!OUT: «Сакрэтная сэсія» Zabelov Group (відэа+аўдыё)
3591 / 1
17.02.2015

!OUT: «Сакрэтная сэсія» Zabelov Group (відэа+аўдыё)

Раман Забелаў распавёў Tuzin.fm пра сакрэтную сэсію ў пустой канцэртнай залі Праскае кансэрваторыі, вынікам якой стаў адзін з найцікавейшых рэлізаў 2014 году ў Беларусі.

Раман з дынастыі акардэаністаў Забелавых апынуўся ў Празе 5 гадоў таму. Перад тым музыка крыху судакрануўся з андэграўндам Менску — граў з «Маланка-orchestra» і DJ Deem. Па аналёгіі са старэйшым братам Ягорам, Раман не давучыўся ў Беларускай акадэміі музыкі, адолеў толькі два курсы. Затое ў Праскай кансэрваторыі быў залічаны адразу на 5 курс і атрымаў падвойную адукацыю — акардэаніста й кампазытара. Цяпер Раман працягвае навучаньне ў Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў у Празе. Разам з сваім чэскім калегам ён запісаў альбом ў пустой канцэртнай залі Праскае кансэрваторыі. Пра гэты рэліз дагэтуль амаль ніхто ня чуў, ніхто пра яго нават не пісаў, але яго сьмела можна назваць адным з самых цікавых у нашай музыцы ў 2014 годзе.

ТГ: Рамане, ці вялікая розьніца ў мэтадах навучаньня ў Празе й у Менску?

Раман Забелаў: Тут, у Празе, прыемная атмасфэра, стаўленьне да студэнтаў вельмі трапяткое. Мясцовая кансэрваторыя мае вялікае імя, бо існуе 200 гадоў. Беларуская адукацыя таксама вельмі добрая. Папросту ўсё залежыць ад таго, якія мы мэты сабе ставім. Мой шлях у Прагу доўжыўся не адзін год. Прыйшоў такі час, калі мне захацелася чагосьці новага, калі я стаміўся ад сваіх трохі аўтаматычных рухаў у навучаньні. Падалося, што ўсё ўжо зразумела й няма куды ісьці. У мяне заўсёды была такая праблема: я ўмеў вучыцца на «выдатна», але ня ведаў, дзе гэтыя веды выкарыстоўваць. Сэнс жа не ў «пяцёрках».

ТГ: Увогуле ў Празе цяпер атрымлівае адукацыю цэлы шэраг беларускіх музыкаў, акром Вас. Алесь Ясінкі з «Босага Сонца», напрыклад.

Канечне, мы зь ім знаёмыя. Але ня думаю, што беларусаў тут шмат. Тых, каго я ведаю, можна пералічыць па пальцах. Я вельмі рады, што навучаюся ў Празе, але не зацыкліваюся на думках кшталту «змагу я тут застацца ці не?».

ТГ: Чаму вы граеце удвох, тандэмам, але назвалі свой праект Zabelov Group? Ці не замала людзей для гурту?

Мы шукалі назоў, які б больш падыходзіў. Нейкія назовы прыходзілі, але яны чамусьці ўжо існавалі ў іншых праектаў. У выніку мы назваліся самым простым чынам — Zabelov Group. Нам падалося, што мы ўдвох робім больш, чым дуэт.

ТГ: А распавядзіце пра свойго чэскага калегу.

Бубнача завуць Ян Шыкал, цудоўны чалавек і клясны партнэр. Вельмі-вельмі-вельмі інтэлектуальна разьвіты! Ён прафэсійны кампазытар. Акром бубноў, Ян мае чароўную валізку з мноствам электронных эфэктаў. І ўвогуле на большасьці інструмэнтаў ён умее граць. Таму мне вельмі зь ім пашанцавала.

ТГ: Альбом «Secret Session» дэманструе нам сумесь самых розных кірункаў — уплывы эмбіенту й даўнтэмпа, элемэнты джазу й этна. Як Вы самі вызначаеце стыль?

Да нас ужо шмат розных налепак прыляпілі. Але гэта проста словы, якія мне нават называць ня хочацца. Гэта проста жывая музыка, кірунак якой вельмі цяжка абазначыць. Бо мы клясычныя музыкі, якія прыйшла вось да такое праявы.

ТГ: Трэк №3 «Roots» падаецца самым фальклёрным з усіх. Пэўна, твор адрасаваны Радзіме?

Добрае пытаньне! Я жыву ў Празе сам, без аніякіх сваякоў. Натуральна, што нейкая сувязь і цяга да Радзімы ёсьць.

ТГ: Ці ня блытаюць Вас з братам, зь Ягорам Забелавым? Тым больш, што ягоны праект «Гурзуф» меў такі ж склад — акардэон+бубны.

У любым выпадку мне гэта не перашкаджае, а нават наадварот. Я рады, што Ягор там добра вядомы. Ён — сур’ёзны музыка, моцны чалавек. Натуральна, што Ягорава творчасьць заўсёды на мяне ўплывала. Менавіта ён пазнаёміў мяне з андэграўндам. Канечне, я разумеў, што Ягор меў такі ж інструмэнтальны склад. Таму спачатку я спрабаваў знайсьці проста пэркусіяніста, а потым дзеля больш моцнага гуку давялося з барабаннай сэкцыяй папрацаваць. Так само па сабе атрымалася. З таго часу, як мы запісалі «Secret Session», нашае гучаньне зьмянілася, зьяўляюцца новыя рэчы. Хочам зрабіць самотнік з кліпам. Над гэтым цяпер шчыльна працуем. 

У сеціве альбом Zabelov Group «Secret Session» існуе ў дзьвюх вэрсіях — відэа- і аўдыё-. То бок, сэсія адначасова запісвалася й здымалася. Прычым, у аўдыёварыянце на адзін трэк больш. Набыць альбом на CD магчыма толькі на канцэртах Рамана й Яна. Сачыць за дзейнасьцю Zabelov Group можна празь іх афіцыйны сайт, Bandcamp, Soundcloud i Facebook.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: