Экспэрт Tuzin.fm Мікалай Янкойць: «У беларускай музыкі ёсьць тры праблемы»
3330 / 0
29.06.2015

Экспэрт Tuzin.fm Мікалай Янкойць: «У беларускай музыкі ёсьць тры праблемы»

Матэматык, журналіст і музыка Мікалай Янкойць цягам месяца слухаў удзельнікаў чартаў на Tuzin.fm, пасьля чаго абазначыў тры асноўныя праблемы беларускай музыкі.

Пачну з добрага: з мовы. Шчэ гадоў пяць-сем таму ледзь ня кожны другі беларускамоўны гурт лёгка было злавіць на няведаньні мовы, а тэксты часьцяком выглядалі перакладзенымі з расейскай ці вымучанымі. Канстатую: стала значна лепш. Можа, музыкі таксама ходзяць на модныя моўныя курсы? Эх, ну якая ўсё ж добрая ідэя: бясплатныя моўныя курсы!

А працягну дрэнным. Бясплатных курсаў па аранжыроўцы ў нас няма. Бясплатных курсаў па працы над гукам — таксама. Ня ўпэўнены, што і платныя ёсьць. І ўжо дакладна ні ў адной установе нельга атрымаць сыстэматычныя веды аб сучаснай сусьветнай музыцы. І калі ты ня будзеш сам слухаць шмат новага, корпацца ў розных стылях, чытаць модныя часопісы, то абавязкова будзеш зноўку і зноўку вынаходзіць ровар. А як нарэшце вынайдзеш, то яшчэ і даведаесься, што такія ровары ўжо гадоў дваццаць у сьвеце не выпускаюцца. У беларускай музыкі дзьве асноўныя праблемы: другаснасьць матэрыялу і якасьць гуку на запісах. Гэта старая шарманка, канечне, але факт застаецца фактам.

ВІДЭА. У ПАЛОНЕ ШТАМПАЎ

Але перайду да справы. Відэачарт «Тузіну», прызнацца, стаўся для мяне адкрыццём. Я не вялікі аматар музычнага відэа, таму ажно 11 з 12 кліпаў пабачыў упершыню. Асаблівай радасьці прагляд не прынёс. Нават хочацца сказаць: усё дрэнна. Палова відэа мне не спадабалася зусім. Карцінка рассыпаецца на асобныя вобразы, якія ў галаве ніяк ня зьвязваюцца, штампы так і сыплюцца з экрана, апэратарская праца ня ўражвае. Праца над дэталямі амаль не заўважаная — а што можа быць у кароткім відэа больш важным, чым яркія дэталі? Вольскі, «Крама» — чысьценька, роўненька і нібыта прафэсійна, але зусім пуста. Відэашэраг да песьні Алеся Дзянісава ў маёй галаве аніяк не сышоўся з самой песьняй. Відэа ili-ili выглядае занадта найграна, бесстылёва. Кліпы Akute і Rel1kt дык і ўвогуле атрымаліся нудотнымі: трэкі па працягласьці аж за 5 хвілін, а дынамікі ў роліках аніякай.

Далей — крыху лепш. Карцінка ў кліпе Brutto — да месца, прыгожая, якасна зьнятая. Але, па-першае, як дзьве кроплі вады падобная на 249 іншых кліпаў (колькі разоў, прызнайцеся, вы бачылі макраздымкі кропель вады, якія разьлятаюцца ад удару ў малы барабан?). Па-другое, сапсаваная абсалютна недарэчнай рэклямай гарэлачнага брэнда ў канцоўцы. Гурт Dzieciuki ў сваім відэа выглядае акурат так, як павінен выглядаць нармальны панк-гурт, лайв-здымкі ў прыродным асяродзьдзі — гэта нават і ня штамп ужо, а хутчэй стандарт, але здымкі ў Курапатах і Хатыні куды менш удалыя, да таго ж абсалютна выпадаюць з настрою кліпа. Відэа «Мутнагавока» нагадвае нават не 249, а тысячы кліпаў зь дзевяностых і нулявых. Закрытае цёмнае памяшканьне, ванна з вадой, слоў-мо — што можа быць больш тыповым для відосаў альтэрнатыўных гуртоў? Сытуацыю крыху выпраўляе рваны мантаж: хай таксама штамп, але рэалізаваны, на маю думку, удала.

І, нарэшце, пра добрае. «Дачакайся, матуля» — проста, празрыста. Ясныя колеры, прыгожыя натурныя здымкі, прыгожы хлопчык-актор, прыгожая песьня і прыгожы, натуральны Вайцюшкевіч — усё па-даросламу. «Сасна пахілілася» гурта Vuraj — туманнае і атмасфэрнае кіно, прывабныя колеры, містыка; выдатна. І мой фаварыт — хуліганскі «As Bas». Тут таксама досыць штампаў, канечне — затое якая дынаміка, які рух, якая карцінка! Ды і самі музыкі, нарэшце, — прыгожыя людзі. Запаволеныя здымкі раструшчанага ад удару дрэва — вішанька на торце. Ура, Irdorath, вы адшукалі свой стыль, і мне здаецца, што вы ўсё робіце правільна.

АЎДЫЁ. БЕЗ УВАГІ НА ГУК

Асноўны гіт-парад пакінуў неадназначнае ўражаньне: агульны ўзровень нядрэнны, але ніводнага гіта сярод 12 прапанаваных песень я так і не адшукаў. Не ўтрымаўся і расставіў трэкі па асабістым ранжыры.

12. Yamaya — Гаснуць. Зусім слаба. Запіс на ўзроўні дэма, вакал адштурхоўвае. Музыкі кажуць, што «зьвядзеньне музыкі было скарыстанае імі як інструмэнт самавыяўленьня», а на справе трэк проста зьведзены крывавата.

11. Нагуаль — Маладзік удалы. У найлепшых сваіх момантах песьня нагадала якіх-небудзь «Лепрыконсаў» дзесяцігадовай даўніны — а гэта з майго боку зусім не пазытыўнае параўнаньне. Дынамікі няма, роўна і нецікава. Раньнія запісы «Нагуаля» пакуль застаюцца найлепшымі ў гурта.

10. Пудынг — Зіма. Добрая дэманстрацыя абедзьвюх галоўных праблем, зазначаных мной вышэй: матэрыял другасны, гук невыразны. І вакалістка здалася занадта манернай. Але мне спадабаўся прыпеў!

9. Zatoczka — #вяртаеммову. Просталінейна, просьценька — але ў гэтым праблемы няма, такая музыка Беларусі, як мне падаецца, вельмі нават патрэбная. Але ў трэку няма нічога асаблівага, акрамя хіба моўнага дэфэкту і дзіўнаватай манеры вакаліста, якія адцягваюць на сябе зашмат увагі, ды і для сваёй стылістыкі трэк занадта зацягнуты. Другасна.

8. Зьміцер Вайцюшкевіч — Жыве Беларусь! Вайцюшкевіч паўтараецца ў мэлёдыцы, энэргетыка нейкая млявая. Не чапляе.

7. Майтай — Мінулае. Відавочна, гурт хацеў зрабіць васьмідзясятыя — стыль вытрыманы ідэальна. Але і тут вымушаны напісаць: другасна.

6. Андрэй Макарэвіч — Сьнег. Мілая, пяшчотная і ў той жа час абсалютна неабавязковая замалёўка.

5. Neuro Dubel — На Марс! Дзюбель як дзюбель, цёплы і лямпавы, хаця ў гэтых мужчын за апошнія 25 гадоў бывала і лепш. Спадабалася, як запісаны вакал.

4. SP Kava — яМы. Інструмэнтоўка шыкоўная, усё гучыць: флейта, дуда, клявішы, жаночы вакал. Тэкст цікавы, зачытаны своеасабліва. Не бездакорны трэк, але мне падабаецца. Зрэшты, мне ўся апошняя EP SP Kava спадабалася, і гэта ня самы моцны трэк зь яе.

3. Ілюжан — Як мае быць. Крутая рытміка, добрая мэлёдыка, мяккі гук, чароўны клярнэт. Толькі манера вакалісткі, на маю думку, нейкая недарэчная і ненатуральная; я адразу ж узгадаў выказваньне майго калегі Конрада Ерафеева пра вакал Паліны Рэспублікі. Гэта таксама другасна (што ж за непазбежнасьць), але ў межах выбранага «Ілюжан» стылю другаснасьць — ніякі не заган.

2. Angst feat. Алесь Кот-Зайцаў — Няма каханьня. Спадабалася, зачапіла. Вось за што дакладна варта паважаць хлапцоў-малайцоў з гіп-гоп-сцэны, дык за іх уважлівасьць да гуку. Бярыце прыклад, індзі-рокеры! У Angst атрымаўся вельмі бойкі трэк з добрай падачай. Напэўна, гэта найлепшы кандыдат на права звацца «гітом», так што яго перамога ў галасаваньні здаецца мне абсалютна натуральнай.

1. TonqiXod — Конрад Валенрод. Шыкоўная песьня. Я, пэўна, павінен і тут сказаць пра другаснасьць стылістыкі — але лепш я скарыстаю слова «рэтра». Шматслойнасьць, размах, яркасьць, гульня ў словы. Люблю TonqiXod.

АЛЬБОМЫ. МАНЕРНАСЬЦЬ ПАНУЕ

І напрыканцы — пра альбомы. Вельмі спадабалася, што ў кожнага з 12 прэтэндэнтаў ёсьць свой настрой, свая атмасфэра. Гэта наводзіць на думку, што ўсе 12 гуртоў робяць музыку ня проста так, а з разуменьнем, навошта яны гэта робяць. І гэта крута, вельмі крута. Некаторым дыскам усё ж не хапае цэльнасьці, яны рассыпаюцца па трэках — ну і чорт зь ім, гэта ня самае важнае. Куды важней, што ў іх адчуваецца асэнсаванасьць. А асэнсаванасьць у век хуткай інфармацыі каштуе як золата.

Прайдуся каротка па ўсіх прэтэндэнтах і тут.

12. Нельга забыць — Mertvets. Жаночы вакал вельмі прыгожы. Больш нічога добрага сказаць не магу.

11. Brutto — Underdog. Усё ў гурце Brutto цікава, акрамя іх музыкі.

10. Like a Gossamer — Клятва вернасьці. Багатая задума, цікавае музычнае мысьленьне, тоненькая праца над гукам у перабіўках/гісторыяхвандроўках»і пры гэтым вельмі небагаты, незразумелы гук на песьнях. То там, то там выпіраюць асобныя інструмэнты, барабаны запісаныя глуха. Цікавая задумка трэку пра «Край расамах…» бязьлітасна зьнішчаная жудасным вакалам. Як там кажуць? Разьбег на пяць, скачок на двойку.

9. Zolki band — Doŭhi-doŭhi dzień. Чарговы манерны (часам занадта) вакал. Прыгожа гучыць бас, ёсьць і цікавыя мэлёдыі — але другаснасьць проста шкаліць. Найлепшы трэк «ščascie» — нядрэнны касплэй Korn, сапсаваны жудасна пошлымі апошнімі пятнаццаццю сэкундамі. Падабаецца трэк «unutry scien».

8. Крама — Белая вада. «Крама» пасталела і ўсталявала самой сабе межы. Дыск слухаецца так роўненька, што аж занудна. Тры-чатыры трэкі нядрэнныя, але і яны на найлепшых дысках «Крамы» былі б ці не слабейшымі.

7. Zeman — Коска. А з гэтага месца пачынаюцца дыскі, якія мне спадабаліся. Разнастайны дыск, які адразу выглядае як праграмны; добрая падача, своечасовыя feat'ы, добрая мова. Месцамі — цікавы гук («Калыханка для сябе»). Скараціць бы яшчэ гэты дыск удвая — быў бы баявік.

6. Dzieciuki — Гарадзенскі гармідар. Нармальная панкуха: баявая, ідэйная, з прэтэнзіяй на народнасьць, з добрымі дудой-акардэонам. Вакалы трапна-неахайныя, але часам занадта манерныя («Карчма», «Косю»). Гэту манернасьць, імкненьне «перайграць», пэўна, можна аб’яўляць трэцяй праблемай нашай музыкі. На дыску не хапае моцных песень — але чаму гэта павінна цікавіць панкаў?

5. Volski — Грамадазнаўства. Добры дыск, слухаю час ад часу — не надакучвае. Толькі трапных мэлёдыяў малавата, Лявон Артуравіч можа лепш.

4. Тлушч — Зорка Вэнэра. Простыя і прывабныя мэлёдыі, добрая і пазытыўная энэргетыка. Вакал можна было б запісаць крыху лепш. Тут зноў непазьбежна трэба ўжыць слова «другаснасьць». Але гэту чорную карту «Тлушч» б’е казыром: самаіроніяй. Такія ўсе сур’ёзныя ў гэтай беларускай музыцы, што часам аж прыкра становіцца. А вось хлопцы іранічныя, лёгкія, сьмешныя і пры гэтым зусім не дурныя.

3. Vuraj — Rajok. Прыгожа, збалянсавана, гарманічна. Запісана з душой і з прыемным паветрам, зь лёгкасьцю. «Поле чыстае», «Сасна пахілілася» — ух.

2. Akute — Reaĺnaść i sny. Мой любімы дыск Akute. Штампаў тут таксама хапае, але, на маю думку, усё ў межах непісаных правіл поп-музыкі. Поп-музыкі, якой нам не хапае. «Кулі», «Наскрозь», «Бегчы», «Пасткі».

І мой асабісты фаварыт — «Pradmova». Пра дэбютны дыск Tonqixod пісалі ўжо так шмат, што нават ня буду паўтарацца. Адзначу толькі, што штосьці асаблівае ёсьць у кожным трэку гэтага альбома, а такое ў беларускай музыцы здараецца надзвычай рэдка — сходу я ніводнага выпадку не прыгадаю.

Мікалай Янкойць, для Tuzin.fm

Экспэрт Tuzin.fm Мікалай Янкойць нарадзіўся ў вёсцы Дайлідкі Астравецкага раёну ў 1989 годзе. У 2011 годзе скончыў БДУІР, па спэцыяльнасьці — матэматык-сыстэмны праграміст. З пачатку 2014 году — карэспандэнт парталу Ultra-Music, зь лета — журналіст онлайн-часопіса KYKY.ORG. Вакаліст блюз-рокавага гурта The Moonshiners. Заснавальнік музычна-пазнавальнага блога The Boat That Rocked. Пазаштатны экспэрт праекту Experty.by.