Фіналістка «Засьпявай 2.0» К3tyvana выступіць разам з гуртом Hurma
2559 / 0
29.07.2015

Фіналістка «Засьпявай 2.0» К3tyvana выступіць разам з гуртом Hurma

7 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 выступіць К3tyvana, а госьцем будзе пераможца ў намінацыі «Дэбют» на прэміі «Героі году — 2013» — гурт Мікіты Найдзёнава Hurma.

21-гадовая сьпявачка Кетэван Асраташвілі вядомая пад сцэнічным імём К3tyvana (чытаецца «Кэцівана») падала на конкурс «Засьпявай 2.0» у намінацыю «Кавэр» песьню «Skyfall» Аdele, якую сама пераклала на беларускую мову, а таксама прапанавала да разгляду сваю аўтарскую песьню «Боль». Кавэр на Аdele не прайшоў, бо не адпавядаў умовам конкурсу (разглядаліся кавэры менавіта на беларускія песьні), а ўласная кампазыцыя, нягледзячы на цікавае музычнае вырашэньне і добрае выкананьне, не ўвайшла ў намінацыю «Сьпяваная паэзія» якраз па паэтычных якасьцях. Тым ня менш, журы конкурсу прагаласавала за ўключэньне К3tyvana ў лік фіналістаў на пазаконкурснай аснове, каб адзначыць яе талент і даць магчымасьць выступіць ужывую ў сэрыі летніх канцэртаў «Засьпявай 2.0».

Госьцем гэтага вечара ў дворыку плошчы Свабоды стане гурт Hurma. Гурт паўстаў у 2012 годзе ў Менску дзякуючы намаганьням Мікіты Найдзёнава (вакал, гітара, музыка, словы). Грае эўрапейскі поп-рок зь беларускімі тэкстамі. Заявіў пра сябе з дапамогай першага сынглу «Шукай», прызнанай «Найлепшай беларускамоўнай песьняй» у тэлепраекце ОНТ «Песьня году-2013». Музыкі сталі ўладальнікамі Гран-Пры фэстывалю «Такія пернікі» (2013) і пераможцамі ў намінацыі «Дэбют» на прэміі «Героі году — 2013» парталу Tuzin.fm. Атрымаў прызнаньне як паэт і лідэр калектыву — у 2015 годзе Мікіта Найдзёнаў адзначаны літаратурнай прэміяй «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют».

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ К3TYVANA І HURMA 

7.08. 20:00. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). К3tyvana і Hurma. Квіткі — у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт: 60 000 — 100 000. Інфалінія: +375-29-687-20-93.

Tuzin.fm