Стась Сілка: «Я да беларушчыны не прыходзіў. Яна адразу была са мной» (аўдыё/відэа)
4657 / 2
06.03.2015

Стась Сілка: «Я да беларушчыны не прыходзіў. Яна адразу была са мной» (аўдыё/відэа)

Выканаўца з Наваполацку, які маючы на руках некалькі дэмак ужо зьбірае поўныя залі, у сваім першым вялікім інтэрвію распавёў чаму ён саромеецца сваіх запісаў «УКантакце», выступае адзін і ня хоча, каб музыка стала яго прафэсіяй, а таксама выдаў рэспэкты БГ, Дзянісаву і Рыжкову.

Стася Сілку з Наваполацку ўжо можна назваць новай зьявай у беларускай музыцы. У яго яшчэ няма прыстойных аўдыё і відэазапісаў, але яго дэмкі актыўна рэпосьцяцца ў сацсетках. На нядаўнім яго канцэрце ў Віцебску ў «Арт-базе» быў аншляг. Столькі тут зьбірала толькі Паліна Рэспубліка. У сувязі зь першым поспехам, у сеціве зьявіўся нават фан-плакат «Ён прыйшоў, каб заваяваць сэрцы мільёнаў жанчын», а сам Стась зладзіў жартаўлівую фотасэсію-пародыю на Вольскага «Віцебск. Восень. Сілка».

— Адкуль у цябе ўзялася цікавасьць да беларускага?

Цікавасьць да беларускага не ўзялася, яна была ад пачатку. Неяк так атрымалася, што з самага дзяцінства я чуў і беларускую мову, чытаў беларускія казкі, мог вольна размаўляць па-беларуску. Пасьля школа — беларуская кляса. Карацей мне ня трэба было «прыходзіць да беларушчыны». Я адразу быў зь ёй і яна са мной, гэта цалкам натуральная частка мяне. І калі я заўважыў, што часам у мяне атрымліваецца пісаць вершы і песьні, то пытаньня пра мову вырашылася вельмі хутка.

— Ты ж пішаш сам песьні?

Так, песьні я пішу сам, ёсьць адна песьня на верш паэткі Іры Бельскай, гэта адзіны прыклад, калі я напісаў музыку на чужы верш. А так усё маё.

— Хто і што натхняе цябе на стварэньне песень?

Я нарадзіўся ў Наваполацку, Віцебскай вобласьці, суседзтва са старажытнай сталіцай таксама напэўна паўплывала на мяне крыху і на творчасьць… Як быў малы зусім, маці дала касэту «Кино». Тады яшчэ інтэрнэтаў не было і рэдка даводзілася бачыць нейкія перадачы ці ўрыўкі выступаў рок-н-рольшчыкаў. Мяне вельмі моцна ўразіла, як яны выглядаюць, як яны сябе паводзяць, як яны размаўляюць з журналістамі, гэта ўсё вельмі моцна захапіла мяне і хацелася быць такім жа. Схільнасьці да музыкі таксама праявіліся дастаткова рана, у школе я граў на цымбалах, пасьля ў музычнай школе на бубнах, а гітару я засвоіў з жаданьня быць падобным да брата, ён добра граў калісьці. І тут панеслася.

— Якімі творчымі дасягненьнямі можаш пахваліцца?

Асаблівых дасягненьняў напэўна няма. Час ад часу выступаю, людзі прыходзяць, цікавяцца. Гэта самае важнае. Выступаў у Горадні, для мяне гэта было вельмі важна і дагэтуль толькі добрыя асацыяцыі з гэтым горадам, пару разоў выступаў у Менску.

— Ці сам разглядаеш музыку ў сваім жыцьці ўсур’ёз?

Музыка важная частка майго жыцьця. Я цяжка ўяўляю, чым бы я займаўся, каб не было ў мяне музыкі. Не было б у мяне і большасьці маіх таварышаў і сяброў, ды проста сумна было б. Я не хацеў бы, каб гэта стала прафэсіяй, губляецца функцыя рэлаксу, і тады проста жах.

— Табе ўтульна ў гэтым фармаце бардаўскім, санграйтэрскім?

Мне дастаткова зручна быць аднаму: запрасілі-паехаў, не запрасіліня трэба нікому тлумачыць, чаму мы нікому непатрэбныя. Аднак з-за такога вось фармату часам усё ж мяне называюць бардам, а гэтае слова я не люблю вельмі ў дачыненьні да сябе, я не лічу сябе бардам, асацыяцыі ў мяне іншыя. Я ня ведаю як сябе называць. Адна знаёмая журналістка назвала мяне рок-бардам, гэта неяк пасуе збольшага, хаця ўсё адно…

— У гэтай сувязі, ці не збіраешся пашырыцца і займець свой гурт?

Сапраўды, часам хочацца зрабіць свае песьні больш шырокімі, дадаць нейкіх інструмэнтаў, дадаць тое, што нельга зрабіць аднаму чалавеку і адной гітары, аднак нешта не атрымліваецца знайсьці блізкіх па духу. Музыку маю цяжка назваць моднай, дый я ня дужа люблю сучасную модную музыку, таму знаёмыя адэкватныя маладыя музыканты ня хочуць са мной граць. Рабіць нейкі кастынг-праслухоўваньне мне ня хочацца, тыпу: «Гурт шукае гітарыста, басіста, клявішніка, бубнача. Будзем граць музло!» Калі побач зьявяцца людзі, якім будзе ў кайф рабіць тое ж, што і я, то будзе гурт. Пакуль, на жаль, няма.

 На фота: Стась Сілка ў родным Наваполацку

— Сярод тваіх песень сустракаюцца пераклады расейскай рок-паэзіі чаму лічыш неабходным іх выконваць?

Я вырас ўсё ж на тым, што прынята называць расейскім рокам. Некаторыя песьні ў падкорку сядзяць проста, яны робяць мяне, і іх я перакладаю, калі ёсьць магчымасьць зрабіць пераклад максымальна блізкі да арыгіналу па сэнсе і па гучаньні. Творчыя пераклады, калі ад першапачатковай песьні застаецца толькі мэлёдыя і агульная сэнсавая накіраванасьць мне не падабаюцца, і я імі не займаюся. Наконт іх выкананьня, на выступах я выконваю толькі «Адэлаіду» Барыса Грабеньшчыкова, астатняе для сяброў. Дый ня так шмат гэтых перакладаў, па праўдзе.

— Якія выканаўцы, паэты ды наогул творцы беларускія з сучасных табе блізкія па сьветаадчуваньні?

Мне падабаецца панк, не паверыце. Малым слухаў «Глюкі» магілёўскі гурт. Цяпер «Дзецюкі» з Горадні. Увогуле большасьць праектаў Алеся Дзянісава мне падабаецца, зь вялікім задавальненьнем іх слухаю. З расейскамоўных я б назваў «Серебряную свадьбу» і «Плюмбум», актыўная такая музыка, жвавая і рухомая. Настрой уздымае і матывацыю нейкую задае. З паэзіяй я знаёмы слаба, мне падабаецца слухаць яе ужывую, чытаць ня дужа. Вось Віталь Рыжкоў. Мне даводзілася некалькі разоў бываць на яго выступах і гэта заўсёды здорава. Цяпер паэзія складаная такая стала, што проста чытаць яе немагчыма, яе трэба бачыць і чуць.

— Пакуль у цябе ёсьць некалькі дэма-запісаў «укантакціку» і ўсё. Ці зьбіраесься запісаць сур’ёзна свае песьні?

Запісы, якія ёсьць у інтэрнэце — гэта гук зрэзаны зь відэа канцэртаў рознай даўніны, мне там шмат што не падабаецца, а выдаліць я іх не магу. Ну такія ўжо дзіцячыя запісы ёсьць, што ай-яй-яй, і ў людзей можа скласьціся няправільнае ўражаньне. Раней мы зь сябрам запісалі адну песьню «Схавайся» ў больш-менш сабе якасьці, вось яе можна слухаць яшчэ (сьмяецца). Цяпер ідзе праца над альбомчыкам, гэта хутчэй справаздача своеасаблівая. Ня столькі альбом, а фіксацыя таго, што ёсць, каб не трымаць песьні ў галаве і займацца чым-небудзь новым. Песень 10 напэўна будзе на альбоме. Кліпаў здымаць «барду» мне падаецца ня трэба. Калі будзе гурт, тады можна будзе думаць. Спадзяюся, што ўсё будзе.

 На фота: Стась Сілка з часткаю гурта «Варган»

— Чым ты займаесься і цікавісься акром музыкі?

Па сканчэньні наваполацкага ліцэю, паехаў у Віцебск. Цяпер вучуся там на «мэнэджара па турызьме», мы стараемся так аптымістычна называць сваю спэцыяльнасьць. Віцебск таксама шмат мне даў. Я пазнаёміўся зь вялікай колькасьцю добрых людзей, якія то добрым словам, то высьпяткам рабілі і робяць мяне лепшым. Аднак пасьля ўнівэрсытэту хацеў бы вярнуцца ў Полацак і жыць там. У Полацку ёсьць гурт «Варган» яны займаюцца традыцыйнымі сьпевамі, і неяк празь іх я пачаў цікавіцца гэтым таксама. Народныя песьні гэта неверагодная рэч, у іх столькі ўсяго, калі сядзіш і слухаеш іх — прабірае да дрыжыкаў, калі сам сьпяваеш — гэта проста космас. Цікаўлюся гісторыяй, больш гісторыяй асобаў. І жыцьцём «маленькага чалавека». Гэта куды больш цікава чым войны, каралі, князі, здрады і хваробы.



Размаўляў Сяргей Будкін, фота са старонкі выканаўцы

КАМЕНТАРЫ:

  • Вераніка Крупіца
    Вераніка Крупіца / адказаць
    07.03.2015 / 19:55

    Малайчына, Стасік :)

  • Леон Зильберман
    Леон Зильберман / адказаць
    08.03.2015 / 08:10

    Добра, вельмі добра! здаецца таленты нараджаюцца з ніадкуль, але гэта ні так, усяму свой час ....

  • КАМЕНТАВАЦЬ