Тузін песень, якія граюць у галаве Антона Рудака
2077 / 0
24.07.2015

Тузін песень, якія граюць у галаве Антона Рудака

Уладальнік прэміі «Кніга году — 2015» назваў свой тузін найлепшых песень сэзону на Tuzin.fm, які сьведчыць пра тое, што будучыня ў беларускай музыкі ёсьць.

У мяне ёсць толькі адзін крытэр выбару музыкі, як і літаратуры: мне мусіць быць цікава. Калі нецікава — я ніколі і ні за што ня буду гэта слухаць альбо чытаць. Многія з прапанаваных песень я папросту забыў адразу пасьля праслухоўваньня. Некаторыя творы не ўратаваў нават някепскі тэкст. Пэўныя кампазыцыі паважаных мной выканаўцаў так і ня трапілі ў гэты сьпіс, бо ўяўлялі сабой ня лепшыя ўзоры іх творчасьці. Будучыня ў беларускай музыкі, аднак, відавочна ёсьць, і не можа ня цешыць, што зарукай гэтай будучыні ў значнай ступені зьяўляюцца выдатныя тэксты як паэтаў-клясікаў, так і сучасных літаратараў, якія часта самі ж іх і выконваюць.

Нельга забыць — «Залілось слязьмі, быццам зоркамі». Харошы тэкст напісаў Максім Багдановіч для добрай і цудоўна прасьпяванай песьні.

Tonqixod — «Конрад Валенрод». Напачатку я вагаўся, ці ўлучаць увогуле гэтую кампазыцыю ў сьпіс (ёсьць у гурта і мацнейшыя), але потым яна пачала граць у мяне ў галаве.

Angst — «Няма каханьня». Сам сабе кліп. Пры ўсёй маёй іррацыянальнай нянавісьці да гіп-гопу, гэта прыгожа.

Зьміцер Вайцюшкевіч — «Жыве Беларусь». Таксама не магу выкінуць з галавы.

Рокаш — «Ноч лістапада». Адзін з маіх улюбёных беларускіх гуртоў, і з гэтым нічога ня зробіш.

ZnaROCK — «Новы iPhone». Дасьціпная песенька і добры прыклад адэкватнага ўжываньня ненарматыўнай лексікі.

Гаротніца — «Невылечны». Прыгожыя музыка і ідэя, хаця з тэкстам зьмірыцца цяжкавата.

Андрэй Макарэвіч — «Сьнег». Добра, што гэтая песьня ёсьць цяпер і па-беларуску.

Пудынг — «Зіма». Дэжавю, нібы дзесяці гадоў не было, і я зноў слухаю ліцэйскі дыск «Веру ў цябе».

Znich — «Дунаю». Мне даўно падабаецца тое, што гэты гурт робіць з народнымі сьпевамі.

HandmadE — «Нямое кіно». Беларуская папса — зарука нашай сьветлай будучыні.

Amaroka — «Масты». Нягледзячы на прыкры русізм на самым пачатку, някепскі тэкст і запамінальная мэлёдыя.

Усе названыя экспэртам песьні возьмуць удзел у выніковым МЭГА-туры на Tuzin.fm і пазмагаюцца за гонар звацца найлепшай беларускай песьняй музычнага году. Старт МЭГА-туру — 27 ліпеня.

Антон Рудак, для Tuzin.fm, фота Зарыны Кандрацьевай

Антон Рудак нарадзіўся ў 1989 годзе ў Менску. Дэбютны зборнік вершаў «Верхні горад» выйшаў у 2014 годзе. Вершы і проза публікаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» і газэце «Наша Ніва». Фіналіст конкурсу Беларуску ПЭН-Цэнтру да стагодзьдзя Ларысы Геніюш. Пераможца прэміі «Кніга году» Беларускага ПЭН-цэнтру ў намінацыі «Паэзія» (2015). Вершы можна пачытаць на Textura.by і ў часопісе «Дзеяслоў», а таксама паслухаць у аўтарскім выкананьні на Soundcloud.