Кася Камоцкая падтрымае фіналістаў «Засьпявай 3.0»
2286 / 0
24.06.2016

Кася Камоцкая падтрымае фіналістаў «Засьпявай 3.0»

8 ліпеня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 свае найлепшыя песьні сыграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая. Разам зь ёй у канцэрце возьмуць удзел фіналісты конкурсу «Засьпявай 3.0» — гурты «Сон-трава», Bar Akaryna і Pauline.

З моманту спыненьня дзейнасьці гурту «Новае Неба» Кася Камоцкая зрэдчас выходзіць на сцэну. Яна занялася кінадакумэнталістыкай і сьпявае толькі для сяброў. Выключэньні робяцца раз на некалькі гадоў. Сёлета сьпявачка вырашыла падтрымаць фіналістаў конкурсу «Засьпявай 3.0». Яна выступіць разам з гітарыстам Сяргеем Скуратам. Адмыслова да гэтай падзеі Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананьні першай беларускай рок-князёўны. Некаторыя зь іх абавязкова прагучаць на канцэрце ў дворыку плошчы Свабоды 8 ліпеня.

Адкрые канцэрт паўгадзінным сэтам сьпявачка Pauline. Яна брала ўжо ўдзел у конкурсе «Засьпявай» летась і была адзначаная адмысловым прызам журы. Сёлета Паліна Цімохіна падала ў намінацыю «Сьпяваная паэзія» песьню на верш Ірыны Багдановіч, якая трапіла ў лік фіналістаў конкурсу. У лік найлепшых яе ўключылі лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка і рэдактар Tut.by Яўген Карпаў. У выпадку перамогі ў конкурсе, Паўліна зьбіраецца патраціць прызавыя грошы на запіс песень для свайго дэбютнага альбома.

Яшчэ адзін прэтэндэнт на перамогу ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» — гурт «Сон-трава» таксама выступіць у гэты вечар з паўгадзінным сэтам. Яны паклалі на музыку верш Насты Кудасавай «Горадзе наш», якую высока ацаніла журы «Засьпявай 3.0». У ліку фаварытаў гэты твор называюць Ганна Янкута і Сяргей Пукст. «У песьні распавядаецца пра нейкую абмежаваную прастору, у якой як быццам бы ўсе павінны быць шчасьлівымі, але вось гэтая гарадзкая закрытасьць людзей, адасобленасьць вымушае іх пакутаваць», — кажа сьпявачка Кацярына Гузоўская-Гара. Яна мае далейшыя пляны да гэтага твору — дадаць у яе рытм-сэкцыю, бэк-вакалы, а і ў ідэале — аркестар Бабарыкіна. «Але на тое наўрад ці хопіць і прызавых грошай», — сьмяецца Кацярына.

Яшчэ адным выступоўцам у гэты вечар будзе фіналіст у намінацыі «Замежны пераклад» — гурт Bar Akaryna. Музыкі граюць у стылях фольк/рок/блюз/кантры, а іх рэпэртуар складаецца як з аўтарскіх твораў, так і перасьпеваў на беларускай твораў Барыса Грабеншчыкова, Боба Дылана, Віктара Цоя. Для «Засьпявай 3.0» яны пераклалі песьню Піта Сыгэра «Where Have All the Flowers Gone?» («Дзе кветкі ўсе»), які вылучылі сярод найлепшых у сваіх рэйтынгах журы Глеб Лабадзенка і Ўладзь Лянкевіч.

Весьці канцэрт «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэньне найлепшага па меркаваньні народнага журы.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА ПАДЗЕІ! FACEBOOK/УКАНТАКЦЕ

8.07. Менск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. Засьпявай 3.0: «Сон-трава», Bar Akaryna і Pauline. Госьць — Кася Камоцкая. Кошт квіткоў: 100 000 руб. (папярэдне), 150 000 руб. (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.