!OUT: Агінскі. Не палянэзам адзіным (+ топ-12 твораў)
1797 / 0
07.10.2016

!OUT: Агінскі. Не палянэзам адзіным (+ топ-12 твораў)

Tuzin.fm пераклаў фрагмэнты з аўтарскага трактату «Listy o muzyce» аднаго зь першых тэарэтыкаў свабоднае музыкі ў Беларусі.

7 кастрычніка 1765 году нарадзіўся адзін зь першых тэарэтыкаў свабоднае музыкі ў Беларусі — Міхал Клеафас Агінскі. Каб пацьвердзіць гэты факт, Tuzin.fm пераклаў асобныя фрагмэнты з аўтарскага трактату кампазытара «Listy o muzyce». Арыгінал быў напісаны па-француску ў італьянскай Флярэнцыі, дзе Агінскі правёў апошнія гады жыцьця. Польскі пераклад кнігі захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў выглядзе мікрафільму. Агінскі, тлумачачы прыроду сваёй музыкі, часта ўжывае тэрмін «імправізацыя», апісвае дзіўныя інструмэнты, аддае пашану этна-культуры ды распавядае пра твор, што меў большую вядомасьць за імянны палянэз.

Паўстанец, палітэмігрант, дыплямат, вялікалітоўскі падскарбі й мечнік, расейскі сэнатар, паэт, мэмуарыст, мэцэнат, масон, князь, прадстаўнік старажытнага роду ліцьвінаў… Агінскі не лічыў сябе прафэсійным кампазытарам. Аднак большасьць з нас ведае яго ў першую чаргу дзякуючы палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай». Але, зноў жа, палянэзаў Міхал Клеафас напісаў не адзін і ня два, а пачынаючы яшчэ з часоў дзяцінства болей за 20. Яны пранумараваныя ды перагукаюцца між сабой. Менавіта Агінскі першым стаў пісаць палянэзы не для танцаў, а для слуханьня, і нараджаліся яны ў працэсе імправізацыі.

ІМПРАВІЗАЦЫЯ, ЯК ШАХМАТЫ

«Ніколі не кампанаваў на замову; ніколі не прыходзіла мне ў галаву думка стварыць дасканалую й вучоную кампазыцыю ды прысьвяціць ёй шмат часу. Парыў энтузіязму, пачуцьцё каханьня ці сяброўства, узрушэньне, а часам і боль ці глыбокі смутак дыктавалі мне характар гукаў і мадуляцыяў, якія малявалі ўсе гэтыя эмацыянальныя перажываньні й праўдзіва акрэсьлівалі стан маёй душы. Мне рэдка даводзілася ўносіць зьмены ў маю першую імправізацыю», — прызнаецца Міхал Клеафас Агінскі ў «Лістах пра музыку».

 Урокі музыкі, атрыманыя ў дзяцінстве, кампазытар згадвае як нудныя ды стомныя. «Усё, што маю — добрае вуха, глыбокае пачуцьцё гармоніі й густ, якія зьявіліся праз праслухоўваньне добрае музыкі». Агінскі параўноўвае стварэньне сваіх кампазыцыяў з гульнёй у шахматы: «Да шахматаў у мяне была моцная схільнасьць з раньняга дзяцінства. Ведаючы базавыя правілы, я граў па-свойму, хутка, мае разьлікі былі амаль заўжды дакладныя, і часта перамагаў у партыях з мацнейшымі за мяне праціўнікамі».

Міхал Клеафас Агінскі (F.-X. Fabre, 1805)

МУТАЦЫІ ФАРТЭПІЯНА

У дзяцінстве Агінскі яшчэ засьпеў сьпінэт і клявэсін. Фартэпіяна ў Рэчы Паспалітай толькі пачынала распаўсюджвацца й пастаянна ўдасканальвалася. Кампазытар сьведчыць: «Пэўны час існавала мода на фартэпіяна з трубамі, якія з дапамогай нажных мяхоў выдавалі фляжалеты, гукі флейты й габоя — свайго кшталту малы арган, але ён меў кароткатэрміновы посьпех. Тое самае здарылася з фартэпіяна, у якіх струны месьціліся пэрпэндыкулярна клявіятуры й гублялі строй за нейкія 15 дзён. Бачыў таксама фартэпіяна, уладкаванае такім чынам, што ўсе пасажы, выкананыя на ім, праз адмысловы мэханізм запісваліся на даўгой палосцы нотнае паперы». Агінскі граў ня толькі на фартэпіяна, але й на скрыпцы. А таксама меў знаёмства з аркестрыёнам — інструмэнтам, створаным на базе клявэсіна, які «мэханічным чынам з ужыткам кішак, смыку ды пэдаляў імітаваў гучаньне струннага квартэту».

АД ОПЭРЫ ДА ІРАКЕЗАЎ

Трактат «Лісты пра музыку» Міхала Клеафаса Агінскага складаецца зь пяці лістоў. Кожны пачынаецца са звароту «Монсэньёр». Увесь трэці ліст аўтар распавядае пра этнічную музыку. Агінскі зьвяртае ўвагу абстрактнага суразмоўцы, што опэрныя вакальныя прыёмы й балетныя танцы маюць фальклёрнае паходжаньне. Заўважае, што нават у краёх з суворым кліматам, як Расея ці Швэцыя, можна знайсьці народныя мэлёдыі з тонкім пачуцьцём. Агінскі дэманструе веданьне казацкіх думаў, згадвае мэлёдыі «дзікіх народаў Канады», іракезаў, сьпевы турэцкіх янычараў і гандальераў Вэнэцыі, а таксама індыйскую ды японскую музыку, што праз пэўных праваднікоў трапляла ў Эўропу.

Міхал Клеафас Агінскі (J. Alaškievič, XIX ст.)

ІМПРАВІЗАЦЫІ ПРАЗ ТРЫЗЬНЕНЬНЕ

У «Лістах пра музыку» Агінскі апісвае агульны дэпрэсіўны стан пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе: «Змушаны ўцякаць з роднай зямлі, пагружаны ў змрочныя думкі й часам паддаючыся адчаю, у мяне не было ні часу, ні жаданьня займацца музыкай. Калі падчас вандровак я выпадкова апынаўся ля піяніна, то сядаў за яго машынальна й здабываў гукі сумныя, разьдзіральныя, часам жорсткія, як быццам натхнёныя трызненьнем. Празь некалькі гадзінаў ваджэньня пальцамі па клявіятуры, як правіла вельмі дрэннага інструмэнту, са зьдзіўленьнем заўважаў, што імправізую тэмы, мэлёдыі й фантазіі глыбока мэлянхалічныя, якія б самым няўражлівым істотам выціснулі б сьлёзы з вачэй. Трэба было быць на маім месцы, каб ацаніць вартасьць гэных імправізацыяў, якія затым зьніклі з маёй памяці й не пакінулі ніякіх пісьмовых сьлядоў».

ПАЛЯНЭЗ СЬМЕРЦІ

«Палянэз Сьмерці фа-мажор» фігуруе ў зборніках Агінскага пад №1. Пры жыцьці кампазытара менавіта гэты твор, а не «Pożegnanie Ojczyzny» меў большую папулярнасьць. Прычым, па ўсёй Эўропе. У доказ Міхал Клеафас апісвае наступны выпадак. Аднойчы ў Дрэздэне ў адрасным бюро выпадкова сустрэтая кампазытарам маладая немка спыталася, ці ня ведаў ён трагічна загінулага Агінскага, чые творы граюцца паўсюль, і чый палянэз фа-мажор яна ня можа слухаць бязь сьлёзаў. Агінскі ў адказ ня змог утрымацца ад сьмеху й адразу ж сыграў дзяўчыне той палянэз, балазе піяніна знайшлося побач. Музыка падзякаваў паненцы за цікавасьць да аўтара й мовіў, што той не заслугоўвае аплакваньня, бо жывы. Аднак немка доўга не магла паверыць незнаёмцу.

Справа ў тым, што разам з «Палянэзам Сьмерці» распаўсюдзілася легенда, нібыта аўтар застрэліўся, пабачыўшы, як ягоная каханая таньчыць зь іншым мужчынам пад ягоную музыку. Гісторыю маглі прыдумаць выдаўцы нотных зборнікаў, ужо тады схільныя да «чорнага піяру». Агінскі бачыў на ўласныя вочы адпаведную ілюстрацыю да гэтага палянэзу — малады чалавек назірае за танцам пары, трымаючы ля скроні пісталет. У пазьнейшых выданьнях рэдактары абвяргалі легенду, сьцьвярджаючы, што Агінскі насамрэч жывы й напісаў шмат іншых палянэзаў, рамансаў, песьняў, маршаў, мазурак, мэнуэтаў, вальсаў, кадрыляў, мініятураў… Ангельскі амбасадар у Нямеччыне, пачуўшы гісторыю пра Агінскага й сьлязьлівую маладую немку, прамовіў: «Як шкада, што ён сябе не забіў».

ТЭОРЫЯ ДЫ ПРАКТЫКА

Нотныя зборнікі з творамі Агінскага выдаваліся ў Вене, Бэрліне, Ляйпцыгу, Міляне, у Пецярбурзе ды Маскве. Нямецкая прэса параўноўвала Агінскага з Гайднам. Лёнданская ставіла ў адзін шэраг з Моцартам і Расіні (прычым, з усімі трыма наш герой сустракаўся асабіста). Агінскага сьвядома ці не сьвядома цытавалі ў сваіх творах кампазытары наступных генэрацыяў Шуман, Ліст, Чайкоўскі, Шапэн, Курохін ды іншыя. Творы Агінскага моцна паўплывалі на фармаваньне такое зьявы як «рускі раманс», а канкрэтна з палянэзу ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай» фактычна выйшаў увесь так званы «савецкі шансон». Сам кампазытар зазначаў: «Значна прасьцей мець меркаваньне наконт паэзіі, тэатру, жывапісу ці скульптуры — усяго, што створанае паводле ўстаноўленых правілаў. Значна цяжэйшая справа з музычнымі творамі, дзе геній стваральніка бярэ размах, не ставячы межаў сваёй фантазіі й сьлізгочучы па правілах тэорыі мастацтва».

Аўтар дзякуе дасьледчыкам творчасьці Агінскага Сьвятлане Немагай і Віктару Скорабагатаву. Аўдыёзапісы ўзятыя з кружэлак «Вянок Радзіме», «Рамансы М. К. Агінскага» й «Michal Kleofas Oginski», выдадзеных фірмай «Каўчэг», а таксама з альбома супольнага праекту «Я нарадзіўся тут».

Віктар Сямашка, Tuzin.fm