Šuma. Мастацтва саўнд-дызайну (аўдыё)
3238 / 3
16.11.2013

Šuma. Мастацтва саўнд-дызайну (аўдыё)

З нагоды рэлізу сынглу рэміксаў праекту Šuma сьпявачка Руся распавяла пра калябарацыю з жодзінскім электроншчыкам ды патлумачыла чаму не паказвае новыя творы.

Šuma remixes EP задуманы найперш дзеля адной мэты — прадставіць новых удзельнікаў праекту. Да дзяўчат далучыўся Нік Чорны, менскі кампазытар, прадусар электроннай музыкі, аранжыроўшчык. Раней ён працаваў разам з Aleksis Scorpio, хлопцы пісалі дып-гаўс. Калі Руся і Надзея Чугунова шукалі музыкаў для працы над праграмай жывога выступу, Нік прыйшоў да іх як клявішнік і музыка, што займаецца праграмінгам проста на сцэне, але па хуткім часе стаў са-прадусарам праекту. 

Да Šuma далучыўся таксама цікавы беларускі музыка з Жодзіна Dee Flack. «Мы ўзаемна адкрылі адно аднога. Яго ахвотна выдаюць у Вялікабрытаніі, а дома гэта звычайны хлопец, які мае талент, працу і крыху вольнага часу, каб пусьціць свой талент вонкі. Асабіста я вельмі люблю эстэтыку музыкі, якую піша Dee Flack. Да таго ж ён вельмі якасна гэта робіць. Для мяне нашае знаёмства стала нечакана прыемным зьдзіўленьнем», — апавядае Руся.

На сынгле рэміксаў таксама зьяўляецца Alex Goof, які працаваў ужо з праектам над ЕР «zołak», Гуф працягвае экспэрымэнтаваць у стылі mucon. 

Што да рэлізу з цалкам новым матэрыялам, то ён якраз рыхтуецца. Хоць выхад другога ЕР Šuma меркаваўся яшчэ на вясну 2013 году. «Рэліз меў назву, вокладку, быў падрыхтаваны да выхаду. Нават адбылася яго закрытая прэзэнтацыя для нашых сяброў, але выступ на фэстывалі „Джаз-Кактэбель“ зьмяніў нашыя пляны. Мы захацелі як мага хутчэй быць гатовымі да працы на сцэне сольна. Так спынілі ўсю іншую дзейнасьць акрамя падрыхтоўкі альбому і канцэртнай праграмы і цяпер занятыя выключна гэтым».

Цяпер Šuma працуе над паўнавартасным альбомам, які, як кажуць удзельнікі праекту, «пішацца ў чатыры рукі». У новых творах музыкі хочуць выявіць свой погляд на канцэпцыю гуку і ўласную стылістыку.

«Мы працягваем працаваць з рознымі прадусарамі электроннай музыкі і задумалі чарговую цікавую калябарацыю. Пакуль альбом рыхтуецца да выхаду, запрашаем вас паслухаць сьвежыя рэміксы. Жадаем выключна якаснага праслухоўваньня музыкі, з добрым гукам і камфортам, бо мастацтва саўнд-дызайну гэта правакацыя нашага ўяўленьня. Мы робім музыку зь вялікай асалодай і ўвагай да дэталяў. Як для сябе», — кажа Руся.

Tuzin.fm. фота — Вера Яромава

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.11.2013 / 16:12

    Неверагодны падыход да беларускага фальклёру. Красамоўны камэнтар з нагоды выхаду сынглу рэміксаў ад Shuma адного з слухачоў:
    "Вы ратуеце беларускую музыку ад праклёну калгаснасьці ды клянаваньня. Вы разумееце, што аўтэнтыка гэта выйсьце. Дзякуй вялікі за тое, што дорыце веру ў нешта сапраўднае".

  • Stan / адказаць
    16.11.2013 / 19:10

    Я не фанат электронікі, але гэта насамрэч звышвыдатна.

  • Мікалай / адказаць
    16.11.2013 / 19:39

    Супер!!! Выдатна!!!

  • КАМЕНТАВАЦЬ