Фіналісты конкурсу «Засьпявай 2.0» выступяць на плошчы Свабоды
2767 / 2
14.05.2015

Фіналісты конкурсу «Засьпявай 2.0» выступяць на плошчы Свабоды

Арганізатары конкурсу прынялі рашэньне аб правядзеньні сэрыі жывых канцэртаў фіналістаў конкурсу «Засьпявай 2.0», якія пройдуць улетку на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды ў Менску.

Ідэя аб правядзеньні жывых канцэртаў зьявілася падчас праслухоўваньня заяваў ад удзельнікаў конкурсу «Засьпявай 2.0». «Можна вызначыць найлепшых паводле праслухоўваньня дэма ў інтэрнэце. Але гэта будзе прыблізна, на вока, — кажа прадусар конкурсу Сяргей Будкін. — Жывое выкананьне дазваляе разгледзіць нюансы, якія нерэальна ўбачыць у прадастаўленых запісах, зробленых часам проста на тэлефон. І мы вельмі ўдзячныя кавярні Chill Out, якая гатовая прадаставіць пляцоўку для выступаў канкурсантаў. Такім чынам маладыя артысты змогуць паказацца перад публікай, што ўжо само па сабе каштоўна. А па выніку іх выступаў мы назавем самых-самых».

Сябры журы «Засьпявай 2.0» вызначаць 12 імёнаў — па шэсьць вартых увагі канкурсантаў у кожнай з намінацыяў — «Кавэр» і «Сьпяваная паэзія». Яны і атрымаюць магчымасьць выступіць з сэтам на тэрасе Chill Out на плошчы Свабоды гэтым летам пры падтрымцы ўжо вядомых выканаўцаў. Частка сябраў журы ўжо вызначылася і зрабіла свае высновы. «Конкурс дазволіў зразумець некалькі істотных рэчаў, — кажа культуроляг Максім Жбанкоў. — Перадусім: актуальны беларускі сонгбук гучыць разнастайна ды атракцыйна, удала перабіваючы інэрцыю савецкіх дзяржэстрады ды „альтэрнатывы“. Па-другое, маем моцную „сьпяваную паэзію“, але слаба ведаем, як рабіць кавэры: большасьць старанна перапявала арыгінальныя вэрсіі (можа, спадар Моўчан напалохаў?). Гэта, дарэчы, сьведчыць аб узроўні свабоды творчасьці: падобна на тое, што яна ў нас амаль па-за правам. Па-трэцяе, удзельнікі дакладна падзяліліся на тры несумяшчальныя групоўкі: народныя артысты (клясычная самадзейнасьць), „славянскія базары (олдскульны дзяржпопс-гэвімэтал-рэстаран) і „прасунутыя аутсайдэры“ (песьні ды скокі гарадзкіх партызанаў). Дзіўна, што ім давялося спаборнічаць паміж сабой — варта была б зрабіць тры адмысловыя намінацыі. Альбо тры адмысловыя конкурсы. І яшчэ шкада, што замала ўзнагародаў. Я бы ўшанаваў кожнага з майго шорт-лісту».

А вось некаторым сябрам журы выбар зрабіць няпроста. «Я ня ўмею так судзіць, бо гэта несур’ёзна. Журы мусіць сядзець у залі і слухаць жывыя галасы. Ну ў скрайнім выпадку мёртвыя. Але абіраць урыўкамі на гастролях у інтэрнэце досыць цяжка», — заўважае заслужаны артыст Беларусі Валеры Дайнека. Лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка падчас праслухоўваньня песень канкурсантаў наогул перажыў увесь спэктар пачуцьцяў: «Пакуль слухаў і аналізаваў творы адчуў, напэўна, усе эмоцыі, якія ёсьць. Сьмяяўся і злаваўся, сумаваў і весяліўся, зачароваўся і расчароўваўся. Перш за ўсё хачу сказаць тым, хто не перамог. Вашыя творы вартыя запісу і прамоўшэну. Ня здраджвайце ім!»

Такім чынам, журы абяцае канчаткова вызначыцца з «шчасьлівай дванаццаткай» фіналістаў «Засьпявай 2.0» цягам наступнага тыдня. Сачыце за навінамі на Tuzin.fm!

Яшчэ: На «Засьпявай 2.0» пададзена 55 заяваў (сьпіс канкурсантаў)

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    21.05.2015 / 09:44

    Хлопцы, ну и дзе выники? Што там можна так марудна вырашаць?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.05.2015 / 21:24

    Майце трываньне. Да канца тыдня назавем фіналістаў.

  • КАМЕНТАВАЦЬ