Экспэрт Tuzin.fm Павал Няхаеў. Думкі іншаплянэтніка, які паслухаў вушамі зямляніна
2756 / 0
27.05.2015

Экспэрт Tuzin.fm Павал Няхаеў. Думкі іншаплянэтніка, які паслухаў вушамі зямляніна

Выкладчык курсу па сучаснай музычнай культуры ЭГУ Павал Няхаеў месяц слухаў удзельнікаў трох чартаў на Tuzin.fm, каб па выніку заклікаць грамаду берагчы лес.

Вялікі дзякуй Tuzin.fm за нагоду паслухаць столькі новай музыкі. Увогуле, цікавы быў досьвед, бо для мяне большасьць песень на сайце — іншы сусьвет, больш блізкі да нармальных людзей, паўсядзённага жыцьця, эмоцыяў, патрэбаў. Музыка, якую сам пераважна слухаю — электроніка, фольк/этна, ці акадэміка/клясыка — альбо засяроджаная на сабе самой і дасьледуе музычна-энэргетычныя працэсы («культ гуку»), альбо гаворыць аб нечым абстрактным, ці міталягічна-сакральным. Вось, напрыклад, мая падборка ўлюбёнага этна.

Большасьць року не люблю за «культ асобы» і пазёрства, а поп за «саладуху». Найлепшы рок для мяне той, дзе музыка самадастатковая і больш важная для гуртоў, а найлепшы поп той, дзе тэкст уздымаецца да вышынь суфійскай паэзіі, калі празаічныя словы пра каханьне, жыцьцё і сьмерць, дзякуючы магіі выканаўцы, атрымліваюць глыбіню і зрастаюцца з музыкай у непарыўнае жывое адзінства.

Таму мае камэнты — суцэльная густаўшчына, крыўдаваць, ці неяк яшчэ хвалявацца ня варта. Успрымайце гэта як думкі іншаплаплянэтніка, які шчыра намагаўся паслухаць усё вушамі зямляніна. Не заўсёды гэта атрымалася, але, на маё зьдзіўленьне, шмат чаго спадабалася — прынамсі, музычна. Грае шмат хто клясна, а вось тэксты і вакал часам не дацягваюць.

Адзіны альбом, які паслухаў цалкам, і да якога яшчэ буду вяртацца — Vuraj «Rajok». З гіт-параду ж хачу адзначыць наступных (не па месцах — а нароўні):

Майтай — «Мінулае» — і хай  кажуць, што нагадвае Cure і «Кино», але ж клясная песьня

Ілюжан — «Як мае быць» — выдатна!

Нагуаль — «Маладзік удалы»

Паліна Рэспубліка — «Красавік»

Пудынг — «Зіма»

Калі б у публічнай прасторы замест постсавецкай папсы і эўравіжн-жуйкі, гучалі такія песьні, беларусам і зімой быў бы красавік.

TonkiXod і — добрая, сама-ў-сабе муз-шыза з выдатнымі момантамі, але яшчэ шмат залішняга. Цікава будзе паслухаць іх гадоў праз 10.

Андрэй Макарэвіч «Сьнег» — такім мае быць прызнаньне ў каханьні гораду, а ня як у Trubetskoy «Горад», чыя песьня па тэксьце і падачы — вясёлы юнацка-дзявочы поп, намазаны на алдовы ракешнік, шурпаты бы напільнік. Спалучэньне дзіўнае, як, калі мужык пад 50 надзявае снэп-бэк-кепку ды тынэйджарскую байку… The Blue Devils «Юзік у кватэры» — супэр-файны блюз, пакуль не пачынаецца вакал.

Асобна пра тое, што выразна не спадабалася. Brutto — ноў комментс. Гоп-рок. Але дзякуй за лёзунг. Кліп «Дзецюкоў» — «Сумнае рэгі». Як кажуць, «хачу гэта разбачыць». Спалучэньне тэмы/мэсаджу, музычнай і візуальнай падачы — канцэнтрат недарэчнасьці. Наратыў пра забойствы і таталітарызм пад бадзёрую музычку, з шалёна гіпэртрафаванымі эмоцыямі (прывет, Brutto)… Разумею, што творчасьць — рэч непрадказальная, песьні пішуцца самі, і што хлопцы мелі добрыя намеры — зьвярнуць увагу да гісторыі, нагадаць пра ахвяраў злачынных рэжымаў, прасьвяціць маладое пакаленьне і г. д. Але ці варта рабіць гэта так, як зроблена? Выглядае і гучыць як зьдзек, альбо вельмі штучны агіт-лікбез, ды яшчэ з прома-акцыяй шмотачнага брэнду. Трэба ж мець нейкае пачуцьцё меры і такту. Рэгі, дарэчы, няма ані каліва.

Неяк папрасілі даслаць 5 найлепшых кліпаў з нашай краіны, зьнятых нашымі рэжысэрамі для віртуальнага музэю кліпаў з усяго сьвету. Думаў месяц, але змог прапанаваць толькі адзіны кліп, які, на маю думку, пакуль варты прадстаўляць Беларусь у такой падборцы — «Тры янгалы» этна-трыё «Троіца». Добра, што кліпы здымаюць, хай іх будзе яшчэ больш, тады і якасьць паступова вырасьце. Зноў жа — карцінку рабіць навучыліся, цяпер справа за ідэямі і сцэнарамі.

Спадабаліся «Шэрая кроў» (і песьня, і відэа), «Сасна пахілілася» ды «As Bas».

Калі ж не глядзець на відэа, а слухаць толькі песьні — яшчэ і Akute «Сьцены», Re1ikt «Чаго ты лося».

Увогуле, добра, што ў Беларусі шмат лясоў і балотаў і ў вайну ўратуюць, і кліпы можна здымаць танна і сярдзіта. Беражыце лес, землякі!

Павал Няхаеў, для Tuzin.fm

Павел Няхаеў нарадзіўся ў Воршы ў 1978 годзе. Грае тэхна і іншую электроніку як Pavel Ambiont/Nieviadomy Artyst. Стваральнік лэйблу Force Carriers, суарганізатар фэстаў Mental Force і Artes Liberales. Выкладае ў ЭГУ аўтарскія курсы па сучаснай музычнай культуры і творчых індустрыях, кіруе студэнцкімі дасьледваньнямі беларускай музыкі. Магістар сацыялёгіі (тэма працы «Rhythm Cultures: from ancient rituals to techno & psy-trance cultures»). Дасьледуе тое, як музыка і чалавек (пера)ствараюць адзін аднаго.