BosaeSonca: «Лёс N.R.M. нас не напаткае»
1921 / 0
26.02.2015

BosaeSonca: «Лёс N.R.M. нас не напаткае»

Напярэдадні запісу жывога альбому «Самы незвычайны канцэрт» удзельнікі гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў і Алесь Ясінскі распавялі пра перавагі дуэту перад квартэтам, пэрспэктывы беларускай музыкі ў Расеі і Чэхіі, а таксама выказалі ўпэўненасьць, што іх каманду ніколі не напаткае лёс N.R.M.

— Ці ўсе нармальна з гуртом BosaeSonca, а то факт запісу live-альбому дуэтам трохі насьцярожвае.

А.З.: З гуртом усё ў парадку! 1 сакавіка мы задумалі зрабіць такі студыйны кватэрнік у фармаце дуэта, бо гэта яшчэ адзін бок нашага гучаньня, якое заслугоўвае на нашую думку ня менш увагі, чым выступы поўным складам гурта. На леташнім фэсьце «Бардаўская восень» мы гралі удвух з Алесем Ясінскім і адчулі, што праграма выступу атрымалася досыць цэласнай і вельмі атмасфэрнай. Тады і нарадзілася ідэя запісаць яе ў студыі, але ў прысутнасьці слухачоў. Гэта ня лепш і ня горш за фармат поўнага гурта. Гэта проста абсалютна іначай. І мне ўласна такі фармат дуэта падабаецца найперш з-за таго, што такія выступы ў нас зазвычай гучаць вельмі асэнсавана, не губляецца ніводнага гуку, ніводнай эмоцыі, а ўзаемадзеяньне між музыкамі максымальнае.

— З боку іншых удзельнікаў няма крыўдаў з гэтай нагоды?

А.Я.: Усе ўдзельнікі гурта разумеюць, што вядучаю роля тут належыць Алесю Кату-Зайцаву і менавіта яму прыйшла гэтая думка — зрабіць такі камэрны, цёплы, душэўны атмасфэрны канцэрт-запіс. Ніякіх крыўдаў няма, гэта ж творчасьць. Тым больш, што далей будуць рэлізы з удзелам усіх.

А.К: З астатнімі музыкамі  мы па меры магчымасьцяў працуем над новым матэрыялам, а таксама граем канцэрты поўным складам. Больш за тое мы ўжо пакрысе пачынаем працаваць над трэцім студыйным альбомам.

— Адносіны ў вашым гурце сапраўды можна назваць выдатнымі? Ці быў ужо крызіс, які прыходзіць да 9 з 10 гуртоў у пэўны момант, калі ўсе разумеюць раптам, што апынуліся ў тупіку?

А.З: Думаю, такога крызісу ў нас не было, бо па-першае склад музыкаў першыя гады існаваньня гурта шмат мяняўся. Дзякуючы гэтаму людзі падабраліся настолькі блізкія духам і думкамі, што мы вельмі моцна разумеем адзін аднаго. Усё, што мы робім, мы стараемся рабіць толькі так, каб усім нам гэта было па кайфу. Бо нягледзячы на ўсю сур’ёзнасьць нашага стаўленьня да сумеснай працы ў гурце, мы ўсё ж на першае месца ставім асалоду ад працэсу і вынікаў. І пасьля ўжо нейкія прафэсійныя пытаньні і мэты.

А.Я.: Асабіста я крызісу ніколі не адчуваў. Мы ўжо некалькі гадоў працуем на адлегласьцях і таму кожны момант, калі мы зноў разам (а гэта здараецца нячаста і ненадоўга) — гэта падзея, якая для нас вельмі каштоўная. Для мяне ў першую чаргу таму, што бачуся зь сябрамі, зь вельмі блізкімі па духу людзьмі, якіх я вельмі паважаю і люблю, зь якімі проста файна бавіць час. А пасьля ўжо гэта творчасьць і музыка. А тупіка мы не адчувалі ніколі — гэта вельмі няўдзячнае пачуцьцё. Заўсёды можна штосьці новае рабіць. Тым больш, калі ўсё базуецца на павазе і любові.

— Алесь (Зайцаў), а ты дапускаеш, што «БосаеСонца» можа праз тваю занятасьць узяць і разьвіцца безь цябе на манер N.R.M. ці «Трубяцкога», напрыклад? Ці ў вашым выпадку гэта немагчыма?

А.З.: Ніколі не кажы ніколі (сьмяецца). Хаця я цяжка гэта ўяўляю сабе, бо музыкі гурта, акрамя BS граюць і ўдзельнічаюць яшчэ ў шэрагу калектываў. Алесь Ясінскі апошнім часам досыць пасьпяхова пачаў разьвівацца як сольны выканаўца і кампазытар. Таму мяркую, калі я вырашу паставіць кропку ў гісторыі BS, то наўрад ці камусьці з музыкаў будзе цікава працягваць працу гурта безь мяне. Да таго ж у нас няма такога зорнага і камэрцыйна выгаднага імя/статусу, якім можна было б карыстацца. Да ўсяго мы досыць блізкія сябры, таму маю спадзяваньне, што лёс N.R.M. зь непаразуменьнямі і канфліктамі нас не напаткае.

— Алесь (Ясінскі), ты ўжо ня раз засьведчыў сваю творчую амбітнасьць у якасьці аўтара і выканаўцы. Ці не перарос ты ў гэтай сувязі ўзровень баяніста гурта на сваё адчуваньне?

А.Я.: Ні ў якім разе. Наадварот — столькі яшчэ паляпшаць у гэтым рэчышчы! Я ня граю дадзеныя кімсьці партыі, а маю непасрэднае дачыненьне да творчага працэсу — а там заўсёды можна глыбей, танчэй і ярчэй. Тым больш што мне як аўтару цікава працаваць з творамі іншых — гэта вялікая школа.

— А наколькі сур’ёзна можна казаць пра тваю сольную кар’еру як аўтара і выканаўцы сваіх песень. Ці гэта проста творчая разьмінка?

А.Я.: Так, мне бы вельмі хацелася пайсьці далей у гэтым кірунку. Напрыклад, цяпер займаюся зьвядзеньнем новай песьні, якую неўзабаве можна будзе пачуць. 5 сакавіка граю сольны канцэрт у менскім бары ДК, дзе значную частку праграмы будуць складаць менавіта песьні, большасьць зь якіх будзе выконвацца ўпершыню. Восеньню гэтага году хацеў бы выдаць першую сольную плыту. Дамаўляюся з музыкамі наконт выступаў восеньню — было б добра пашырыць гэты праект да невялікага гурта, з рытм-сэкцыяй. Аднак пакуль праца, так бы мовіць, унутраная. Зьбіраю матэрыял, пішу і шукаю тэксты, ствараю музыку. Спадзяюся, гэта будзе мець свой выхад вонкі і спадабаецца слухачам.

Але пры гэтым працаваць зь іншымі праектамі хачу і буду, і з інструмэнтальнай і акадэмічнай музыкай разьвітвацца ня стану. Вось толькі што вярнуўся з Бэрліна, дзе адбылася прэм’ера даволі сур’ёзнай кампазыцыі «Мір» для баяна са струнным квартэтам. Хутка можна будзе пачуць канцэртны запіс. А ў сакавіку-красавіку зайграю з аркестрамі ў Чэхіі і Славаччыне.

— Алесь (Зайцаў), не абмінуць пытаньня і твайго іншага праекту — Fridance. Як слушна назваць — сайд-праекту, паралельнага гурта, раўназначнага? Ці ты апынаўся ўжо ў стадыі выбару між «БосымСонцам» і «Фрыдансам» і што ўсё ж такі будзеш рабіць, калі такі выбар трэба будзе зрабіць у будучыні?

А.З.: Буду шчырым — канечне BosaeSonca больш «маё» і па творчым, і па стылістычным складніках. Але Fridance для мяне таксама цікавы праект, досьвед і пэўная прыступка ў музычным разьвіцьці. Fridance для мяне магчымасьць зірнуць на сябе зь іншага боку, адкрыць нейкія новыя бакі сябе самога. Калі казаць пра выбар, то патрэбы абіраць нешта адно ў мяне няма на сёньня. Калі такая патрэба ўзьнікне, то я ўжо ведаю які выбар зраблю. І магу дакладна сказаць, што гэты выбар напэўна будзе крокам наперад для мяне і, спадзяюся, нечым новым і нечаканым для слухачоў і аднаго, і другога гурта.

— Якім новым рэчам цябе навучыла твая праца ў Маскве?

А.З.: Гэта магло б стаць асобнай тэмай для інтэрвію па-шчырасьці. Апошнія пару гадоў працы ў Маскве навучылі вельмі многаму і ў пляне стасункаў у калектыве, і ў прафэсійным пляне. Але найперш напэўна ў пляне жыцьцёвым. Гэты час для мяне быў крыху жорсткай, але вельмі неабходнай «школай жыцьця». Як вынік я зразумеў, што магу нашмат больш, чым думаў раней. Мяркую, што гэта адлюструецца і на маёй музыцы і на астатніх рэчах, якія я раблю і буду рабіць у бліжэйшай будучыні.

— Чаму пры гэтым «БосаеСонца» не прасоўваецца ў Расею?

А.З.: Я ня бачыў у гэтым сэнсу да нядаўняга часу, але цяпер такія думкі ёсьць. І яны не датычаць канкрэтна Расеі, а хутчэй цікаўнасьці папарацаваць над музыкай ў больш глябальным плане, не прывязваючы яе да пэўнай геаграфічнай кропкі. Тут галоўнае не перастарацца і не згубіць сябе. Але, думаю, нам гэта не пагражае.

— У сувязі з працай Зайцава ў Расеі, а Ясінскага ў Чэхіі, скажыце кожны за «сваю» краіну — ці здольны зацікавіць беларускамоўны музычны праект мясцовую аўдыторыю — у Расеі і Чэхіі адпаведна?

А.З.: Цяпер такія часы, што казаць пра сытуацыю ў Расеі вельмі складана. Бо ў гэтай краіне за апошні год усё стала вельмі незразумела і непрадказальна. Калі ж паспрабаваць абстрагавацца ад сучасных абставінаў пры адказе на такое пытаньне, то, мяркую, у Расеі заўжды знойдзецца пэўнае кола людзей, якім будзе цікавы якасны і ў творчым пляне цікавы, актуальны праект на беларускай мове. Але калі казаць пра нейкія сур’ёзныя маштабы, то хутчэй за ўсё гэта было б магчыма толькі пры наяўнасьці кантракту з больш-менш буйным мясцовым лэйблам, ці хаця б зь нейкай сур’ёзнай і ўжо працуючай мэнэджмэнт-сыстэмай. А ці цікавы быў бы такі праект мясцовым лэйблам? Тут вельмі шмат момантаў, чаму «так», ці чаму «не». Калі ж прасоўваць такі праект сваімі сіламі, то вынікам будзе невялікая, але досыць адданая і сапраўды зацікаўленая аўдыторыя. Адным словам усё магчыма, але нюансаў вельмі шмат.

А.Я.: Можа. Толькі акцэнт трэба рабіць у першую чаргу на музычны складнік. Хаця і шмат каму з чэскіх сяброў вельмі падабаецца наша мова. Сьпявачкі Радка Фішарава і Іва Марэшава, зь якімі граю, нават часам просяць, каб прынёс для іх нейкую беларускую песьню. Гэта вельмі цешыць. Хаця мы і славяне, але ж чэхі па характары сваім адрозьніваюцца ад нас. Для беларусаў больш характэрна глыбіня і вытанчанасьць, эмацыйнасьць, пошук сэнсаў, адданасьць. Гэтым можна ня толькі чэскую, але і якую заўгодна публіку заваёўваць!

— Ці можаце ўжо сказаць у свае 28 і 25 гадоў адпаведна, што ўжо дакладна акрэсьліліся з тым, што будзеце рабіць па жыцьці ці пакідаеце яшчэ месца для ваганьняў?

А.З.: Уласна ў мяне няма адчуваньня, што я цалкам вызначыўся. Мне ўвесь час здаецца, што самыя важныя крокі яшчэ наперадзе. І штосьці мне падказвае, што так яно і ёсьць.

А.Я.: Канечне, шмат чаго можа адбыцца ў жыцьці, усё мяняецца, але чамусьці менавіта ў гэтым мне падаецца, што вызначыўся — займаюся і буду займацца музыкай. Для мяне гэта вялікі акіян, у якім шмат розных плыняў і выспаў. Пакуль мне падабаецца сэрфаваць, лавіць вецер, зьмяняць напрамкі, даваць нырца. Можа калі стану сталейшы і старэйшы, асяду дзе-небудзь на адным месцы.

Размаўляў Сяргей Будкін, фота Любові Мухі

BosaeSonca. Запіс live-альбому «Самы незвычайны канцэрт» адбудзецца 1 cакавіка ў 20:00 на студыі »Everest Media» ў Менску ў прысутнасці гледачоў. Пра наяўнасць месцаў спраўджваць праз тэл. +375-29-279-63-39, +375-44-579-63-39