!OUT: беларуская «Бібігонія» Вячаслава Бутусава* (відэа)
3026 / 0
20.12.2014

!OUT: беларуская «Бібігонія» Вячаслава Бутусава* (відэа)

15 гадоў таму, акурат на Каляды, у Менску быў прэзэнтаваны неверагодны праект, на які амаль усе забыліся. Экс-лідэр Nautilus Pompilius Вячаслаў Бутусаў з дапамогай беларускіх музыкаў стварыў цэлы сусьвет пад назвай «Бібігонія».

У вялікім шоў «Бібігонія» зь Вячаславам Бутусавым на чале аб’ядналіся ўдзельнікі беларускіх гуртоў «Плато», «Калыханка» ды «Калі Юга», якія атрымалі поўную свабоду дзеяньняў у падыходзе да аранжыровак. За агульнае гучаньне адказваў на той момант пэркусіяніст Apple Tea Аляксандар Старажук.

СТВАРЭНЬНЕ «БІБІГОНІІ»

Пасьля распаду расейскае рок-групы Nautilus Pompilius яе лідэр Вячаслаў Бутусаў у 1998 годзе зрабіў свой першы сольны альбом «Овалы». Публіка ды крытыка сустрэла працу без асаблівага энтузіязму — занадта вялікі адчуваўся кантраст з «НАУ», асабліва па ўзроўні тэкстаў. Бутусаў марыў арганізаваць на базе альбома «Овалы» пампэзнае й аднаразовае дабрачыннае прадстаўленьне «зь незвычайнымі музыкамі й інструмэнтамі, з чыстымі прыроднымі галасамі». Пра сваю ідэю падчас аднаго з банкетаў ён распавёў Івану Паланейчыку — арганізатару канцэртаў расейскіх рок-зорак у Менску, якога цікавілі ня столькі грошы, колькі нерэальныя й арыгінальныя ідэі.

На прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай «Бібігоніі», Бутусаў раскрыў некаторыя арганізацыйныя таямніцы: «Плянаваўся ўдзел беларускіх супэрзорак, якія б выконвалі пэўныя нумары. У мяне захаваўся першапачатковы сьпіс, дзе было расьпісана, хто дзе сьпявае: дзе Мулявін, дзе яшчэ нехта… Даволі шмат такіх культавых музыкантаў. Але наколькі я зразумеў, яны ўсе адмовіліся з-за цяжкасьці фінансавага стану. А Плато вырашыла рызыкнуць. Дзякуючы іх энтузіязму, усё гэта й атрымалася. Калі б не яны, уся б гэтая ідэя завалілася».

«Плато» — адзін зь нямногіх у Беларусі акустычных рок-гуртоў на той час, які ствараў уласныя песьні на падставе сусьветнае этна-музыкі. Лідэр фармацыі Мацей Сабураў сьцьвярджае, што рэпэтыцыі, якія ніхто не аплачваў, ладзіліся цягам чатырох месяцаў пяць разоў на тыдзень. У склад уліўся гітарыст «Калі Югі» Андрэй Дзяменцьеў. Пакуль «Плато» распрацоўвала аранжыроўкі, перарабляла рытмы, дадавала свае мэлёдыі, прадусар Іван Паланейчык шукаў вартых вакалістаў для «Бібігоніі». Завітаў і ў Міханавічы (пасёлак пад Менскам), дзе пазнаёміўся з гуртом «Калыханка» й ейнай кіраўніцай Ларысай Рыжковай.

Л. Рыжкова ўзгадвае: «Мы слухалі зь дзецьмі з нашае малодшае групы „Куманёк“ кружэлку „Овалы, якую пакінуў нам Паланейчык, выдумлялі разам падпеўку й потым паказвалі на агульных рэпэтыцыях у Менску. Музыканты казалі: Добра. Па саўндзе падыходзіць“. 9 кампазыцыяў мы сьпявалі разам з Бутусавым. А таксама мелі 3 свае выхады зь беларускім фальклёрам у нацыянальных строях».

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ «БІБІГОНІІ»

Першая дэманстрацыя праекту «Бібігонія» адбылася ў к/з «Мінск» на каталіцкае Нараджэньне Хрыста — 25 сьнежня 1999 году. Вячаслаў Бутусаў быў упэўнены, што Беларусь — каталіцкая краіна, амаль як Польшча. Ён меркаваў, што Каляды будуць найлепшым часам для прэм’еры гэтага праекту.

Мацей Сабураў зазначае: «А ў выніку атрымалася мыльная бурбалка. Помпа была надзьмутая вялікая, абяцалася нешта грандыёзнае. Але, напрыклад, з аздабленьня на авансцэне апынуліся толькі балёнікі ў вялікай колькасьці. То бок, карпаратыўная такая вечарына агромністае кампаніі зь дзецьмі ды Бутусавым».

25 лютага 2000 году праграма дэманстравалася ў Санкт-Пецярбурзе ў ВКЗ «Октябрьский». Да праекту далучыўся тэатар клёўнаў «Лицедеи». Яны канцэптуальна аб’ядналі дзею й дадалі размах масавага псыхозу: на сцэну выяжджалі вялізныя дэкаратыўныя параходы ды цягнікі, набітыя клёўнамі, танчылі тлустыя балерыны, піянэры й вадалазы, ляталі бумэрангі, узрываліся шарыкі. Поўны творчы вэрхал! У асобныя моманты на сцэне апыналася каля 60 чалавек. Кожную песьню суправаджала адмысловая пастаноўка. Пастаянна мяняліся дэкарацыі й строі. «Куманёк» з 12 дзяцей пераапранаўся некалькі разоў, яны вылазілі на сцэну зь вялікіх гандлярскіх торбаў. У касьцюме мышы выбягала й малая дачка Бутусава. Самому асноўнаму аўтару была адведзеная роля Бібігона. Ларыса Рыжкова дадае: «За піцерскі канцэрт дзеці зарабілі па 10 даляраў кожны».

Тэлевэрсія прэзэнтацыі «Бібігоніі» ў Санкт-Пецярбурзе, 2000 г.

Празь месяц, 30 сакавіка «Бібігонія» дэманстравалася ў Маскве, таксама ў вялікай залі, што завецца «Россия». А ў прамежку між канцэртамі Вячаслаў Бутусаў і «Плато» завіталі ў жывы телеэтэр — на «Антрапалёгію» Дзьмітрыя Дзіброва. У песьні «Тутанхамон» Бутусаў увесь час азіраўся, каб паглядзець, якія ж там акорды бярэ Мацей.

КАНЕЦ «БІБІГОНІІ»

Ацэньваючы супольны праект зь беларускімі музыкі, Вячаслаў Бутусаў прызнаўся: «Атрымалася нейкая сумесь Чукоўскага з Хармсам і чымсьці яшчэ. Я, прынамсі, дамогся стану поўнага абсурду ў галаве. Але да стану фанатыка ды шызафрэніка не дацягнуў».

Па словах Мацея Сабурава, Бутусаву было шкада, што ён мала ўдзельнічаў у працэсе стварэньня шоў, ён адчуваў сябе быццам вясельны генэрал, які прыйшоў на ўсё гатовае. Калі ў тэкстах песень «Бібігоніі» знаходзілі шмат агульнага з Грабеншчыковым, то сама пастаноўка многім нагадала спробу паўтарыць «Поп-Механику» Сяргея Курохіна. Пасьля канцэрту ў Маскве вяліся перамовы наконт паказаў «Бібігоніі» ў Ізраілі ды ЗША, але разьвіцьця праект не набыў і застаўся не зафіксаваным у студыі. На маскоўскіх праграмках прадбачліва было напісана, што наступная «Бібігонія» будзе магчымая толькі ў 4000 годзе.

У ЯКАСЬЦІ ЭПІЛЁГУ

У 2004 годзе Вячаслаў Бутусаў яшчэ раз уразіў Менск зьнянацку даўшы бясплатны канцэрт на плошчы Бангалёр у падтрымку забароненых музыкаў. А нядаўна галоўны Бібігон адзначыў у Палацы Рэспублікі 30-годзьдзе гурту Nautilus Pompilius.

«Плато» пасьля супольнае праграмы з Бутусавым атрымала шматлікія прапановы наконт выступаў у Расеі, але неўзабаве развалілася. Мацей Сабураў сабраў новы склад, але, як выявілася, толькі на кароткі тэрмін. Потым гурт ізноў узяў працяглую паўзу. Цяпер Мацей больш вядомы як відэарэжысэр, супрацоўнічае зь Лявонам Вольскім і тэатрам «ІнЖэст».

Для гурту ж «Калыханка» зь Міханавічаў экспэрымэнты з расейскімі рокэрамі ў 2000 годзе толькі пачаліся. Новымі «ахвярамі» сталі Дзьмітры Равякін ды Чыж. Затым былі сумесныя выступы з Kriwi, «Юр’ем», «Палацам», Алегам Алоўнікавым і музыкамі ансамблю Morfe.

Прадусар Іван Паланейчык цяпер кіруе Цэнтрам інтэлектуальных тэхналёгіяў, вывучае уплыў музыкі на разьвіцьцё інтэлекту.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Скарыстаныя праграмкі з архіву Ларысы Рыжковай, загалоўнае фота з адмысловае фотасэсіі да «Бібігоніі», аўтар Алекс Федзячко-Мацкевіч

*артыкул упершыню апублікаваны на Tuzin.fm 28.12.2012.  Да гэтай публікацыі матэрыял актуалізаваны і дапоўнены новымі фактамі

 Дадатак. В. Бутусаў і «Плато» ў праграме «Антрапалёгія», 2000 г.