Міністар інфармацыі Ананіч хоча вынесьці папярэджаньне Tuzin.fm (абноўлена)
10483 / 5
18.05.2015

Міністар інфармацыі Ананіч хоча вынесьці папярэджаньне Tuzin.fm (абноўлена)

«Тузін» у шоку. У лісьце зь Міністэрства інфармацыі Беларусі за подпісам міністаркі Ананіч вядзецца пра тое, што ўладальніку сайту Tuzin.fm можа быць вынесена папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

Ліст прыйшоў на рэдакцыйную скрыню нашага парталу з афіцыйнай электроннай скрыні Міністэрства інфармацыі. У ім даводзіцца са спасылкаю на «падпункт 1.2 пункту 1 артыкула 49 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“», што ўладальніку рэсурсу выносіцца пісьмовае папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам». У лісьце таксама зазначана, што за вынясеньне цягам году двух і больш папярэджаньняў, а таксама за невыкананьне патрабаваньняў дзяржаўнага органа аб устраненьні парушэньняў, доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны. Пры гэтым не пазначана, за якія канкрэтна парушэньні вынесена папярэджаньне.

Ліст ад Міністэрства інфармацыі Беларусі дасланы па-расейску.

У адказ на гэты ліст кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін даслаў у Міністэрства інфармацыі ўсе зьвесткі, якія просіць прадаставіць Лілія Ананіч. «Наш партал працуе ўжо 12 гадоў і за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў (праўдзівых, а як жа ж яшчэ!) пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасьць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзясяткі грамадзказначных праектаў, сярод якіх „Перазагрузка“, „Апошні золак“, „Тузін. Немаўля“, „Засьпявай.by“. І гэта проста нямысьліма пачуць пасьля гэтага ад чыноўнікаў, што мы шкодзім дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Мы вельмі спадзяемся, што з боку Міністэрства выйшла недарэчнасьць і яна будзе папраўлена ў хуткім часе», — заяўляе з гэтай нагоды Сяргей Будкін.

Cяргей Будкін, фота Tarantino, Budzma.by

Сытуацыю пракамэнтаваў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. «Гэта ня першы выпадак, толькі што падобныя лісты атрымала таксама „Радыё Рацыя“ і сайт „Свабодны рэгіён“. Пакуль няясна мэта Міністэрства інфармацыі. Магчыма яны хочуць узяць сайты пад свой кантроль, а магчыма заблякаваць. Тэарэтычна такая магчымасьць існуе».

Tuzin.fm дае сваім наведнікам дакладную і правераную інфармацыю і прызнае памылкі, калі яны здараюцца. Маем спадзеў, што ўвага да нашага парталу аніяк не зьвязана з тым, што мы адсочваем сытуацыю з забаронай канцэртаў у Беларусі, а таксама з правядзеньнем канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча ў межах нашай акцыі «Жывы Тузін», які быў сарваны ў лютым гэтага году. А тым больш ня з справай «Моўчан vs Naka», за вынік якой адказнасьць на сябе ўзяў «Тузін».

Мы зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай даць канкрэтныя тлумачэньні з нагоды вынесенага папярэджаньня.

(дапоўнена ў 15:36) Як патлумачыла кіраўніку Tuzin.fm начальнік упраўленьня прававой работы Міністэрства інфармацыі Вікторыя Мялешка, дадзены ліст, які прыйшоў на скрыню нашага парталу не зьўляецца папярэджаньнем. Уласна кажучы, гэты ліст можна трактаваць як папярэджаньне, што сайту можа быць вынесена папярэджаньне. Чыноўніца сказала, што пакуль яны хацелі б атрымаць дадзеныя аб уладальніку сайту, але пры гэтым пацьвердзіла, што маюць канкрэтныя прэтэзіі да кантэнту «Тузіна». Якія канкрэтна, — паведамяць у найбліжэйшы час у адказ на афіцыйны запыт ад імя ўладальніка (запыт ужо дасланы). У далейшым, са словаў прадстаўніцы Міністэрства інфармацыі, альбо будзе прапанавана зьняць матэрыял, да якога выстаўляюцца прэтэнзіі, альбо будзе вынесенае сапраўднае папярэджаньне. Пры паўторным папярэджаньні за год сайт будзе заблякаваны.

Tuzin.fm, загалоўнае фота — Belta.by

КАМЕНТАРЫ:

  • kandratowic / адказаць
    18.05.2015 / 13:44

    Трэба ўжо на практыцы выходзіць з юрыдычнага поля РБ.

  • Red Label Design ) / адказаць
    18.05.2015 / 14:24

    трэба на практыцы у"вогуле з гэтага РБ сыходзiць... (

  • vk20 / адказаць
    18.05.2015 / 18:34

    "...за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў (праўдзівых, а як жа ж яшчэ!) пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасьць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзесяткі грамадзказначных праектаў..."

    Вот именно, за все за это.
    Л.С.Ананич

  • Вячаслаў / адказаць
    22.05.2015 / 11:34

    Паважаны партал, паважаны спадар Сяргей!
    Упэўнены, вы усё выдатна разумееце, адкуль і хто дасылае шаблоны.
    На жаль, вось яна, рэчаіснаць...
    Але гэтак было заўсёды. Заўсёды ёсць падла, якой так агідна назіраць за тым, як людзі робяць тое, што ім хочацца. І слухаюць сваё.
    Карацей: не звяртайце ўвагу на падлу.
    Займайцесь далей сваёй справай, якая неабходня усім Беларусам.
    Дарэчы! Радыё "Сталіца" так сама, калісці была зачынена і хвалю аддалі гэтаму быдлацкаму "Радиус ФМ".
    І яшчэ.Ня штурхаюць толькі дохлую сабаку.
    А вы сабака вялікая, і вас пачалі паважаць!)))

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    22.05.2015 / 12:42

    Дзякуй за падтрымку!

  • КАМЕНТАВАЦЬ