TonqiXod: «Перамога надае і нам упэўненасьці, і дабрадзеям надзею» (відэазварот)
1897 / 0
23.05.2016

TonqiXod: «Перамога надае і нам упэўненасьці, і дабрадзеям надзею» (відэазварот)

Гурт TonqiXod радуецца з нагоды перамогі ў аўдыёчарце на Tuzin.fm і заклікае ўсіх неабыякавых да іхняй творчасьці спрычыніцца да запісу новага альбому.

Песьня «Камняпад» была сярод навічкоў 11 туру і зь першых дзён упэўнена заняла пазыцыю лідэра, так нікому яе і не саступіўшы цягам трох тыдняў галасаваньня. Па выніку ў яе 460 галасоў. Вакаліст і аўтар словаў Уладзь Лянкевіч свайго задавальненьня не хавае. Сам ён пільна сачыў за хадой галасаваньня ды браў у ім непасрэдны ўдзел, у адрозьненьне ад паплечнікаў па TonqiXod, якія паленаваліся гэта зрабіць. «Прыемна, што песьня „Камняпад“ з нашага зусім сьвежага міні-альбому „Лямант, хаос і вэрхал“ была падтрыманая слухачамі, гатовымі ў часы татальных залагіньваньняў, галасаваньняў і лайкавых войнаў выдаткаваць час. Бо зазвычай наша трыё церпіць паразы на гэтым полі, — кажа Ўладзь. — Да таго ж, мы цяпер зьбіраем грошы на новы альбом і тое, што людзі так ці іначай упадабалі песьню, якая ў яго ўвойдзе, таксама надае і нам упэўненасьці і дабрадзеям надзею».

TonqiXod наважыўся на краўдфандынгавую кампанію, каб сабраць сродкі на запіс новага рэлізу і заклікае ўсіх неабыякавых спрычыніцца да ягонага выхаду. На гэты момант музыкі ўжо сабралі 70% заяўленай сумы, да канца кампаніі засталося ўсяго два тыдні. Падтрымаць гурт можна на Ulej.by.

Tuzin.fm