IDM з цэнтру Эўропы: «Тут можна жыць шчасьліва, але паўсюль абсурд і пустата» (прэм’ера альбому!)
2956 / 0
26.05.2015

IDM з цэнтру Эўропы: «Тут можна жыць шчасьліва, але паўсюль абсурд і пустата» (прэм’ера альбому!)

Праект «Surreal Drama» з гэтага часу больш не ананімны. З нагоды прэм’еры свайго трэцяга альбому на Tuzin.fm яго стваральнік Уладзіслаў Аўраменка раскрыў сябе самога і сэнс сваёй музыкі.

Ананімны праект Surreal Drama заявіў пра сябе летась вельмі моцным рэлізам з такім рэальным прывітаньнем старым добрым Massive Attack ды іншым адэптам брыстальскага саўнду.

«Surreal Drama» — канцэптуальная праца, прадуманае да дробязяў музычнае палатно з моцнымі стрыжнявымі трэкамі, што поўняцца таямнічымі разнастайнымі гукамі і цытатамі. Прысьвячаецца ўсё гэтае смакоцьце стужцы «Твін Пікс», мяркуючы з таго, што раз-пораз словы герояў фільму ўсплываюць сярод гэтага мэлядычнага скрыгату і шуму. Прычым у тым самым кананічным перакладзе з 90-х на расейскую, што падкрэсьлівае асаблівасьць успрыняцьця матэрыялу. Выглядае на запаволенае ў часе пасланьне з краю сьвету, дзе замежныя фільмы і кнігі даходзяць да публікі выключна ў перакладах, — пісалі мы па выхадзе гэтага альбому.

Неўзабаве таямнічны праект прадставіў другую працу «Combo». І была яна зусім іншага гатунку — абсалютна мінімалістычная электроніка. Surreal Drama тады распавёў, што запісаў увесь матэрыял з дапамогай некалькіх кішэнных сынтэзатараў.

На трэцім альбоме, які прэзэнтуецца на Tuzin.fm, гэты чалавек-праект зноў зьмяняе канцэпцыю і раскрывае сябе ў адказах на мінімалістычныя пытаньні. Размову Слава Аўраменка вёў на выдатнай беларускай мове.

ТГ: Чаму шыфраваўся?

Мне была неабходная ананімнасьць, каб дыстанцыянавацца ад маiх ранейшых музычных пректаў, якiх было занадта шмат i пра якія я не хачу размаўляць. Гэта, дарэчы, адна з прычынаў, па якой гэты альбом я вырашыў назваць «Рызомай».

ТГ: Што здарылася цяпер?

Цяпер здарылася тое, што выйшаў трэці альбом «Surreal Drama» і я зразумеў, што знайшоў сябе, свой гук і той кірунак у музыцы, якога цяпер заўсёды хачу трымацца. Таму патрэба ў ананiмнасьцi адпала.

ТГ: У чым знаходка?

Я пастаянна зьмяняю свой сэтап. І кожны рэліз, як вы заўважылі, розьніцца стылістычна: спачатку гэта быў трып-гоп, потым нешта сярэдняе паміж idm i традыцыйнай электронікай i вось трэцi — максымальна наблiжаны да idm. Гэта і ёсьць — самае маё.

ТГ: Чаму так адбылося?

У мяне было шмат кiшэнных сынтэзатароў, сэмплер. Потым я ўсё прадаў, набыў груўбокс Yamaha RM1X i запiсаў на iм «Rhizome» прыкладна за месяц. У хатнiх умовах. Па-iншаму я проста не магу. Я не музыка ў поўным сэнсе, але музыка для мяне — спосаб iснаваньня, спосаб зносiнаў зь iншымi людзьмi i своеасаблiвая рэфлексiя бяз словаў.

ТГ: Ці ёсьць у гэтым сэнс?

Падчас працы над другім альбомам я казаў пра тое, што не хачу нiкога грузiць лiшнiм сэнсам у маёй музыцы. Гэта актуальна i цяпер — песьнi трэба слухаць, а не размаўляць пра iх. Выказаць словамі ўсё немагчыма, мне як лінгвісту гэта добра вядома.

ТГ: Што ёсьць «Рызома»?

Гэта фiлязофскi тэрмiн. Ня буду тлумачыць тут падрабязна, шмат хто і так ведае, што сьвядомасьць сучаснага чалавека прадстаўляе сабой рызому. Гэты альбом — пра сучаснага чалавека, хутчэй нават пра адчуваньнi, настроi чалавека, якi хоча быць усiм, мець усё, але ў яго не заўсёды атрымлiваецца. Як пяяў Чарапко — хапiла толькi на вэлясыпэд.

ТГ: Чаму назвы трэкаў па-ангельску?

Ангельскую я абраў, каб падкрэсьліць касмапалітызм матэрыялу, гэта частка ўсёй філязофскай канцэпцыі альбому. А філязофія там мае для мяне асаблівае значэньне. З гэтай прычыны не назваў трэкі па-беларуску. А наогул месцамі вельмi сумны альбом.

ТГ: У чым сум?

Перад намi ўвесь сьвет i нам ён патрэбны. Але мы губляемся ў iм. Растрачваем сябе. Скажу толькі гэта, бо для мяне важна нiкому не навязваць свае думкi, бо альбом — гэта толькi пачуцьцё, настрой.

ТГ: Што ў ім беларускага?

Альбом напісаны музыкам зь Менску, які заўжды цікавіцца беларускай электроннай музыкай. І яшчэ гэта музыка вельмi адпавядае па настроi Менску. Прыгожаму i прасторнаму гораду ў цэнтры Эўропы, памiж захадам i ўсходам, дзе можа быць усё, што патрэбна для шчасьлiвага жыцьця, але дзе на кожным кроку нас чакаюць пустата i абсурд.

Аўтар дзякуе за вокладку Artur Bat

Cпампаваць адным файлам з Tuzin.fm

Tuzin.fm

Тэгi: