Патрыцыя Сьвіціна: «Хацелася перадаць сваё. Без пантоў» (прэм’ера)
1931 / 0
04.10.2016

Патрыцыя Сьвіціна: «Хацелася перадаць сваё. Без пантоў» (прэм’ера)

15-гадовая сьпявачка прэзэнтуе на Tuzin.fm дэбютны сынгл свайго праекту «Гарэза», у які ўвайшла яе аўтарская кампазыцыя «Ідзі» і кавэр-вэрсія на «Кола грукатала» ад гурту «Палац».

Нягледзячы на свой узрост, Патрыцыя ўжо дасягнула посьпеху і неаднойчы адзначалася на беларускіх ды замежных фэстывалях у складзе фольк-гурта «Рада» і дуэту «Вера і Патрыцыя». Разам зь Верай Саламонік брала ўдзел у навагоднім тэлепраекце «Новае пакаленьне на Новы год», у якім выканала сумесны твор з хорам «Унія», пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай дзяўчаты перамагалі ў аўтарытэтным конкурсе «Саюз талентаў».

Сынгл праекту«Гарэза» — спроба самастойнай творчасьці Патрыцыі. У яго ўвайшла аўтарская рэч сьпявачкі — песьня «Ідзі». «У маiм узросьце ўсе падлеткi задумваюцца пра будучыню, пра сэнс жыцьця, мараць, i я таксама. Песьня была амаль гатовая, але я адчувала, што чагосьцi не хапае. I, „мае зоры“ падказалi мне прачытаць аднайменны верш Пятруся Броўкi, i ўсё раптам атрымалася — я знайшла тое, што шукала. Не хацелася пантовай песьнi, хацелася „сваёй“ песьнi», — сказала сьпявачка з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm.

Музыку да загалоўнай кампазыцыі напісаў Уладзіслаў Паўночны з «X-Wave.Studio». Ён жа дапамог Патрыцыі з аранжыроўкаю і запісаў песьню. Са згоды Алега Хаменкі, другім трэкам у рэліз увайшоў перасьпеў гурту «Палац» — песьня «Кола грукатала», якая вельмі падабаецца маладой сьпявачцы.

У будучыні Патрыцыя мяркуе зрабіць цэлы праект, прысьвечаны творчасьці беларускіх паэтаў.

Tuzin.fm