Пяць прычынаў, каб палюбіць Сілку (+ВІДЭАЗАПРАШЭНЬНЕ)
3536 / 2
18.01.2016

Пяць прычынаў, каб палюбіць Сілку (+ВІДЭАЗАПРАШЭНЬНЕ)

Tuzin.fm папрасіў пяць вядомых у беларускай культурнай прасторы асобаў назваць прычыны палюбіць творчасьць музыкі з Наваполацку Стася Сілкі.

Летась Стась Сілка выдаў дэбютны альбом «Песьні для глуханямых», даў некалькі пасьпяховых канцэртаў, стаў адным зь пераможцаў «Бардаўскай восені — 2015» ды быў названы ў шорт-лісьце «Адкрыцьця году» за 2015 год па вэрсіі Tuzin.fm. Напярэдадні першага сольнага канцэрту ў Менску Tuzin.fm папрасіў асобаў, ужо знаёмых з творчасьцю маладога выканаўцы, распавесьці пра яго.

Прычына першая. Абаяльнасьць

Віталь Рыжкоў, паэт, музыка:

Неяк мне ў кантакце напісаў Стась з прапановай арганізацыі майго выступу ў Наваполацку, так мы і пазнаёміліся. Я яшчэ амаль ня ведаў, хто такі Сілка, толькі чуў пра яго ад свайго калегі Ўладзімера Булаўскага, — віцебскага каардынатару кампаніі «Будзьма беларусамі!». Стась, так бы мовіць, сьвежы чалавек, які не пасьпеў каму-небудзь нагадзіць, чымсьці расчараваць. Паважаю і люблю яго за абаяльную маладосьць і няўцягнутасьць у сталічныя кулюарныя цёркі.

Прычына другая. Яму верыш

Алесь Дзянісаў, музыка, рок-паэт, (су)заснавальнік гуртоў «КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki:

Нашае знаёмства адбылося ў Наваполацку выпадкова. Мы зь сябрамі вандравалі на роварах і каля Полацку трапілі пад моцную залеву, што ліла ўсю ноч. Вырашылі пашукаць у Полацку нейкі начлег, каб абсохнуць. Выйшлі праз гарадзенскіх студэнтаў-археолягаў на хлопцаў з фольк-дуэту «Кажаны». У той вечар яны ехалі сьпяваць на «кватэрнік» у Наваполацку, дзе акурат граў і Стась Сілка там зь ім і пазнаёміліся. Пазьней перасякаліся шмат разоў у Віцебску, Менску, Горадні. Разам гралі некалькі разоў: я з гуртом «Людзі на балоце» і Сілка.

З музычнага гледзішча Стасю трэба працаваць над вакалам. Некаторыя ягоныя тэксты падаюцца сырымі, недапрацаванымі. Гэта з аднаго боку. А з другога вось Стась выходзіць на сцэну і ты прабачаеш тое, што ён моцна хвалюецца. Я веру Стасю як чалавеку, і як музыку: ён вельмі шчыры, адкрыты, аптымістычны, з добрым пачуцьцём гумару. Мне падаецца, гэта галоўнае, калі ідзе размова пра творцу. Вось вам і прычына, каб любіць Сілку!

На фота зьлева направа: Васіль «Хіпар» Валошчык з гурта «Людзі на балоце», Сяргей Маркаў вядучы курсаў «Мова Нанова»  ў Віцебску, Стась Сілка і Алесь Дзянісаў, фота з асабістага архіву Алеся Дзянісава

Прычына трэцяя. Небанальнасьць

Міхал Анемпадыстаў, дызайнэр, графік, рок-паэт, публіцыст, фатограф, сябра журы фэстываля «Бардаўская восень 2015»:

Я з павагай і сымпатыяй стаўлюся да Стася. Мы адзначылі яго на «Бардаўскай восені», бо ён вылучаўся небанальным музычным складнікам. Я ў гэтым ня спэц, гэта адзначыў Вайцюшкевіч, і мы прыслухаліся да яго думкі. Наўрад ці за гэта можна палюбіць, але ён вылучыўся сярод іншых, зачапіў, спадабаўся… Думаю, каб набыць вядомасьць і любоў публікі, трэба пісаць запамінальныя мэлядычныя песьні з добрымі тэкстамі, тэхнічна і харызматычна іх выконваць, жадаць быць першым, мець талент. І яшчэ, каб шанцавала. Жадаю Стасю заставацца сабой! А палюбіць Сілку можна, калі даверышся сваім адчуваньням.

Прычына чацьвертая. Натуральнасьць

Алесь Аркуш, паэт:

Стась Сілка не прыкідваецца нейкім артыстам і слынным сьпеваком. Проста абаяльны малады чалавек, які любіць музыку. І музыка яго таксама любіць. Пры такой узаемнасьці абавязкова штосьці атрымаецца. Посьпеху гэтаму простаму мальцу з Полаччыны, які не баіцца сьпяваць песьні для глуханямых! Я быў на яго канцэрце ў Полацку і бачыў, як прыязна ўспрымае яго моладзь! Цяпер шмат залежыць ад яго самога. На колькі ў хлопца хопіць творчага запалу, на колькі хопіць трываласьці быць у беларускай культуры, якая па-ранейшаму знаходзіцца ў андэграўндзе.

Прычына пятая. Адчуваньне Слова

Сяргей Будкін, кіраўнік Tuzin.fm:

Вартыя павагі спробы маладых выканаўцаў пісаць па-беларуску, нават калі гэта крыва перакладзена з расейскай, выпакутавана са слоўнікам, нацягнута і штучна, прыблізна і каньюнктурна ад таго, што дужа хочацца выступіць на якім-небудзь паважаным фэсьце ці паўдзельнічаць у конкурсе. Але гэта не пра Сілку. Ягонае беларускае слова — пражытае, прадуманае і цалкам натуральнае. Ён, ясна, не вялікі паэта. Ён якраз тэкставік, яго словы выдатна кладуцца пад простыя акорды і трапляюць у самую душу. І маладых людзей, якія з такой далікатнасьцю і павагаю працуюць са Словам у музыцы, трэба яшчэ добра пашукаць.

Стась Сілка ў Полацку. Фота Алеся Аркуша

Першы сольны канцэрт Стася Сілкі ў Менску адбудзецца 30 студзеня ў 19:00. Квіткі можна набыць он-лайн і ў кропках продажу BezKasira.by

ДАЛУЧЫЦЦА ДА ПАДЗЕІ:  УКАНТАКЦЕ/FACEBOOK

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    19.01.2016 / 12:55

    З фэйсбуку Стася Сілкі:

    Шчыра кажучы, я думаў, што пасмяюся, як звычайна, калі хваляць мяне, але тут нешта кранула. Пяць першых прычын чаму я ўдзячны свайму жыццю.
    1. Калі я ў ліцэі яшчэ вучыўся не мог падумаць, што Віталь Рыжкоў на кватэры ў Наваполацку будзе мне расказваць пра тэорыю "рэпабудаўніцтва")
    1. Калі мяне пыталі, ці можна пусціць на кватэрнік нейкую кампанію з Гародні я не ведаў, што гэта Алесь Дзянісаў і выдатныя хлопцы з Гародні якія сталі добрымі сябрамі!
    1. Калі я ішоў на адбор "Бардаўскай восені", я не мог уявіць, што буду сядзець за адным сталом з Міхалам Анемпадыставым, які з дзяцінства быў для мяне крыху загадкай!
    1. Калі я стаў займаць сваё месца, я не думаў што мяне падтрымае хто-небудзь з Полацкага old school андэграўнда, Дзякуй, спадар Алесь!
    1. Калі я пачынаў займацца музыкай, я марыў каб пра мяне пісалі і рознае такое. А калі я перастаў пра гэта марыць, то з'явіўся Сяргей Будкін, які робіць каласальную работу, каб дапамагчы маім песням дайсці да слухача, дзякуй вялікі, буду вінаваты!

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    27.01.2016 / 17:27

    Я люблю Сiлку!)))

  • КАМЕНТАВАЦЬ