Яўген Калмыкоў: «Ляпіс» скончыўся, калі мы перасталі быць роўнымі
1891 / 1
15.03.2016

Яўген Калмыкоў: «Ляпіс» скончыўся, калі мы перасталі быць роўнымі

Былы дырэктар і прадусар «Ляпіс Трубяцкі» пракамэнтаваў сытуацыю, зьвязаную з творчай спадчынай ды выклаў сваю вэрсію падзеяў, зьвязаных са зьяўленьнем гуртоў Brutto i Trubetskoy.

«Ляпіс Трубяцкі» спыняў сваё існаваньне шумна і весела — Міхалок паўжартаўлівым тонам абвесьціў пра самароспуск, гурт даў разьвітальны тур ды ціха-мірна распаўся на дзьве часткі — Міхалок у Brutto агітаваў за здаровы лад жыцьця, а Trubetskoy — за дэнс, адрыў ды рок-н-рол. Але спакой доўжыўся нядоўга — Міхалок спачатку выступіў з заявай, у якой распавёў, што распаўся «Ляпіс» празь несупадзеньне поглядаў, празь некаторы час ён ахарактарызаваў творчасьць сваіх былых паплечнікаў, як «гаўно» ды «круты ракенрола для бухіх мяшчанаў». Зрэшты, ад гэтых словаў музыка потым адмовіўся (Brutto заявілі, што іх акаўнты ўзламалі і Міхалок гэтага не пісаў), каб потым іх фактычна пацьвердзіць і забараніць гурту Trubetskoy выконваць песьні «Ляпісаў», назваўшы калегаў «сэпаратыстамі ды рэйдэрамі, што захапілі „спадчыну вялікага гурта“». І вось апошняя заява Міхалка — ён зноў дазваляе выконваць песьні «Ляпісаў» тым, з кім ён іх калісьці ствараў.

Trubetskoy у гэтай сытуацыі абраў тактыку маўчаньня. Гурт выдаў альбом песень, напісаных самастойна і зьвёў да мінімуму выкананьне старой спадчыны. На выпады Міхалка яго ўдзельнікі папросту не адказваюць. Аднак, з нагоды апошняй заявы экс-лідэра «Ляпісаў», яго даўні паплечнік Яўген Калмыкоў, які амаль 20 гадоў быў у гурце дырэктарам і прадусарам ды заснаваў зь Міхалком творчае аб’яднаньне «Дзеці Сонца», зрабіў адзінае выключэньне і даў інтэрвію Сяргею Будкіну для Budzma.by, каб патлумачыць сваю пазыцыю.

— Міхалок дазволіў цяперашняму вашаму гурту Trubetskoy выконваць песьні з рэпэртуару «Ляпіса Трубяцкога». Вы радыя?

— Гэта мы ўжо праходзілі — былі дазволы, потым забарона, потым зноў дазвол. Trubetskoy з гэтага пачаўся, калі Міхалок нам сказаў: уся гэтая спадчына ваша, пакінуў нам, як ён сам сказаў, усё — песьні, імя, традыцыі. Потым была забарона — усім можна выконваць песьні «Ляпісаў», толькі не гурту Trubetskoy. Цяпер, аказваецца, нам зноў можна. Значыць, можна меркаваць, што неўзабаве будзе нельга. Наогул жа гэта выглядае на прыватнаўласніцкую дробную валтузьню і знаходзіцца ў той плоскасьці, якая ў мяне прыватна выклікае гідлівасьць.

— Чыста юрыдычна — каму належаць правы на песьні «Ляпіса Трубяцкога»? Каму ідуць аўтарскія ад ратацыі песень?

— Міхалку. Усе кампазыцыі да нядаўняга часу знаходзіліся ў ТАА «Дзеці сонца». Нядаўна я пералічыў увесь гэты даробак прадстаўнікам аўтараў. Мы ня хочам спрэчак на гэты конт, хоць і ёсьць заканадаўчыя кручкі на конт таго, каб які заўгодна гурт выконваў тое, што ён хоча. І мы гатовыя з канцэртаў за выкарыстаньне песень «Ляпісаў» пералічаць грошы аўтару. Мы ня супраць гэтага. Хоць у той час, калі мы яшчэ размаўлялi, ён сам казаў, што яму нічога ня трэба.

— Чаму вы цалкам аддаеце аўтарскія? Няўжо ўнёску іншых у гэтыя песьні няма?

— Ніхто не разьбіраўся ніколі ў тым, хто дзе што прыдумаў. Так, асноўную частку рабіў Міхалок, але гэта была і сумесная праца. Мы ніколі ў гэтым ня корпаліся і паўсюль цьвердзілі, што мы банда, сям’я і гэта ўсё нас аб’ядноўвае. Між намі не было ніякіх дамоваў і ў гэтым была наша фішка. Таму і цяпер ня хочацца пэдаляваць гэтую тэму і казаць: гэта і нашы песьні таксама! Нейкі цырк выходзіць, мы проста маўчым на гэтую тэму.

— Наколькі можна зразумець, закід Міхалка ня ў тым, што Паша Булатнікаў працягвае сьпяваць «Яблони» і «Котик», а ў тым, што цяперашнія ўдзельнікі гурта Trubetskoy бяруцца за выкананьне яго рэвалюцыйнай і бунтарскай лірыкі ды яшчэ і на сцэну выходзяць у той жа адзёжы па ска-панку.

— Так ніхто не чапаў гэтыя «рэвалюцыйныя» песьні. А заява наконт таго, што музыканты з «Трубяцкога» шорцікі не зьмянілі пад час выступу на сваім першым фэстывалі, выглядае сьмешна — лета ж на двары. І шорцікі яму пакінулі ўрэшце, цяпер мы ў штанішках і пры матылях (сьмяецца).

— Дзе праходзіць гэтая лінія: што «Трубяцкому» можна граць з рэпэртуару «Ляпісаў», а што не?

— На той гістарычнай сустрэчы, дзе абмяркоўваліся пытаньні падзелу маёмасьці, размова наогул вялася толькі пра некалькі песень канкрэтных, якія Міхалок прасіў не сьпяваць, як «Железный», «Капитал», «Я верю», «Воины света». «Огоньки» аднойчы Паша засьпяваў, дык мы прасілі яго болей гэтага не рабіць, бо гэта таксама асабістая песьня для Міхалка. А наконт пратэсту, то першапачаткова ня толькі ён быў носьбітам гэтай ідэі ў гурце.

А хто яшчэ?

Напрыклад, Аляксандар Бергер, прэс-аташэ «Ляпіса Трубяцкога». У сваім свежым інтэрвію Міхалок зазначыў, што Бергер быў з той часткі гурта, якая падзяляла ідэалёгію старых «Ляпісаў» і не выказвалася палітычна. У той жа час менавіта Бергер пастаянна падкідаў Міхалку прапановы падпісаць лісты пратэсту, зьняць ролік у падтрымку палітвязьняў, беларускіх анархістаў ці Pussy Riot, угаворваў выступіць на тым ці іншым мітынгу. І Міхалок не заўсёды прымаў гэтыя прапановы. Праз удзел Бергера ў мітынгах і выказваньне наконт мілітарызацыі фэстывалю «Нашествие», Trubetskoy, напрыклад, трапіў у стоп-ліст «Нашего радио». Дзе наогул фота каго-небудзь з Brutto, дзе яго вяжуць і кудысьці цягнуць?

Аляксандра Бергера затрымліваюць на апазыцыйным шэсьці ў Маскве, 21 лютага 2014, фота Дзяніса Бачкарова

Тым ня менш, цяпер гурт Trubetskoy падкрэсьлена апалітычны.

— Так, мы для сябе так вырашылі. Занадта шмат ёсьць сілаў, якія разьядноўваюць людзей, і занадта мала прысутнічае таго, што можа паяднаць. Мы выступаем, як у Беларусі, так і Расеі, так і ва Ўкраіне. Але ў палітычных мерапрыемствах удзелу не бярэм. Дарэчы, да апошняга дня існаваньня «Ляпісаў» такой жа пазыцыі прытрымліваўся і Міхалок.

— Дык калі адбыўся гэты злом у адносінах паміж Міхалком і цяперашнім «Трубяцкім»? Вы ж, і той жа Бергер нават здымаліся ў кліпе Brutto.

— На той момант мы яшчэ сябравалі і плянавалі сумесную будучыню. Гітару ў першым альбоме Brutto запісаў Руслан «Пан» Уладыка зь «Ляпісаў», як табе такое? Думаю, гэта быў паэтапны працэс перараджэньня. Пачалося з новай назвай, якая была патрэбная гурту, каб абыйсьці забароны, якія пасыпаліся на «Ляпісаў». Потым па ходзе справы ўзьнікла ідэя ў Міхалка: маўляў, а давайце я зраблю свой склад, а вы зробіце свой склад, каб там граў Пан, а Паша сьпяваў, бо неяк няёмка — сябры ж. І з таго часу мы пайшлі кожны сваім шляхам.

— Давайце тады адкруцім крыху назад. Рашэньне аб спыненьні дзейнасьці «Ляпіса» прымаў асабіста Міхалок ці яно было агульным?

— «Ляпіс» скончыўся, калі скончылася ідэя. Яна проста перастала працаваць. Мы гралі ў анарха-бэнд, шчыра гэта рабілі. У анархістаў галоўны прынцып — Карабаса Барабаса няма, як няма і падначаленых, мы роўныя між сабою. Калі мы перасталі быць роўнымі — гурт скончыўся. Калі сярод роўных зьявiўся Гаспадар, ідэя пайшла па швах, бо лідэру не патрэбная крытыка, не патрэбнае меркаваньне іншых. І калі Сяргей стварыў Brutto, і сказаў, што далей разам не працуем, усё было арганічна для астатніх музыкаў. Бо ўжо было немагчыма — ён на нас касіўся, год разам зь «Ляпісам» езьдзілі яго спартоўцы, ён размаўляў усё больш зь імі, усё менш з намі — які ж гэта анарха-сындыкат. А як адбылося афіцыйнае абвяшчэньне пра разыход, частка гурту ўздыхнула з палёгкай.

Маеце на ўвазе зварот Міхалка з Канаў?

— Тады размова вялася акурат пра рэбрэндынг калектыву, прынамсі так гучала зь яго вуснаў. А потым выйшла так, што ён стварыў анарха-сындыкат, казаў пра любоў і братэрства назаўжды, але пры гэтым думаў ужо пра іншае і ствараў зусім іншае, зь ягоных жа далейшых заяваў гэта вынікае. І потым з гэтымі жа ідэямі братэрства ён даў нырца ў Brutto. Дык а цана гэтаму братэрству — нуль. Няхай сабе пайшоў у іншую сям’ю, але навошта гаўно ліць, гэта супярэчыць нашым ідэям. Непрыемна і вульгарна.

Яўген Калмыкоў у кліпе на песьню «Brutto»

— Што патрэбна сапраўднаму Міхалку? У тым ліку ад вас? Наўрад ці тут прычына ў грошах.

— Ведаеш, у яго песьня была на пачатку кар’еры, неапублікаваная. З прыпевам: «Любите, любите, любите, любите, любите меня/Без вашей любви я погибну или сойду я с ума». Мабыць, яму патрэбная любоў. Міхалок вельмі таленавіты і вельмі працавіты, а калі ты шмат аддаеш, прырода патрабуе нечага наўзамен.

— Вы ўсялякую камунікацыю між сабою прыпынілі?

— У мяне засталіся ўсё тыя ж сябры. Але Міхалка сярод іх я ня бачу.

— Якая атмасфэра цяпер у гурце Trubetskoy?

— Мы працягваем унутры калектыву тую ж ідэю — у нас няма галоўнага, ёсьць дарадчы камітэт, усе рашэньні прымаюцца сумесна, ганарар разьмяркоўваецца пароўну і гэтак далей. Гэта складана. З моцным, вялікім і разумным павадыром, канечне, куды прасьцей. Аднак, мы яшчэ так у юнацтве вырашылі, і я гэтым ідэалам па-ранейшаму адданы. Ну так, Булатнiкаў любiць дарагiя аўто i сiгары, Але ж, Фідель iх таксама любiў (сьмяецца).

У гэтым сэнсе мне спадабалася тлумачэньне мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча: адзін чалавек — гэта кропка ў прасторы, калі два чалавекі — ужо можна прамую правесьці, а кожны аб’ект — гэта галаграма, аб’ёмная выява, яна складаецца з мноства кропак. Так і з пунктам гледжаньня. Такімі жа прынцыпамі кіруюцца, напрыклад, «Серебряная свадьба» і Noize MC. Яны нараджаюць агульнае меркаваньне ў бясконцых спрэчках між сабою. Хоць у кожным гурце і ёсьць яркавыяўлены лідар, ён ня кажа: пайшлі ўсе ў дупу, я так вырашыў.

Яўген Калмыкоў на здымках кліпу на «Magister Bibendi»

— Які вам бачыцца далейшы шлях «Трубяцкога»? Ці ёсьць у вас адчуваньне, што альбом «Magister Bibendi» спрацаваў? 

— Неяк Мышкевiч i Старажук пасьля запісу чарговага сынглу сказалі, што хочуць граць цяжкую музыку, а папсу ім граць нецікава. І альбом вырашана было запісаць менавіта ў такім рэчышчы. А колькі на нашых прасторах прыхільнікаў такой музыкі?.. Тым ня менш, лічу, што збольшага альбом сваю задачу выканаў. Ён нам даў разуменьне, што з дапамогай сваіх новых песень мы можам сабраць у больш-меньш вялiкiм горадзе ад 300 да 1500 чалавек. Больш за тое — яна трохі ўзрасла, калі мы пачалi асноўную частку праграмы складаць з новых песен. Цяпер Паша згадвае «Яблони», «Котика» там ці яшчэ што-небудзь. Але людзі ходзяць на нашы канцэрты не дзеля караценькага бісу. Магу сказаць, што наступны наш альбом ня будзе падобны да гэтага. Ёсьць новыя музычныя ды іміджавыя ідэі, якія мы неўзабаве рэалізуем.

— Вас задавальняе, што Trubetskoy зьбірае некалькі сотняў людзей?

— А мы не плянавалі адразу паставіць плянэту на вушы. Мы разумелі, што з нашым альбомам мы ня трапім на радыё, што нас ня будзе ў поп-індустрыі. «Ляпіс» зьбіраў значна больш людзей, бо ішоў да гэтага 20 гадоў. Я шмат размаўляў з тымі музыкамі, якія былі ў падобнай сітуацыі — з Чачам з «Наіву» ці з Кагадзеевым з «НОМу». У «Агаты Кристи» спытай пра гэта, напрыклад. Калі гурт-брэнд распадаецца на дзьве часткі, гэта ня значыць, што яго публіка падзеляецца на дзьве часткі. Проста ў 10 разоў менш народу будзе хадзіць, як на адну, так і на другую частку. Гэта просты закон — брэнд трэба разгайдаць, каб ён працаваў. У нас дагэтуль ідуць тэлефанаваньні: «добры дзень, мы хочам запрасіць гурт „Ляпіс Трубяцкі“». А для кагосьці, быць можа, толькі нядаўна дайшло, што ёсьць такая каманда.

— Чаму бы тады не ўвасабляць свае ідэі пад назвай, якая не зьвязаная зь мінулым?

— Зноў мяняць назву? Не, мы ўжо назваліся Trubetskoy. Канечне, мы бы ні за што не ўзялі гэтую назву, каб ведалі, што будзе далей. Нам гэта цяпер у мінус, але мы ўжо заявілі пра гэта. Старажук ужо дзядуля. Ён сказаў: я — Trubetskoy. І што яму мяняць сваю пазыцыю пад уплывам нейкай каньюнктуры? Мужчыны так ня робяць.

«Ляпіс Трубяцкі», разьвітальны канцэрт у Вільні, 2014 год

— Пры якіх умовах «Ляпіс Трубяцкі» можа сабрацца разам?

— Калі і можа гэта сёньня адбыцца, то толькі дзеля грошай. Іншай прычыны ня бачу. Можа быць дзеля вялікай і сьветлай дабрачыннай ідэі. Але ж гэта трэба, каб яшчэ кожны з музыкаў пад гэтым падпісаўся. Міхалок там казаў у сваім нядаўнім інтэрвію, што можа паціснуць руку кожнаму з былых калегаў. Але ці захочуць калегі паціскаць яму руку, бо нехта можа паціснуць, а нехта і не. 

— Выходзіць вы ворагамі між сабою сталі?

— Я вырашыў пагаварыць пра гэта ня дзеля таго, каб выкрыць Міхалка ці злавіць яго на нечым, а распавесьці пра ідэю, бо гэта галоўнае. Пра ідэю, якая людзей аб’яднала і што зь ёю стала цяпер. Сакрэт папулярнасьці «Ляпіса» быў ня толькі ў таленавітым, разумным і абаяльным чалавеку, але і ў тым, што мы ўсе працавалі на адну ідэю і ўмелі дамаўляцца доўгі час. Цяпер мы асірацелі, але варушымся, каб працягнуць гэтую ідэю. Вось Пан кажа, што не зрабіў яшчэ сваю найлепшую песьню і абавязкова яе зробіць у будучыні. І дзеля гэтага я зь імі.

Не хачу быць неўдзячным яму. Гэта быў вельмі цікавы шлях. Магу шмат за што падзякаваць Міхалку. І зусім не пра што не шкадую. Калі б не яго «актыўны ўдзел» у жыцьці «Трубяцкога», дык можа свой першы альбом мы дагэтуль запісвалі.

Арыгінал матэрыялу (па-беларуску і па-расейску)

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm, для budzma.by

КАМЕНТАРЫ: