Афіцыйная заява TuzinFM з нагоды рашэньня Вярхоўнага суду ў справе Моўчана і Naka
4519 / 4
19.04.2015

Афіцыйная заява TuzinFM з нагоды рашэньня Вярхоўнага суду ў справе Моўчана і Naka

Гурт Naka патрапіў у гэтую непрыемную сытуацыю па віне арганізатараў праекту — парталу Tuzin.fm, таму менавіта на арганізатарах ляжыць адказнасьць за тое, што адбылося па выніку.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вынес 17 красавіка сваё рашэньне па пазове Алега Моўчана да гурту Naka адносна парушэньня яго выключных аўтарскіх правоў. Адказчыкі маюць сплаціць пазоўніку суму ў 14 450 000 руб.: вакалістка Наста Шпакоўская 5 780 000 руб., музыкі Аляксей Паўловіч, Сяргей Шчурко і Зьміцер Харытановіч — па 2 890 000 руб. кожны.

Партал Tuzin.fm быў ініцыятарам праекту «Re:Песьняры», у межах якога была падрыхтавана песьня «Малітва» гуртом Naka, вёў усе перамовы з праваўдалальнікамі і Нацыянальным цэнтрам абароны інтэлектуальнай уласнасьці, выступаў арганізатарам канцэрту-прэзэнтацыі праекту. На жаль, дамовіцца з аўтарам музыкі да песьні «Малітва» Алегам Моўчанам не ўдалося, таму вэрсія гурта Naka ў межах праекту не была прэзэнтаваная, але прагучала ўжывую на прэзэнтацыі на дань павагі да Ўладзімера Мулявіна і Янкі Купалы. Паводле закону за выкананьне песьні было сплочана аўтарскае ўзнагароджаньне праз Нацыянальны цэнтар абароны інтэлектуальнай уласнасьці, а Моўчану дадаткова была прапанаваная сума ў 2,5 млн руб. Тым ня менш, А. Моўчан прад’явіў у пісьмовай форме свае прэтэнзіі да кіраўніка Tuzin.fm Сяргея Будкіна, патрабуючы кампэнсацыі памерам у 57 млн рублёў. Моўчан у вуснай форме прапанаваў сплаціць яму 25 млн рублёў, каб улагодзіць справу ў дасудовым парадку. У выплаце гэтай сумы яму было адмоўлена, як яўна завышанай паводле стаўкі, вызначанай Саветам Міністраў Беларусі аплата за аднаразовае выкарыстаньне «вакальнага твору з інструмэнтальным суправаджэньнем» прадугледжана стаўка памерам 1,5 базавай велічыні (250 тыс. руб. на той час).

Пісьмовы адказ С. Будкіна А. Моўчану аб добраахвотным урэгуляваньні спрэчкі (спампаваць у фармаце Word)

Моўчан з прапановай не пагадзіўся, аднак і ў суд на Будкіна не падаў. Ён падрыхтаваў позву на Насту Шпакоўскую, а ў працэсе суду прыцягнуў у якасьці суадказчыкаў астатніх музыкаў гурта Naka. Цяпер Моўчан прасіў кампэнсацыю ў 18 млн (усяго разам з судовымі выдаткамі 26 900 000 руб.). На прапанаваную суму ў 1 млн рублёў кампэнсацыі ад Шпакоўскай падчас дасудовай размовы Моўчан адмовіўся.

Кіраўнік Tuzin.fm быў выкліканы ў суд у якасьці сьведкі. У судзе Будкін заявіў, што менавіта ён нясе ўсю адказнасьць за сытуацыю, якая склалася. Ён папрасіў суд прыцягнуць яго ў якасьці адказчыка, у чым было адмоўлена на падставе таго, што пазоўнік прэтэнзіяў на яго конт не заяўляў. На дадзеным этапе заставалася толькі маральна падтрымліваць гурт Naka ў гэтым працэсе. Калі стала ясна, што Шпакоўская зьбіраецца абараняцца, Моўчан прапанаваў пайсьці на міравую і сплаціць яму 10 млн рублёў, на што атрымаў адмову. Па выніку суд задаволіў позву кампазытара напалову і абавязаў сплаціць адказчыкаў кампэнсацыю ў памеры 9 млн рублёў (плюс судовыя выдаткі).

У сувязі з рашэньнем суду, партал TuzinFM у асобе яго кіраўніка Сяргея Будкіна лічыць неабходным заявіць наступнае:

1. У праекце «Re:Песьняры» песьня «Малітва» не была прэзэнтаваная і выдадзеная, паколькі не было дамоўленасьці зь яе аўтарам.

2. Гурт Naka са свайго боку імі зроблены запіс «Малітвы» таксама не распаўсюджвалі. Музыкі сыгралі дадзеную песьню ўжывую, адразу акрэсьліўшы, што выконваецца яна першы і апошні раз на знак павагі да Ўладзімера Мулявіна і Янкі Купалы. Камэрцыйных мэтаў пры гэтым імі не перасьледвалася. Ганарар за выкананьне «Малітвы» на канцэрце ад арганізатараў праекту яны не атрымлівалі.

3. Факт аднаразовага выкананьня песьні «Малітвы» быў зафіксаны ў афіцыйным рапарце для Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці арганізатарамі канцэрту. За яе выкананьне (як і іншых песень) на гэтым канцэрце былі сплочаныя аўтарскія.

4. Гурт Naka патрапіў у гэтую непрыемную сытуацыю па віне арганізатараў праекту, таму менавіта на арганізатарах ляжыць адказнасьць за тое, што адбылося па выніку.

5. Вырашэньне пытаньня з выплатай неабходнай сумы А. Моўчану, вызначанай судом, арганізатары праекту бяруць на сябе.

Дзякуй усім, хто выяўляў неабыякавасьць у гэтай справе!

На загалоўным фота Сяргей Будкін, фота Аляксандра «Tarantino» Ждановіча

Яшчэ: Сяргей Будкін. Мая «Малітва»

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Bademus / адказаць
    19.04.2015 / 16:04

    Моўчан са сваёю жонкаю (?) такая намаляваная фіфа зусім зглузду з'ехалі.
    Ходзяць па ютуб і дамагаюцца выдалення Песьняроў...
    Адзіны вынік, каторы яны атрымаюць - занябыт.

  • vk20 / адказаць
    20.04.2015 / 18:17

    1000 баксов - большие деньги для простого композитора. Попробуй , заработай... :(

  • Настасья Доль
    Настасья Доль / адказаць
    20.04.2015 / 19:21

    Сяргей, паважаю вас. Вельмі. Дзякуй Вам, за тое, што вы ствараеце. Дзякуй за апантанасьць.

  • Сяргей Будкін
    Сяргей Будкін / адказаць
    22.04.2015 / 09:10

    Дзякуй за падтрымку

  • КАМЕНТАВАЦЬ