт Менскага рок-клюбу Ўладзімер Зайчанка. Опэн-эйр «Новыя твары» ладзіўся 1 верасьня 1994 году ля цяперашняга Палацу моладзі. Лявон Вольскі выглядаў тады нібыта цэнтравы менскі хіпі канца 1960-х. Прытым, «Мроя» грае шэраг малавядомых песень. Апошні нумар «Наш карабель» выконваецца разам з музыкамі «Новага Неба» ды «Крамы».

Для аматараў таксама прапануем паглядзець іншыя запісы «Мроі», якія Tuzin.fm публікаваў раней:

Сумеснае выкананьне песьні «Наш карабель» гуртамі «Мроя» і «Мясцовы час», зьняты відэапэратарам «Мясцовага часу» Ігарам Супранёнкам на фэстывалі «Басовішча-1992». Выкладзены ўпершыню на партале Tuzin.fm у 2012 годзе.

Запіс песьні «Ноч за вакном» на Беларускай тэлевізіі ў 1993 годзе з архіву Ўладзімера Зайчанкі.

Аўтар матэрыялу асабліва дзякуе Лявону Вольску, Уладзю Давыдоўскаму, Уладзімеру Зайчанку, Алесю Бяляцкаму ды Віктару Дзятліковічу (апошняму за кнігу «Іх Мроя. Іх N.R.M.»).

Загалоўнае фота з часопісу «Папулярная музыка» (№3 за 1990 год).

Віктар Сямашка, Tuzin.fm