«Штодзённы Тузін» ад Насты Кудасавай
2261 / 0
21.07.2015

«Штодзённы Тузін» ад Насты Кудасавай

Паэтка Наста Кудасава ўратавала і ўключыла ў свой рэйтынг найлепшых песень сэзону 12 трэкаў — менавіта тыя, якія склалі яе штодзённы працоўны плэйліст.

Галоўнае, што я ўсьвядоміла, праслухаўшы ўсе песьні, гэта што я няслаба адстала ад жыцьця і амаль ня ведаю нашае сучаснае музыкі, агульны ўзровень якой вельмі і вельмі парадаваў. Тут трэба падзякаваць тым, хто запрасіў мяне да ўдзелу ў праекце, бо пазытыўных уражаньняў я назапасіла надоўга.

Адразу адзначу, што далёка ня ўсё ўпадабанае зьмясьцілася ў тузін, годных песень было нашмат больш, і выбар мой быў амаль пакутлівым. Урэшце я вырашыла адкінуць прэтэнзіі на нейкую аб’ектыўнасьць, у якую ўсё роўна ня веру, тым больш што прафэсійных музычных ведаў я ня маю. Мой крытэр абраньня быў банальны — тое, што спадабалася і кранула, тое, што мне самой сапраўды хочацца пераслухоўваць, гэта песьні, якія ўрэшце склалі мой штодзённы працоўны плэйліст. Калі б можна было разагнацца далей за тузін, я б дадала да ўлюбёных яшчэ і Вайцюшкевіча, Znich, Naka, ZnaRock, гэта як мінімум.

Нягледзячы на дэвіз «паэзія ўратуе», я якраз мала кіравалася паэтычнымі вартасьцямі песень, бо тэкст песьні — гэта крыху іншы жанр, жанр ня столькі літаратурны, колькі музычны. Таму — хай гэта не падасца дзіўным — у мой рэйтынг трапілі кампазыцыі зь ня самымі дасканалымі тэкстамі і ня трапілі, напрыклад, песьні, напісаныя на добрыя вершы добрых паэтаў.

Тым ня менш той факт, што паэзія клясыкаў запатрабаваная і так актыўна выкарыстоўваецца музыкамі, вельмі ўсьцешыў. На сёньня гэта адзін з найпрасьцейшых, ёмкіх і пэрспэктыўных шляхоў папулярызацыі паэзіі і роднай мовы, за што я шчыра ўдзячная людзям, якія працуюць у гэтым кірунку.

1.      Андрэй Макарэвіч — Сьнег

Па-мойму, у беларускім варыянце гэтая песьня як быццам спраўдзілася, адбылася нарэшце, дарасла да сябе самой. Гучыць дасканала, лепей за расейскамоўны арыгінал, што, безумоўна, цуд і падзея.

2.      Nizkiz — Цяпер і далей

Абсалютны гіт, песьня, зь якой ня хочацца расставацца і пра якую ня хочацца залішне многа казаць, вельмі адгукнулася мне.

3.      Neuro Dubel — На Марс

Бясспрэчна ўлюбёны гурт, які не расчараваў і гэтым разам. Мае дзеці акурат цяпер лётаюць па кватэры, скандуючы «Рушымся на Марс!», ну што тут можна дадаць…

4.      Майтай — Мінулае

«Майтай» па-беларуску гучыць так гарманічна, нібы па-іншаму й не было ніколі. Відавочна, што зварот да беларускай мовы — бяспройгрышны варыянт для творцаў, магчымасьць зазірнуць глыбей у сябе і адшукаць сваё сапраўднае.

5.      Haina — Дыхаць

Песьня, якая дыхае, горача і пераканаўча, проста кранула.

6.      Ілюжан — Як мае быць

Даўно і пяшчотна люблю «Ілюжан» — тонкі, атмасфэрны, выкшталцоны.

7.      Ворона — Мая праўда

Пранікнёная і моцная песьня. Тэкст месцамі кульгае, хацелася б больш сур’ёзнай працы над словамі, але энэргетыка музыкі і голасу перамагае і адназначна захоплівае.

8.      Angst — Няма каханьня

Добры тэкст, сумна-сучасны, пранікнёны, супольна зь любімым голасам не маглі ня ўразіць.

9.      Нагуаль — Маладзік удалы

Цудоўны гурт, цудоўная атмасфэрная песня, проста люблю іх без удакладненьняў.

10.  Tonqixod — Конрад Валенрод

Музыка высокага гатунку, паэзія высокага гатунку, і ўсё гэта пададзенае з годнасьцю, бяз спробаў трапіць у мэйнстрым, гэткая «рэч у сабе», за што і паважаю.

11.  MAMA — Будзь злой

Таленавіта і па-майстэрску пра нібыта звычайныя рэчы, вельмі прыгожая песьня.

12.  Рокаш — Ноч лістапада

Файная песьня, і лёгкая, і ў той жа час адметная. Чамусьці я не змагла абмінуць і забыць яе.

Усе названыя экспэртам песьні возьмуць удзел у выніковым МЭГА-туры на Tuzin.fm і пазмагаюцца за гонар звацца найлепшай беларускай песьняй музычнага году. Старт МЭГА-туру — 27 ліпеня.

 Наста Кудасава, для Tuzin.fm, фота Алены Казловай

Наста Кудасава. Паэтка, сябра экспэртнай рады-2015 на Tuzin.fm. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Рагачове. Скончыла рагачоўскую сярэднюю школу № 5, філялягічны факультэт і магістратуру БДУ. Аўтар кніг паэзіі «Лісьце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013) і шэрагу публікацыяў у розных пэрыядычных выданнях. Зьяўляецца ўдзельніцай альманахаў «Скрыпторый», «Літаратурны квартал», зборніку паэзіі «Яна і я», удзельніца праекту «Начная чытанка» (2007). Ляўрэатка прэміі часопіса «Дзеяслоў» у 2003 годзе (намінацыя «Дэбют»). Творы перакладзены на расейскую і баўгарскую мовы. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Вершы Насты можна пачытаць тут і тут. Паслухаць вершы ў аўтарскім выкананьні можна праз Soundcloud.