TonqiXod распавёў пра сваю музыку ў трох словах (прэм’ера!)
3379 / 3
07.04.2016

TonqiXod распавёў пра сваю музыку ў трох словах (прэм’ера!)

Гурт TonqiXod прэзэнтуе на Tuzin.fm міні-альбом «Лямант, хаос і вэрхал». На думку музыкаў, менавіта гэтыя тры словы характаразуюць іх музыку ды перадаюць зьмест, як EP, так і іх будучага поўнафарматніка.

У EP увайшло тры кампазіцыі, якія ўжо гучалі на жывых выступах гурту, але не былі запісаныя. «Пасьлядоўнасьць трэкаў не выпадковая, кампазыцыі як музычна, так і сэнсава перагукаюцца, месцамі перацякаюць адна ў адну. Можна сказаць, што гэта досыць канцэптуальны міні-альбом. Спачатку гэта холад, трымценьне, нерухомасьць, капітуляцыя і абмаражэньне. Але потым унутраная пульсацыя надломвае крыгу і вырываецца нястрымнай плыньню, абрынаецца долу крыніца жыцьця і адначасова крыніца разбурэньняў», — распавядае вакаліст гурту Ўладзь Лянкевіч. Музыка зазначае, што абраная назва добра пасуе пад іх музыку — такі кароткі зьмест у адной фразе.

Уладзь Лянкевіч

«Канцэпцыя ЕР для нас асабіста была ў тым, каб зьмясьціць у міні-альбоме кароткі зьмест будучага другога поўнафарматніка, — кажа суаўтар музыкі і клявішнік гурту Макс Субач. — І на мой погляд гэта атрымалася: „Камняпад“ мае просты запамінальны матыў, так бы мовіць, для масаў. „Лямант“ — разгорнутыя вакальныя і інструмэнтальныя імправізацыі, а „Марозная“ — нешта паміж імі абедзьвюма: папсовенькія лірычныя матывы ўперамешку з закручанымі адступамі, каб не засумаваць».

Макс Субач

«Марозная», вядомая з праекту «Новае пакаленьне на Новы год», у студыйным варыянце была выкананая безь Сяргея Пукста, але затое пры ўдзеле Віктара Сямашкі, які падыграў у гэтым трэку на флейце. Апроч яго, да трыё далучылася блюзавая і джазавая сьпявачка Вольга Бяляева, якая выканала вакальную партыю ў другім трэку — уласна лямант ейны, часткова. «У гэтым творы ўпершыню для нас гучыць жаночы вакал, які запісала Вольга — мы да яе хадзілі на ўрокі вакалу, праўда, закінулі неўзабаве. Наогул жа ў гэтым трэку лямант па поўнай праграме, галосіць немаведама хто — мы самі блытаемся і ня можам зразумець, дзе там чый голас», — распавядае Ўладзь Лянкевіч.

Андрэй Аляксеенка

Пра заключную кампазыцыю «Камняпад» музыкі кажуць так: гэта самая іх кароткая песня. Яна атырмалася вясёлай і лёгкай, і TonqiXod заклікае яе падпяваць на канцэртах задорнымі галасамі. Матэрыял запісваўся на Mapletree Studio і ўласнай студыі гурту, а зводзіў Павал Сініла са студыі EverestMedia. Вокладку да міні-альбому зрабіла мастачка і дызайнэрка Васіліса Паляніна-Календа.

Гурт пачаў краўдфандынгавую кампанію ў падтрымку свайго другога студыйнага альбому.

З нагоды выхаду міні-альбому «Лямант, хаос і вэрхал» вакаліст (ён просіць не называць яго лідэрам) гурту TonqiXod Уладзь Лянкевіч распавёў у вялікім інтэрвію Сяргею Будкіну пра сваё імкненьне застацца ў вяках і пра непрыманьне батлаў, а таксама патлумачыў, чаму другі альбом гурта важнейшы за яго другі паэтычны зборнік

TONQIXOD — Лямант, хаос і вэрхал (2016)

музыка — TonqiXod, словы — У. Лянкевіч

Максім Субач вакал, клавішы

Андрэй Аляксеенка барабаны

Уладзімер Лянкевіч вакал, гітары

Віктар Сямашка флейта (1)

Вольга Бяляева вакал (2)

зьвядзеньне і майстарынг — Павал Сініла

вокладка Васіліса Паляніна-Календа

фота Аліса Ахрамовіч

 Спампаваць міні-альбом «Лямант, хаос і вэрхал» адным файлам з Tuzin.fm (.ZIP)

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    16.04.2016 / 00:43

    І што б гэта значыла... Асабліва другая "песня".

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    19.04.2016 / 15:22

    Марозная вашчэ агонь!

  • Jauhien / адказаць
    10.05.2016 / 01:36

    Шыкоўна! Дзякуй вялізны!

  • КАМЕНТАВАЦЬ