«Ілюжан». Давайце вучыцца быць добрымі і сьмелымі (аўдыёпрэм’ера!)
2786 / 0
20.02.2015

«Ілюжан». Давайце вучыцца быць добрымі і сьмелымі (аўдыёпрэм’ера!)

Гурт «Ілюжан» прадстаўляе на Tuzin.fm cваю новую працу — самотнік «Татачка». Музыкі заклікаюць вучыцца. Вучыцца быць добрымі і цярплівымі, сьмелымі і адданымі.

«Музыка, якой не ставала», — так зваўся матэрыял на Tuzin.fm пра прэзэнтацыю дэбютнага сынглу гурта  «Ілюжан». Музыкі працягваюць чараваць і ствараць арыгінальны творчы кантэнт. Цяпер яны прадстаўляюць самотнік «Татачка». Вакалістка і аўтарка словаў Кацярына Аліхвер называе гэты твор унутраным дыялёгам і заклікам адначасова. «Гэтай песьняй мы хочам сказаць: давайце вучыцца! Вучыццца быць добрымі і цярплівымі, сьмелымі і адданымі. Ня толькі таму, што так прынята. А таму што мы адказныя. За тых, хто ідзе за намі, хто вучыцца, гледзячы на нас і капіюе нашыя паводзіны ад нараджэньня, хочам мы таго альбо не. Бо час ляціць хутка і аднойчы ў першую чаргу нам самім спатрэбіцца дабрыня, клопат і любоў, якой мы мусілі па жыцьці дзяліцца з блізкімі. Давайце шанаваць традыцыі, якія палягаюць у першую чаргу ў асэнсаваньні і захаваньні простых жыцьцёвых ісьцін, а не ў перайманьні абрадаў ды рытуалаў, зьнешніх манераў ды формаў».

Кацярына раіць развучыць гэты новы сьпеў ад «Ілюжан» ды сьпяваць прыпеў сваім каханым, дзядулям і — канечне — таткам! Яна верыць у тое, што гэты твор можа стаць сапраўднай замовай на лепшае: «Слухайце разам з намі свой унутраны голас. Ён ня злосны й не лагодны, ня сумны й не вясёлы, ён ніколі ня хлусіць і ня мае перадузятасьці. Гэта голас нашых продкаў, голас самога жыцьця, які гучыць на розныя лады і кліча нас да Сьвятла».

З гэтай песьні бачна, што музыкі з «Ілюжан» — сапраўдныя пэрфэкцыяністы. Кампазыцыя «Татачка» была створаная падчас першай рэпэтыцыі гурта 11 лістапада 2011 году. Музыку да яе стварыў Сяргей Харашкевіч, а словы напісала Кацярына. Запісвалася яна ў экспэрымэнтальных умовах і паступова дапрацоўвалася цягам 2013—2015 гадоў часткова на студыі «Гукі плянэты», пасьля на студыі Зьмітра Мікуліча і ў хатняй студыі гурта «Ілюжан». Урэшце яе фінальны варыянт прадстаўляецца да ўвагі наведнікаў Tuzin.fm.

Сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйную суполку.

Яшчэ: !OUT: Музыка, якой не cтавала (аўдыё/відэа прэзэнтацыя EP)

Tuzin.fm