Tonqixod прэзэнтуе рок-альбом году ў тэатры
3549 / 0
23.03.2015

Tonqixod прэзэнтуе рок-альбом году ў тэатры

Сэнсацыйны пераможца ўзнагародаў Experty.by ў намінацыях «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы рок-альбом», «Найлепшы беларускамоўны альбом» сыграе першы ў кар’еры вялікі сольны канцэрт 20 красавіка.

Трыё Tonqixod тры гады таму стварылі паэт і філёляг Уладзь Лянкевіч (вакал, гітара), інжынэр Максім Субач (другі вакал, клавішныя, бас) і лінгвіст Андрэй Аляксеенка (бубны). Розныя людзі з разнастайным жыцьцёвым досьведам, але з агульнай філязофіяй — не баяцца рабіць незвычайнае. Дэбютны альбом «Прадмова», які выйшаў у сьнежні 2014 году і атрымаў шэраг узнагародаў Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў, цалкам пацьвярджае гэта. «Перад слухачом разгортваюцца апакаліптычныя палотны, пылаюць нябёсы, акіяны накатваюцца на прыбярэжныя домікі, цунамі залівае раёны, гучаць жалейкі з саксафонамі, прысутнічае гаражная псыхадэліка і адсылкі да гуртоў Can, Procol Harum, Amon Duul II», — напісала ў сваёй рэцэнзіі для «БелГазеты» музычны крытык Тацяна Заміроўская.

Калектыў грае арт-рок. Але не стары, стэрыльны і патасны, а сучасны: дынамічны, іранічны і нават жыцьцясьцьвярджальны. На беларускай мове і з клявішным басам — чаму не? «Песьня пра вясельле» — патэнцыйны сцэнар для Квэнтына Тарантына, калі ён зьбярэцца здымаць стужку на «Беларусфільме». «Насыпаць горы» — гэта падказка тым, хто ўсё яшчэ шукае для Беларусі нацыянальную ідэю.

Яшчэ месяц таму назву гурта збольшага ведалі толькі адмыслоўцы. Цяпер ідзе размова пра чарговых «маладых ды дзёрзкіх», якія пакінулі без узнагародаў альбомы Лявона Вольскага, Akute, The Toobes. Тым больш адказным будзе першы паўнавартасны канцэрт гурта, які адбудзецца 20 красавіка пры падтрымцы грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» ў межах акцыі «Жывы Тузін» — прыз за перамогу ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом».

«Гэта будзе канцэптуальнае дзейства, нешта сярэдняе між паходам у плянэтарый і зьбіраньнем гербарыю. Дасягаць мэты будзем з дапамогай песень з альбому і ня толькі, у кампаніі запрошаных музыкаў і рарытэтных аналягавых сынтэзатараў», — распавядаюць музыкі Tonqixod пра будучы выступ на сцэне Тэатру беларускай драматургіі. Яны выйдуць на сцэну ў пашыраным складзе, дапамогуць басіст і віялянчаліст Эрык Арлоў-Шымкус і мультыінструмэнталіст Віктар Сямашка. Адкрые вечар у тэатры гурт Haina.

Квіткі ўжо ў продажы!

Гурт Tonqixod з прэзэнтацыяй альбома «Прадмова». 20 красавіка. Менск, Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44). 19:00. Квіткі: ад 80 да 120 тыс. руб. Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Bileti.by, Bycard.by, а таксама ў касе тэатру. Інфалінія: (029) 687-20-93. Каса тэатру : (017) 385-97-51, (029) 154-04-44.