EP «Genesis» ад Sciana. Драйв, лірыка і мэтафізыка (прэм’ера!)
4705 / 0
17.04.2015

EP «Genesis» ад Sciana. Драйв, лірыка і мэтафізыка (прэм’ера!)

У новы рэліз берасьцейцаў увайшла песьня на словы Ўладзімера Някляева «Апокрыф», дуэт з Ілонай Карпюк «Па-за гульнёй» і пераасэнсаваньне этапнай для гурта рэчы — «Слова».

EP «Genesis» яскрава дэманструе тры складнікі творчасьці гурта Sciana — драйв, лірыка і мэтафізыка. Сынгл паўстаў шмат у чым дзякуючы Зьмітру Назараву, дырэктару гурта. «Усе тры песьні зусім розныя, але ў кожнай зь іх адлюстраванае нашае жыцьцё ў цяперашні пэрыяд. Я вельмі паважаю сваю каманду за тое, што ў няпросты для нас час яны захоўваюць сваё сяброўства, падтрымліваюць адзін аднаго і рухаюцца наперад», — кажа Зьміцер.

Песьня «Апокрыф» напісаная паводле вершу Ўладзімера Някляева «Точыць стачонае моль». Тэкставік і басіст гурта Андрусь «Кальман» Клімус распавядае: «Я зь вялікай павагай стаўлюся да творчасьці Някляева, і неяк выпадкова атрымалася, што тэкст яго вершу добра і актуальна лёг на нашую музыку. Мы зьвязваліся з Уладзімерам Пракопавічам і вельмі ўдзячныя яму за дазвол выкарыстаць ягоны твор. А то ёсьць розныя аўтары ў нашай краіне… Мне хапіла нахабства дапісаць восем радкоў для прыпеву. Здаецца, што такім чынам някляеўская паэзія яшчэ не гучала».

Андрусь Клімус (зьлева) і Павал Прохараў на канцэрце ў межах акцыі «Жывы Тузін — 2014» у Менску, фота bnp.by

Яшчэ адзін новы твор «Па-за гульнёй» вакаліст гурта Павал «Пашцет» Прохараў запісаў разам з Ілонай Карпюк, беларускай з Польшчы, вакалісткай гурта Ilo&friends. Песьня была створана пры ўдзеле саўндпрадусара зь Беластоку Лукаша Сьцепанюка. «Згадваю як сьвяткавала са „Сьцяной“ іх пяцігодзьдзе, у зусім іншых абставінах, культурных, жыцьцёвых і ніколі не падумала б, што такі прыемны момант прыйдзе, што разам з Пашцетам прасьпяваем, — кажа Ілона. — Хаця мы сьпявалі ўжо разам — шпацыруючы па вуліцах Берасьця, пад адну гітару і гэта надалей для мяне важны ўспамін, знак сяброўства, якое застаецца праз гады. А часам прыносіць вось такія сюрпрызы».

Ілона Карпюк і Зьміцер Назараў на Mens Fest-2013 у Берасьці

Трэцяя песьня ў рэлізе добравядомая сталым прыхільнікам гурта. Пад назвай «Эвангельле ад Сьцяны» яна выходзіла на самым першым альбоме каманды «Рыфмы лёсаў» (2002), зь ёй музыкі дэбютавалі на «Тузіне» 12 гадоў таму — яна ўдзельнічала ў чарце пад назвай «Першы гук». У новай вэрсіі яна істотна перароблена ў музычным пляне ды перайменаваная ізноў — у «Слова». Уласна ў гэтым творы і раскрываецца ідэйная сутнасьць сынглу.

Песьні з EP «Genesis» гурт прэзэнтуе на сваіх выступах у Беларусі ды Ўкраіне. 18-га музыкі граюць у Віцебску, 19-га — у Магілёве, 25-га ў Львове, 26-га ў Тэрнопалі. У траўні заплянаваныя канцэрты ў Менску, Горадні, Берасьці. За навінамі гурта Sciana можна сачыць празь іх афіцыйную суполку.

Tuzin.fm