!OUT: апошні выдых авангарднай рэвалюцыі часоў Адраджэньня (рарытэт!)
1967 / 1
30.04.2016

!OUT: апошні выдых авангарднай рэвалюцыі часоў Адраджэньня (рарытэт!)

На праваслаўны Вялікдзень Tuzin.fm прэзэнтуе рарытэт ад вакальнага бэнду «Камэрата», які ніколі не выдаваўся і не зьмяшчаўся ў сеціве — эпахальны канцэрт-прэзэнтацыя праграмы «Бог сярод нас», які прайшоў у Белдзяржфілярмоніі 21 год таму.

Прэзэнтацыя праграмы «Бог сярод нас» па сутнасьці сталася апошнім выдыхам авангардовае рэвалюцыі часоў Перабудовы й Адраджэньня. Запіс лічыўся страчаным і надоўга стаў бяздоказнай легендай для абраных адмыслоўцаў.

13 траўня 1995 году менскі вакальны бэнд «Камэрата» прэзэнтаваў у Белдзяржфілярмоніі сваю новую праграму «Бог сярод нас». Вялікая сцэна была аздобленая мастакамі-дэкаратарамі ў чорных і чырвоных колерах. У фае прадаваўся аднайменны альбом на касэтах й кампакт-дысках з подпісамі музыкаў. CD-носьбіт тады яшчэ быў экзотыкай для нашых абсягаў, таму каштаваў вялікіх грошай. Праграмка канцэрту мела выгляд 12-старонкавага буклета. Тры старонкі ў ім займаў тэкст Зьмітра Падбярэзскага. Крытык, у прыватнасьці, назваў «Камэрату» «сапраўднай зоркай беларускае музычнае сцэны, што раней была гадкім качанём» і канстатаваў, што «калектыў здолеў апярэдзіць час».

Касэтная вокладка студыйнай вэрсіі праграмы

Пэрыяд агульнага творчага выбуху згадвае адзіны ўдзельнік «Камэраты», які ў бэндзе ад самага пачатку й дагэтуль, Аляксандар Доўнар: «Хаос! Тады зьявілася шмат магчымасьцяў. Рабі, што хочаш, — цябе ўсё роўна зразумеюць. Не існавала ніякіх рамак. Калі камусьці не спадабаецца, гэта ягоныя праблемы. Нават поўнае трызьненьне каціла! Было цікава й ня сумна». Дадае былы калега Доўнара па «Камэраце» Ігар Мельнікаў: «Прыйшла хваля свабоды. Дазволілі рабіць усё. Памятаю, што не на гэтым канцэрце, але таксама на сцэне філярмоніі мастакі-авангардысты нават сьвіныя галовы раскладвалі. Хаця здарыўся, канечне, скандал».

Стваральнікам і асноўным аўтарам «Камэраты» ў першы пэрыяд яе існаваньня стаў Алег Шыкуноў. Праграма, прэзэнтаваная ў 1995-м у філярмоніі, была цалкам створаная на ягоную музыку. Хаця, як і ніхто іншы з чальцоў «Камэраты», спадар Алег ня меў ні кампазытарскае, ні вакальнае адукацыі. Толькі харавую. Містэрыю «Бог сярод нас» утваралі восем карцінаў са Старога Запавету. Буклет зьмяшчаў адпаведныя тэксты ў расейскамоўным перакладзе. «Шыкуноў ня быў надта рэлігійным чалавекам, але зьяўляўся эрудытам і генэратарам ідэяў», — заўважае Доўнар.

Праграмка да прэзэнтацыі 13 траўня 1995 году

Варта зазначыць, што па стане на 1995 год вакальны бэнд пад кіраўніцтвам Алега Шыкунова існаваў ужо 9 гадоў, аб’езьдзіў з канцэртовымі турамі Расею ды Ўкраіну, выступіў на самых прэстыжных джазавых конкурсах постсавецкае тэрыторыі. Болей за тое, «Камэрата» пасьпела ў 1991 годзе запісаць альбом «Сплін» на фірме «Мэлёдыя», а пасьля зладзіла двухтыднёвае турнэ па Злучаных Штатах. Другі альбом «Бог сярод нас» запісваўся ў Мазыры, дзе месьцілася найлепшая беларуская студыя таго часу. У параўнаньні са студыйнай вэрсіяй араторыі, зьмест філярманічнага канцэрту адрозьніваўся тым, што акапэльныя нумары разбаўляліся інструмэнтальнымі імправізацыямі ад запрошаных гасьцей. Ігар Мельнікаў ацэньвае атрыманы сымбіёз: «Быццам бы кожны існаваў паасобку, але ўсё спляталася ў адно цэлае, у межах адной канцэпцыі».

Каб паўдзельнічаць у містэрыі, у Менск прыехаў адзін з найважнейшых ансамбляў на савецкай і пост-савецкай фры-джазавай сцэне «Архангельск» на чале з саксафаністам-самавукам Уладзімерам Рэзіцкім, а таксама з Масквы на кароткі час вярнуўся кампазытар і вядучы савецкі арганіст Алег Янчанка, які пачынаў кар’еру ў беларускай сталіцы яшчэ ў 1960-х. З ганаровымі гасьцямі вакальны бэнд супрацоўнічаў не ўпершыню. Перад тым Янчанка задзейнічаў «Камэрату» ў сваіх сымфоніях «Мікелянджэла» й «Апакаліпсіс». А з фры-джазавай фармацыяй «Архангельск» у менскага бэнду ўвогуле зьвязаныя бадай самыя вясёлыя ўспаміны, датычныя атмасфэры канца 80-х — пачатку 90-х. Распавядае вакалістка й кампазытарка «Камэраты» Вольга Вераб’ёва: «У Архангельск мы езьдзілі разы тры, напэўна. Музыкі садзіліся ўвечары на цеплаход, джэм-сэйшан усю ноч, раніцай гэты цеплаход прыбываў на Салаўкі. Там купаліся ў Сьвятым Возеры. Памятаю, журналісткі настолькі разьнявольваліся, што плавалі голымі. Пасьля такім жа складам мы ехалі па іншых фэстывалях — у Казань, Ніжні Ноўгарад…»

Шпулька з запісам канцэртнай прэзэнтацыі 1995 году

На прэзэнтацыі праграмы «Бог сярод нас» склад «Камэраты» ўяўляў сабой вакальны сэптэт: Алег Шыкуноў, ягоная жонка Тацьцяна, Вольга Вераб’ёва, Аляксандар Доўнар, Ігар Мельнікаў, Тацьцяна Дробышава ды Юлія Караткевіч. За гук адказваў Ігар Шлопак. Ён зафіксаваў большую частку канцэрту — 42 хв. Самой «Камэраце» заставалася яшчэ выканаць два нумары. Між іншым, чальцы вакальнага бэнду не выключаюць, што тую пампэзную падзею цалкам здымала БТ (Шыкуноў мусіў пра тое паклапаціцца), аднак прамых доказаў ня маюць. Тым больш, што свайго першага кіраўніка яны болей і ня бачылі. «Алег ведаў, што пакіне Беларусь. Але нам нічога не сказаў. Таму ён і падрыхтаваў такое трохі жалобнае аздабленьне сцэны. Калі я зайшла ў залю, мне нават стала трохі страшна. Мы ня думалі, што гэта будзе разьвітальны канцэрт. Ён зьехаў у Амэрыку і не вярнуўся», — згадвае Вольга Вераб’ёва. Алег Шыкуноў забраў з сабой у ЗША ўсе партытуры, лічачы, што гісторыя «Камэраты» на тым скончаная. Аднак музыкі вырашылі працягнуць.

Новым кіраўніком бэнду ў тым жа 1995 годзе быў абраны Ігар Мельнікаў. На думку Ігара, кар’ера кампазытара ў Шыкунова не атрымалался: «Застаўшыся тут, ён бы дамогся значна большага. Прынамсі, быў бы вельмі заўважнай і значнай фігурай у беларускай культуры. У Амэрыцы такая сур’ёзная музыка нікому непатрэбная. Яна бліжэй для Эўропы».

«Камэрата» пачатку 1990-х — зьлева направа: Тацьцяна Шыкунова, Ігар Мельнікаў, Тацяна Дробышава, Тацяна Скавінская, Аляксандар Доўнар, Вольга Вераб’ёва, Алег Шыкуноў

Дадамо, што араторыя Алега Шыкунова «Бог сярод нас» пасьпела прагучаць неаднойчы ды ня толькі ў Менску, але й падчас выступаў «Камэраты» ў Расеі й Швэйцарыі. Кампэнсуем няпоўны запіс зь філярмоніі ня менш грандыёзнай кампазыцыяй з джаз-фэсту ў Архангельску ў 1992 годзе, які нам ласкава прадаставіў брытанскі выдавец Леа Фейгін. Гэта супольны джэм, у якім удзельнічаюць адныя мастадонты авангарду й джазу з розных куткоў плянэты: уласна «Камэрата» й «Архангельск», Саінхо Намчылак, Уладзімер Тарасаў, Уладзімер Волкаў, Дрор Фэйлер, Кэн Хайдэр, Ханс Шутлер, Робэрто Бэлатала, Сяргей Манукян ды многія іншыя. Відавочна, што на здабытай на зломе 80-х і 90-х энэргіі «Камэрата» й трымаецца цяпер. Таму нізкі паклон ёй за гэта.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Фотаздымкі й шпулька з запісам канцэрту прадастаўленыя Ігарам Мельнікавым

КАМЕНТАРЫ: