!OUT: Essa выдала сумесны альбом зь легендай летувіскага джазу (аўдыё/відэа)
3184 / 1
11.03.2016

!OUT: Essa выдала сумесны альбом зь легендай летувіскага джазу (аўдыё/відэа)

Гурт Essa прэзэнтуе на Tuzin.fm другую частку свайго дэбютніку «Niamiha», які быў запісаны пры ўдзеле саксафаніста зь Вільні Петраса Вішняўскаса ды падлеткаў зь мястэчка Ракаў.

Этна-авангардовы гурт Essa выдаў свой першы альбом на дзьвюх кружэлках: адна ў выглядзе кампакт-дыску змяшчае аўдыё- і відэа-матэрыялы, а другая папросту выразаная з наждачнае паперы. У сваю чаргу CD таксама разьбіты на дзьве часткі: трэкі №1—10 — гэта аднайменная з альбомам кампазызыцыя «Niamiha», прэзэнтаваная летась; трэкі №11—14 — гэта кампазыцыі, народжаныя падчас гукасэіі ў занядбаным ангары на ўскраіне мястэчка Ракаў. І яшчэ некалькі вонкавых дэталяў:

кардонная вокладка альбома аздобленая графікай народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча;

базу для імправізацыяў складаюць ня толькі беларускія, але летувіскія народныя сьпевы;

у арсэнале Essa — самаробныя інструмэнты (канклес) ды індустрыяльныя аб’екты (бляха, арматура).

Калі кампазыцыю «Niamiha» стваральнікі гурту Essa Тодар Кашкурэвіч і Вольга Дзядовік запісалі ўдвох ва ўласнай ракаўскай хаціне, то да гукасэсіі ў ангары далучылася троіца мясцовых падлеткаў і трыё зь Вільні. То бок, агулам 8 чалавек. Галоўнай фігурай летувіскага дэсанту, безумоўна, стаў Петрас Вішняўскас, чыё імя здаўна ўваходзіць у сусьветныя джазавыя анталёгіі. Петрас ужо колісь супрацоўнічаў з Тодарам ды Вольгай у межах праекту «Цішы Лабаноры». Таму ў 2014 годзе саксафінаста пагадзіўся завітаць у Беларусь ізноў, тым больш, што акром ракаўскае сэсіі, для яго адмыслова арганізавалі канцэрт у Менску. «Гэта быў такі ж экспэрымэнт, бясконцае жаданьне што-небудзь спрабаваць. Фактычна ідея запрасіць Петраса і зрабіць імпрэзу ў к/з „Мінск“ — усё гэта было толькі для таго, каб прыцягнуць яго да нас у ангар», сьмяецца Вольга Дзядовік.

Склад:

Тодар Кашкурэвіч — бляха, смык, канклес, арматура;

Вольга Дзядовік-Кашкурэвіч — сьпеў, канклес;

Петрас Вішняўскас — сакс, арматура;

Рыціс Камічайціс — табла;

Гвідас Кавера — канклес, дрымба, шархуны;

Сабіна Пятроўская — сьпеў;

Дамінік Пятроўскі — бляха;

Павал Ламбовіч — пэркусія.

Прэзэнтацыя дэбютнага альбома гурту Essa, мажліва, адбудзецца цягам гэтае вясны. Канкрэтных датаў музыкі пакуль не называюць. Інфармацыя на гэты конт мусіць зьявіцца на афіцыйным акаўнце гурта.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота — Ігар Мартынаў

КАМЕНТАРЫ:

  • Віктар Сямашка / адказаць
    11.03.2016 / 21:09

    Інфа ад Тодара. Прэзэнтацыя адбудзецца 19-га сакавіка, а 18-й гадзіне ў этнакраме "РАГНА" ў Менску.

  • КАМЕНТАВАЦЬ