Экспэрт ТГ Андрэй Скурко: «Дзівосныя кветкі беспаветранай прасторы»
2806 / 0
06.05.2016

Экспэрт ТГ Андрэй Скурко: «Дзівосныя кветкі беспаветранай прасторы»

Галоўрэд «Нашай Нівы» цягам месяца слухаў песьні, альбомы і глядзеў кліпы ўдзельнікаў чартаў на Tuzin.fm і цяпер дзеліцца сваімі ўражаньнямі.

Не хацелася б нешта ацэньваць, тым больш спрабаваць знайсьці лёгіку ў рэйтынгах. Ці можа быць лёгіка ў тым, што ў 10-м туры перамагае экс-«Маўзэр», а ў 11-м «Тонкіход»? Рэйтынгавыя месцы мне падаюцца ня самым важным на «Тузіне». Большае значэньне мае штомесячны, нават штотыднёвы зрэз беларускай музыкі, які «Тузін» дае ўжо 13 гадоў. І вось вынік працы штодзённай шэрай: дзесяць гадоў таму, памятаю, трэба было ацаніць толькі песенны гіт-парад, а сёлета — яшчэ і відэапарад, і парад альбомаў, і штук трыццаць музычных навінаў. «Тузін» вырошчвае дзівосныя кветкі ў амаль беспаветранай прасторы.

«Сеяць вецер» Яна Маўзэра — якраз пра беспаветраную прастору і чаканьне перамен. І мінімалістычная «цоеўская» эстэтыка ў такой песьні вельмі дарэчы. Атмасфэра сёньняшняй Беларусі чым далей, тым больш згушчаецца да кансыстэнцыі позьняга саўка, хутка нават кілбаса па рубль-дваццаць будзе. Калі б Маўзэр зрабіў сваю песьню ў гардкор-стылі, слухалася б нацягнута.

З кліпаў нумар першы — Лявон Вольскі, «Маё каханьне». Карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз зьвярнуся да чытачоў «Тузіна» з заклікам талакой сабраць грошы на новы альбом музыкі. Раней было ў музычных выданьнях папулярнае пытаньне: ці ёсьць у Беларусі шоў-бізнэс? Цяпер, здаецца, нават пытацца перасталі. Ва Ўкраіне творцы ўзроўню Вольскага — у Міністэрстве культуры, у парлямэнце, у журы нацыянальных песенных конкурсаў. У нас у Мінкульце — Ірына Дрыга, у Менгарвыканкаме — Павал Скалабан, а ў журы — Лідзія Ярмошына. Але ж нішто ня вечнае.

Таксама файны кліп у «Рахіса», як ідэя, так і выкананьне: гісторыя рэальнага чалавека, астранома Віктара Малышчыца і фантастычнай прыгажосьці беларускае неба.

Сярод альбомаў найперш хацелася б сказаць пра «Нашу песьню» Вайцюшкевіча. На маю думку, гэта клясыка. Добры альбом, як добры раман, можа многае сказаць пра тое, хто такія беларусы. Магутныя тэксты Някляева, нечаканая рэгі-інтэрпрэтацыя клясычных «Муроў». Пакідае сьветлае ўражаньне па праслухоўваньні. Гэта музыка таго кірунку, які ў Эўропе амаль прыватызавалі ірляндцы: песьні нацыі, якая любіць свабоду і ідзе да яе:

Бясконца наша мара аб свабодзе

Вядзе нас па зямлі і па вадзе,

Як сонца, што ніколі не заходзіць,

Як зорка, што ніколі не ўпадзе.

Яшчэ адзін яскравы, радыкальна «ірляндзкі» гурт на беларускай сцэне — гарадзенскія «Дзецюкі». Праўда, у сваім апошні нумары «Тадэвуш Касьцюшка» яны, здаецца, не прачулі далёкую эпоху. От «у лесе вольным жыць і камуністаў біць» — у гэта верылася на сто працэнтаў.

Таксама добра зайшоў альбом Сяргея Скрыпнічэнкі і яго The Blue Devils. Калі б Чарльз Букоўскі іграў на гітары, такія былі б ягоныя песьні, напэўна.

А вось «Песьняры» з «Прысьвячэньнем Майстру» не зачапілі. Яны клясны канцэртны калектыў — такіх рэпэтыцыяў і гастроляў вельмі не хапае большасьці маладых гуртоў з патэнцыялам, але... Слухаў нядаўна «Последние залпы» з мулявінскай праграмы «Праз усю вайну» і падумалася: гэтую песьню, якая ня стала мэгагітом, са сваім тэкстам, а не Аляксандра Твардоўскага, вядома, мог бы сьпяваць у тым самым 1985-м Фрэдзі Мэрк’юры. У сьвежым альбоме «Песьняроў» не пабачыў нумароў, якія музычна ці тэкстава траплялі б у эпоху.

Пра маладых з патэнцыялам, дарэчы: Pauline зь песьняй «Маё мора». Шчыра, моцна, радыёфарматна. Хацелася б, каб вырасла сапраўдная поп-зорка нацыянальнага маштабу, як украінкі Бурмака ці Руслана, на замену сёньняшнім яловагалосым дзівам. На маю думку, з Паўлінай варта працаваць найлепшым паэтам-песеньнікам. Каб былі новыя і новыя творы, каб іх круцілі і слухалі. Бо, апроч «Мора» за год я бачыў толькі адзін нумар у яе выкананьні — на навагоднім шоў «Белсату». Магчыма, нешта прапусьціў, канечне.

Пра музыку, якой мне не стае на радыё: «Давай сьмяяцца» Ганны Хітрык і «Адліга» Ўладзімера Пугача. Такое, а не цяжаляк і дэпрэсьняк на 70% этэрнага часу, хацелася б слухаць на адзінай беларускамоўнай FM-хвалі. Дый расейскамоўным не зашкодзіла б.

Агулам у гіт-парадзе і музычных навінах за месяц было многа нагодаў для радасьці і зьдзіўленьня. «Рэлікт» парадаваў — па-за чартам — гімнам футбольнай каманды «Крумкачы». Так ствараецца сапраўднае культурнае поле, на якім сьпее нацыя. TonqiXodтэкстам, які выломвае мозг. Слухаючы кампазыцыю, я адчуваю сябе Хрушчовым на выставе авангардыстаў. «Нагуаль» ды іх «Вясенка» — іроніяй. Бясхмарны тэкст з дапамогай інтанацый і музычнага суправаджэньня набывае такое злавеснае адценьне, што пад песьню чамусьці ўяўляюцца і Дрыга, і Скалабан, і Ярмошына. Ілона Карпюк зь сябрамі парадавала складанымі рытмамі, трохі падзабытымі з часоў «Улісу» 2000-х. Мала хто цяпер так іграе. Irdorath — увогуле штосьці неверагоднае. Не скажу, што іх разуменьне паэзіі Караткевіча мне блізкае, але важна, што такія гурты да яе зьвяртаюцца. Тое самае можна сказаць пра разьлічаных на іншыя розныя аўдыторыі гіпстара Сянькевіча, «Нізкіз» — 15 гадоў таму аналягічныя хлопцы слаба разумелі па-беларуску. Цяпер лічаць за абавязак мець у рэпэртуары песьні на мове. Значыць, на мову попыт ёсьць. Працуем далей.

Андрэй Скурко, для Tuzin.fm

Экспэрт Tuzin.fm Андрэй Скурко — журналіст, музыка, галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва». Нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Крывічы Мядзельскага раёну. Скончыў факультэт беларускай філялёгіі БДУ (2000). Аўтар «Нашай Нівы» ад 1998-га, ад 2000-га — намесьнік галоўнага рэдактара. З 2006 — галоўны рэдактар. Абраны таксама намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру. Адзін са стваральнікаў і ўдзельнікаў рок-гуртоў «Цмокі» (1997) і «Band_A» (2006), некаторы час граў таксама ў гурце «Без билета».