Павал і Алена Аракеляны прадставяць праграму «Песьні пра каханьне» (+відэазапрашэньне)
4303 / 0
24.02.2016

Павал і Алена Аракеляны прадставяць праграму «Песьні пра каханьне» (+відэазапрашэньне)

Вядучы беларускі джазавы музыка разам з выдатнай сьпявачкай даюць сумесны сольны канцэрт у межах акцыі «Жывы Тузін» 6 сакавіка ў бары «Beer&Wine».

Алена і Павал заснавалі свой — сямейны — праект ужо калі атрымалі прызнаньне паасобку. Паша здабыў сабе славу аднаго з найлепшых джазмэнаў краіны, які дасканала грае на саксафоне, фартэпіяна, флейце. Ён пайграў разам з Apple Tea, «Камэратай», Svet Boogie Band, Kriwi, стаў сталым удзельнікам праекту «Крамбамбуля», выступіў з сусьветнымі джазавымі знакамітасьцямі (Дэбора Браўн, Майк дэль Фэро, Сяргей Манукян ды іншыя) ды запісаў альбом сваіх кампазыцыяў з гуртом The Outsiders. Алена Аракелян праявіла сябе, як аўтарка песень для гурту Tanin Jazz, а вось у якасьці сьпявачкі паспрабавала сябе ўпершыню разам з братам.

У 2013 годзе Аракеляны выдалі дэбютны сынгл ды сталі даваць сумесныя канцэрты. Праўда да запісу паўнавартаснага альбому і пашырэньня межаў дуэту справа пакуль не дайшла. Ды і выступаюць Паша і Алена гады ў рады. «Цяпер мы вельмі рэдка граем разам зь Ленай у кожнага свае справы, свая праца. Але кожнае нашае спатканьне гэта абсалютнае творчае паразуменьне, таму кожны сумесны канцэрт выбітны, нягледзячы на дзіўную творчую разьбежку», — кажа Павал. 6 сакавіка яны выступяць у межах «Жывога Тузіна» з праграмай «Песьні пра каханьне», якая ўключае ў сябе і беларускамоўныя блюзы, і ангельскамоўны джаз, і песьні на вершы паэтаў срэбранага стагодзьдзя. Будзе шмат зусім новага матэрыялу, сярод іншага — прэм’ера кампазыцыі «Дакраніся, Анёл».

«Улічваючы тое, што нашы пляны на будучыню ніяк не зьвязаныя з творчасьцю, вельмі раім не прапусьціць адзін з нашых нешматлікіх канцэртаў, бо будзе весела і душэўна. І канечне ўсіх чакае шмат цікавай і разнастайнай музыкі!» — заяўляюць музыкі.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ ОН-ЛАЙН

Папярэдне квіткі таксама можна набыць ў пунктах продажу па Менску. 

6 сакавіка (нядзеля). 19:00. Бар Beer&Wine (вул. Кульман, 9). Павал і Алена Аракеляны з праграмай «Песьні пра каханьне». Кошт квітка (папярэдне) — 120 000 (танцпляц), 150 000 (столік), 180 00 (на ўваходзе, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Падзея ў Facebook/УКантакце

Tuzin.fm