Vinsent — дзяржчыноўнікам: «Хопіць хавацца за нацыянальнай бібліятэкай!»
3910 / 3
19.05.2016

Vinsent — дзяржчыноўнікам: «Хопіць хавацца за нацыянальнай бібліятэкай!»

Выканаўца зьвярнуўся да тых, хто цішком блякуе выступы беларускіх выканаўцаў.

Vinsent  меўся даць сольны канцэрт у межах праекту «Жывы Тузін» у клюбе ILI. Ужо было прададзена з траціну квіткоў, але мерапрыемства нечакана было адмененае. Да гэтага выканаўца сутыкнуўся з праблемамі ў арганізацыі прэзэнтацыі альбому «Vir» пры канцы 2015 году. Яго прэзэнтацыя была забаронена ў клюбе Re:Public, пасьля перанесеная ў неіснуючы ўжо клюб «Пляцоўка-Хол», але і там дырэкцыя пляцоўкі атрымала сыгнал мерапрыемства не праводзіць. Шляхам няпростых перамоваў гэты выступ удалося праціснуць. Акром таго, быў сарваны выступ выканаўцы ў «Менск-Арэне». Ён атрымаў запрашэньне ад баскетбольнага клюбу «Цмокі-Менск» у «Менск-Арэне» сыграць ужывую некалькі сваіх песень падчас іх матчу з маскоўскім ЦСКА, але за два дні да падзеі Вінсэнту паведамілі, што ён ня можа адыграць свой сэт. Ніхто з чыноўнікаў афіцыйна адказнасьці за гэтыя ўсе выпадкі на сябе ня ўзяў. З нагоды забароны сваіх канцэртаў музыка зрабіў заяву.

Гэтае фота выдатна характарызуе сытуацыю, якая склалася ў дзяржаве. Дзяржава здольная вось на такія «геніяльныя» творы архітэктуры і фантазіі. І абсалютна ня здольная зразумець падставовыя рэчы.

На канцэрце 22 траўня павінна была быць поўная заля. Людзі ехалі з усёй Беларусі. Але нічога гэтага ня будзе. Ня будзе, таму што ў чарговы раз санстанцыя, пажарнікі, і ўвогуле, этыленгліколь

Як працуе іхняя схема. Апісваю стандартную працэдуру для ўсіх клюбаў і пляцовак. Як толькі слова «Vinsent» трапляе на заяву для гастролькі, адразу пачынаецца нейкая замешка. Ідэолягі адцягваюць з адказам як толькі могуць: просяць тэксты песень (хаця ўжо на памяць ведаюць усе мае тэксты), прыдумваюць бязглуздыя апраўданьні. У выніку, калі на выдачу пасьведчаньня патрэбна 3—5 дзён, то ў маім выпадку гэтая працягласьць павялічваецца ў разы. І ўвесь гэты час мы ня можам казаць пра канцэрт, без гастролькі рэкляма ня можа пачацца.

Пасьля гастролькі пачынаецца эпапэя з клюбам. Іх пачынаюць прэсаваць камітэтчыкі, адміністрацыя і ўсе-ўсе-ўсе. Клюбу пагражаюць закрыцьцём, таму пляцоўка вымушаная адмовіцца ад канцэрту непажаданага артыста.

Вось гляджу, нашыя Макс Корж, Саладуха выступаюць на «Менск-Арэне». Малайцы! А вось вам сытуацыя, якая здарылася са мной нядаўна. Запрасіў мяне баскетбольны клюб «Цмокі-Менск» выступіць на «Менск-Арэне» падчас матчу з маскоўскім ЦСКА (самы рэйтынгавы матч лігі). Я пагадзіўся, а што, гіп-гоп, баскетбол, вулічная культура — я гэта люблю. І вось рыхтуесься, прыдумваеш праграму і тут — адмена. Вярхушка даведалася, што я буду выступаць на «Менск-Арэне» і выступ адмянілі. Вось так і жывем.

Адмаўляюць жа мне ня клюбы, а камітэтчыкі, ідэолягі, чыноўнікі. Таму зьвяртаюся да іх. Хопіць хавацца за нацбібліятэкай, выйдзіце і паглядзіце нам у вочы. Мы такія ж беларусы, як і вы. Вы нашыя аднаклясьнікі, суседзі, сваякі. Вы ж сабе нічога добрага гэтым ня робіце. Зразумейце нарэшце, што незалежныя забароненыя музыкі ня ворагі дзяржавы, а патрыёты Беларусі. Я разумею, што вы перасьледуеце практычныя, мэркантыльныя мэты. Думаеце, што гэткімі забаронамі канцэртаў захаваеце свае нагрэтыя месцы ў дзяржструктурах. Цяпер вы займаеце пасады ў камітэтах, аддзелах Рэспублікі Беларусь, то бок цэлай, сувэрэннай дзяржавы. Вы нават сабе не ўяўляеце, наколькі важная для незалежнасьці Беларусі шчырая беларускамоўная музыка і мастацтва агулам. Можа быць для вас гэта парадокс, але праўда ў тым, што вы займаеце пасады ў Рэспубліцы Беларусь, таму што тут ёсьць песьні Лявона Вольскага і іншых незалежных музыкаў, каму забаронена граць. А калі гэтых песень ня будзе вы станеце служкамі адміністрацыяў правінцыйных губэрнскіх гарадоў. Таму што калі ёсьць культура, што адрозьнівае вас ад іншых, тады і дзяржава мае права на існаваньне.

Мы, беларусы, усе браты: і чыноўнік, і музыка, і спартовец, і п’яны валацуга пад крамаю. Зразумейце гэта, пакуль ня позна.

Дзьмітры Папко (Vinsent)

КАМЕНТАРЫ:

  • Ionseed Insomniac
    Ionseed Insomniac / адказаць
    19.05.2016 / 15:44

    Вот разницы как раз и никакой. Они останутся при своих стульях,а независимые музыканты останутся запрещенными. Их не так интересует статус и название должности, сколько её наличие. Какая разница РБ или РФ, если ЗП одинакова!?

  • Сяргей Будкін
    Сяргей Будкін / адказаць
    19.05.2016 / 16:50

    Вінсэнт чамусьці працягвае думаць, што ён мае справу з адэкватнымі беларусамі, ў якіх ёсьць сумленьне і да якіх можна дагрукацца. Аднак, праблема ў тым, што гэтых людзей аніяк не выпадае называць ані адэкватнымі, ані сумленнымі, ані беларусамі.

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    20.05.2016 / 19:59

    Гэтыя скацінкі мусяць здохнуць. Бо хачу ўжо на Лявона ці Брутто ў мінск-арэну схадзіць.

  • КАМЕНТАВАЦЬ