TonqiXod: «Прыемна, што наша дробнае хуліганства ацанілі»
2894 / 0
08.01.2015

TonqiXod: «Прыемна, што наша дробнае хуліганства ацанілі»

Надзвычай удала стартаваў у аўдыёчарце «Конрад Валенрод» — 11-хвіліннае музычнае палатно ад гурта TonqiXod апынулася наперадзе ўсіх ў сёмым туры галасаваньня.

Адрыў у навічкоў туру ад другога месца — вельмі істотны, ажно 82 галасы. За новы трэк TonqiXod прагаласавалі 290 разоў. Для гурта гэта перамога ня першая ў «Тузіне». У мінулым сэзоне яны лідзіравалі некалькі тыдняў зь песьняй «Насыпаць горы». Чарговы посьпех узрадаваў музыкаў. «Мы, як малыя дзеці, — усяму радыя. Да таго ж, верылі і спадзяваліся, што дробнае хуліганства ў выглядзе 11-хвіліннага „гіта“ нехта ацэніць і падтрымае. Прыемна, што так і здарылася. Але, відаць, перамозе трэку „Насыпаць горы“ мы радаваліся трохі больш, бо гэта быў зусім дэбют», — прызнаецца вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч.

Сапраўды — у 12-гадовай гісторыі чарту на «Тузіне» не было яшчэ даўжэйшага трэку, чым «Конрад Валенрод». Ранейшы рэкорд належыў «Песьні Чугайстра» ўкраінскага гурта «Тінь Сонця», якая доўжылася 9 з паловай хвілін. Але ці гатовыя музыкі пры патрэбе скараціць свой трэк? «Кепска ўяўляю, як гэта можна зрабіць, — кажа клявішнік і аранжавальнік гурта Максім Субач. — Канечне, няма нічога незьдзяйсняльнага. Але не лічу, што яно вартае таго». А Ўладзь Лянкевіч дае жартаўлівую параду на выпадак таго, калі іх трэк усё ж захочуць узяць на радыё: «У этэры пры жаданьні можна проста сьцішыць на трэцяй хвіліне, пачаць балбатаць і выключыць, як рабілі ў 90-я. Або ў скрайнім выпадку проста паскорыць у два разы трэк». Варта заўважыць, што на радыё гэты трэк ужо гучыць — у перадачы «Радыё Тузін», што выходзіць на хвалях «Радыё Рацыя».

Удзельнікі TonqiXod самі з інтарэсам сочыць за разьвіцьцём падзеяў у чарце. Максам Субач, напрыклад, аддае свае галасы гуртам «Нельга забыць» і Nizkiz.

Узімку-2015 гурт зьбіраецца даць некалькі канцэртаў, у тым ліку зладзіць жывую прэзэнтацыю свайго новага альбому «Прадмова». Сачыце за нашай афішай!

Tuzin.fm, фота прадастаўлена гуртом