Brutto ў Гомелі: быць або ня быць
1666 / 0
22.09.2016

Brutto ў Гомелі: быць або ня быць

Каманда Міхалка мяркуе сабраць на свой першы канцэрт у Беларусі 4000 гледачоў. Слухачы ня вераць, што гэты выступ сапраўды адбудзецца.

Канцэрт Brutto мяркуецца правесьці 29 кастрычніка ў ДУ «СДЮШАР №5», так афіцыйна завецца гомельскі лядовы палац. Дазвол на гэта выдала кіраўнічка ўпраўленьня ідэалягічнай работы Гомельскага аблвыканкаму Ірына Даўгала, хоць арганізатары чамусьці яе прозьвішча на гастрольцы замазалі.

Ладзіць канцэрт кампанія «AllStars». Арганізатары хочуць прадаць 4000 квіткоў. Іх цана пачынаецца ад 32 руб. (каля 17 дал.), на фэн-зону квіток прадаецца за 75 руб. (каля 40 дал.). Гэта абсалютны цанавы рэкорд сярод беларускіх выканаўцаў (для параўнаньня — на канцэрт Макса Каржа — супастаўнага па папулярнасьці камандзе Міхалка — квіток каштаваў ня больш за 15 даляраў). Цікава, што афішу канцэрту ў Гомелі вырашана аформіць па-расейску. Ня выключана, што Brutto пайшлі яшчэ на шэраг саступак ідэолягам дзеля таго каб канцэрт адбыўся.

Навіну пра канцэрт Brutto ў Гомелі прыхільнікі гурта сустрэлі зь недаверам. «Зноў за дзень да канцэрту прарве трубу», — падобны камэнтар сярод самых распаўсюджаных. Сапраўды, сам факт атрыманьня гастрольнага пасьведчаньня на канцэрт не гарантуе таго, што ён адбудзецца. За дзень-два, а то і ў дзень правядзеньня ўжо адмяняліся па надуманых прычынах канцэрты «Крамбамбулі», Зьмітра Вайцюшкевіча, гурта Dzieciuki, Vinsenta. Апошні прыклад — канцэрт Лявона Вольскага ў межах конкурсу «Засьпявай 3.0». Месца, дзе меркавалася правесьці канцэрт, вымушана было закрыцца на санітарны дзень і толькі нейкім цудам канцэрт адбыўся на іншай пляцоўцы. Мы запыталіся ў прадстаўніка Brutto Антона Азізбекяна: што могуць сказаць музыкі тым прыхільнікам, якія ня вераць, што гомельскі канцэрт адбудзецца? «Скоро будет пресс-релиз от All Stars», — адказаў на гэтае пытаньне ўдзельнік бясстрашнай каманды.

Канцэрт Brutto вырашылі зрабіць менавіта ў Гомелі, бо так лягістычна зручней для гурта — частка яго ўдзельнікаў уключна зь Міхалком жыве ва Ўкраіне. «Гэты выступ — самая важная на сёньня падзея для Brutto, мяне асабіста і маіх блізкіх», — кажа Сяргей. У выпадку посьпеху, гурт будзе падаваць заявы на канцэрты ў іншых гарадах Беларусі — краіне, дзе лядовых палацаў пабудавана багата.

Яшчэ: Brutto: «Мы хочам сьпяваць у сваёй краіне. І за намі праўда»

Сяргей Будкін, Tuzin.fm