Аналіз Топ-100 ад Сяргея Балахонава. So much PIESNIARY
2380 / 2
16.04.2015

Аналіз Топ-100 ад Сяргея Балахонава. So much PIESNIARY

Пісьменьнік Сяргей Балахонаў прааналізаваў рэйтынг «100 найвялікшых беларускіх песень» па вэрсіі Tuzin.fm і высновы свае аздобіў дэматыватарамі ўласнага вырабу.

Складаць рэйтынгі рэч няўдзячная. Музычныя рэйтынгі вынятку ў гэтым не становяць. Асабліва, калі сьпіс самых-самых складаецца не паводле выразных, ледзьве не матэматычных парамэтраў, а на грунце меркаваньня экспэртаў. І хай апошнія будуць сто разоў запэўніваць, што стараюцца быць аб’ектыўнымі, пазьбегнуць галасу незадаволеных у выніку амаль немагчыма. Часам такі галас небеспадстаўны. Скажам, трапляецца табе даўгі сьпіс пад назвай «Сто найвялікшых песень усіх часоў і народаў». Ты паціраеш рукі, смакуючы наперад асалоду ад дакрананьня да сусьветнай песеннай спадчыны, вывучаеш зьмест рэйтынгу, і вочы круглеюць — у сьпісе адсоткаў дзевяноста песень на ангельскай мове і да таго ж у лепшым разе толькі за два з хвосцікам стагодзьдзі. «Бяда за бядою: купіў каня, дый той з п…ою», — думаеш ты і бачыш спасылку на «Сотню песень, якія прымушаюць мужчын плакаць». Пераходзіш. Зьмест амаль не вывучаеш (тут таксама пануе ангельшчына), падрыхтоўваеш чыстую насоўку, слухаеш 3—5 кампазыцыяў на ўласны выбар і чакаеш, калі ж з тваіх вачэй паліюцца сьлёзы. Але сьлёз няма! Адны падманутыя надзеі і роспачны енк: «Як жа так?»

Пра музычныя рэйтынгі і рэакцыі на іх мне выпала прыпомніць у пачатку сёлетняга красавіка, калі партал Tuzin.fm апрылюдніў вынікі апытаньня дзевяці дзясяткаў экспертаў, стараньнямі якіх зьявіўся сьпіс «100 найвялікшых беларускіх песень». З аднаго боку я ўяўляў, якую грандыёзную працу давялося зрабіць Сяргею Будкіну і кампаніі, каб падобны рэйтынг зьявіўся. Уяўляў, бо раней сам спрабаваў скласьці проста сьпіс беларускіх песьняў некалькіх мінулых дзесяцігодзьдзяў (прынамсі, ад 1977) паводле прынцыпу: адзін год — адна песьня. І да таго ж маё знаёмства з канкрэтнай песьняй мусіла супадаць з годам яе зьяўленьня. Ясна, што мае спробы немінуча сканчваліся правалам, бо хранічна не ставала зьвестак, якія б маглі ажывіць памяць. А там, дзе з памяцьцю было ўсё добра, часта не хапала саміх артэфактаў, то бок аўдыё- ці відэазапісаў пэўных песень. У каманды Tuzin.fm у гэтым сэнсе было больш магчымасьцяў. Зь іншага боку мне было зразумела, што «тузіноўскі» рэйтынг публіка сустрэне неадназначна. І сапраўды рэакцыю незадаволеных ці насьмешнікаў прыйшлося назіраць у сеціве амаль усюды, дзе пашчасьціла ўбачыць навіну пра «100 найвялікшых беларускіх песень». Прэтэнзіі назіраліся аднатыпныя: 1) «Ня тыя песьні», б) «А судзьдзі хто?», в) «So much PIESNIARY». Пра крыніцы падобных прэтэнзіяў і некаторыя іншыя праблемы паразважаем пазьней, а пакуль хацелася б агучыць сухую статыстыку выніковага сьпісу песень.

Калі зьвярнуць увагу на час зьяўленьня ці актуалізацыі (як давялося пазначаць у разе з народнымі або творам на музыку Міхала Клеафаса Агінскага) песень выніковага рэйтынгу, то атрымліваецца, што 46 зь іх адносяцца да часу пасьля 1994. Песень з брэжнеўска-машэраўскай эпохі (1964—1984) — 24, з часоў «перабудовы» (1985—1990) — 11, з пэрыяду станаўленьня сувэрэннай Рэспублікі Беларусь (1991—1994) — 11, пасьляваеннага дзесяцігодзьдзя (1945—1955) — 4, міжваеннага часу (1918—1939) — 4, пэрыяду Другой сусьветнай вайны — 1, часоў хрушчоўскай «адлігі» (1956—1964) — 1.

У моўным пляне 80 песень рэйтынгу створаныя па-беларуску, 19 — па-расейску, 1 — на ангельскай мове.

У песьнях закранаюцца розныя тэмы. З таго, што было заўважана і тэматычная разьмеркавана мною (суб’ектыўнасьць, панове, суб’ектыўнасьць) выходзіць такая карціна. 26 песень прысьвечаны любові да Радзімы ў розных яе праявах. Яшчэ 26 песень утрымліваюць у сабе разнастайныя жыцьцёвыя развагі. У 22 песьнях гаворка пра каханьне — як шчасьлівае, так і няшчаснае. Песень з традыцыйнымі матывамі (плюс нэаязычніцтва) — 9. Песень з гарадзкой лірыкай (дзе горад выступае як аб’ект творчай рэфлексіі) — 7. Песень пра творчасьць (паэтычную, музычную) — 5, дзіцячай тэматыкі — 2, пра гасьціннасьць — 2.

З гуртоў і выканаўцаў (калі на песьню ў рэйтынгу прыпадае некалькі выканаўцаў, то падлік вёўся па першай згадцы) часьцей за ўсё фігуруюць «Песьняры» (16), за імі ідуць «Ляпіс Трубяцкі» (9) і N.R.M. (5). Да іх прымыкаюць «Крама», «Верасы» і Зьміцер Вайцюшкевіч (па 4), а таксама Данчык (3), Аляксандар Памідораў (3), «Новае Неба» (3), Ulis (3), «Мроя» (3), Neuro Dubel (3).

Сярод аўтараў музыкі да песень, што ўвайшлі ў рэйтынг, першае месца займае Лявон Вольскі (11 песень), сьледам ідуць Сяргей Міхалок (9), Ігар Лучанок (7), Ігар Варашкевіч (6), Эдуард Ханок (5). Музыка пяці песень са сьпісу пазначаная як народная. А яшчэ ў чатырох аўтарам зьяўляецца Кася Камоцкая.

З аўтараў тэкстаў да песень, якія ўвайшлі ў рэйтынг, на першым месцы знаходзіцца зноў жа Лявон Вольскі (10 песень), а на другім — Сяргей Міхалок (8). Сем песенных тэкстаў пазначаныя як народныя. Далей ідуць Максім Багдановіч (4), Зьміцер Лукашук (4), Міхал Анемпадыстаў (4), Янка Купала (3), Генадзь Бураўкін (3), Фэлікс Аксёнцаў (3), Аляксандар Кульлінковіч (3).

Ці прэтэндуе «тузіноўскі» рэйтынг на аб’ектыўнасэць? Так, прэтэндуе, але не на абсалютную. Выніковы сьпіс, як бы каму ні бачылася — гэта ўсё ж не прыхамаць Сяргея Будкіна, а плён апытаньня вялікай колькасьці абазнаных у айчыннай музыцы людзей. Калі б іх было не дзевяноста, а сто ці ўсе сто пяцьдзясят, то, магчыма, рэйтынг выглядаў бы інакш. Але мяркую, што ўсё адно большасьць лідэраў наяўнага сьпісу захавалася б. Таму прэтэнзіі да цяперашняга выніку выглядаюць сьмешнымі. Ну, пашырылі б кола экспэртаў. Ну, засьвяцілася б у агульным рэестры лішняя сотня песень. І што далей? Гэта наўрад ці пахіснула б пазыцыі «Песьняроў», «Ляпіса Трубяцкога» і N.R.M. Асноўная маса тых «дадатковых» песень папросту не патрапіла б у выніковую сотню. Я разумею, што ў кожнага свая праўда. Але плач перапёлкі па тым, што сьпіс «100 найвялікшых беларускіх песень» складзены, нібыта, на ўмовах кумаўства і сабутэльніцтва, выглядае недарэчным. Прэтэнзіі ж наконт «засільля» «Песняроў» у рэйтынгу зьяўляюцца вынікам няведаньня гісторыі айчыннай музычнай культуры другой паловы ХХ стагодзьдзя і месца гэтага ансамбля ў ёй.

Хачу спадзявацца, што цяперашні рэйтынг — гэта толькі першы крок да ўсебаковага вывучэньня беларускай музычнай спадчыны апошняга стагодзьдзя. Праца павінна ўдасканальвацца. І не за кошт пашырэньня кола экспэртаў (хаця часткова гэта было б апраўдана), а за кошт выпрацоўкі дадатковых крытэраў ацэнкі значнасьці той ці іншай песьні. Калі ў амэрыканцаў з 1894 году выдаецца музычны часопіс Billboard, дзе з 1936 году публікуюцца гіт-парады, то беларусы нічым такім пахваліцца ня могуць. Мы ня можам узяць падшыўку за пэўны пэрыяд і сказаць дакладна, якая песьня была тады гітом. Па шчырасьці, тут патрэбна стараннае дасьледаваньне зь няпростай працай у бібліятэках, архівах, фанатэках, зваротам да яшчэ жывых людзей, якія засьпелі розныя пэрыяды найноўшай гісторыі Беларусі. Змог жа неяк Цімафей Авілін падняць пласт беларускай турэмнай песеннай лірыкі міжваеннага часу! Ясна, што шырыня і грунтоўнасьць дасьледаваньня розных аспэктаў беларускага песеннага даробку 1918—1964 гадоў (час, дзе найбольш прагалаў у цяперашнім рэйтынгу) не пад сілу аднаму чалавеку. На добры розум падобны праект павінна была б падтрымаць дзяржава ці шчодрыя зацікаўленыя фундатары. А пакуль гэта толькі ў марах, то адзіным спосабам назапашвання новай інфармацыі бачыцца выхад на тых спэцыялістаў, якія ўжо цяпер у сваіх галінах ведаў вядуць падобныя росшукі. Можа, яны нам скажуць, што са створаных беларусамі песьняў сьпявалася ў нас за часамі НЭПу ці ў пэрыяд хрушчоўскай «адлігі», у разгар сталінскіх рэпрэсіяў ці ў часы Другой сусьветнай вайны (пры чым па ўсе бакі барыкадаў). Можа, ім мы зможам аддзячыць за сьвятло, пралітае на заходнебеларускую музычную культуру «пад прыгнётам панскім», у т. л. і на песьні, напісаныя па-польску. Цяпер жа гэта амаль апраметная цемра нават для тых аматараў беларускае песьні, хто ў прынцыпе цікавіцца ня толькі навінамі цяперашніх гіт-парадаў.

Сяргей Балахонаў, для Tuzin.fm, загалоўнае фота Зьмітра Новікава.

Сяргей Балахонаў — паэт, пісьменьнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1977 годзе. Жыве ў Гомелі. Працуе настаўнікам, вядзе блог, экспэрымэнтуе з музычнымі стылямі. Аўтар кніг «Імя грушы» (2005), «Зямля пад крыламі Фэнікса» (2012), музычных альбомаў «Сьпірт і жоўць расьпятага Тэзэя» (2013), «Другое прышэсьце квантавых катоў» (2014).  Песьні, перакладзеныя Балахонавым на беларускую мову, сьпявалі гурты «Серебряная свадьба», Naka, «Нестандартный вариант», Алег Джагер, Zdob si Zdub, 5diez. Сайт творчасьці

КАМЕНТАРЫ:

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    16.04.2015 / 14:06

    Тутака нейкія недарэчныя абмылкі ў тэксьце: часам літара "Э" замест "Ь"

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.04.2015 / 14:16

    Дзякуй, папраўлена

  • КАМЕНТАВАЦЬ