Atyla. Ані Volski, ані Akute (прэзэнтацыя EP)
3186 / 0
08.12.2014

Atyla. Ані Volski, ані Akute (прэзэнтацыя EP)

Гурт Atyla прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны EP «Senza Risposta», у якім спрабуе разьвязаць адну з праблемаў беларускай музыкі, што выяўляецца ў дзьвюх крайнасьцях.

Хлопцы з Atyla заяўляюць, што прыйшлі на сцэну, каб разнастаіць яе. «У беларускай музыкі ёсьць праблема — яе кідае ў дзьве крайнасьці: Вольскі ці Akute», — заяўляюць яны. Пры тым, што ня маюць нічога супраць ані Лявона, ані магілёўскага гурта.

Гурт Atyla паўстаў летам 2014-га ў цягніку Вільня — Менск. З таго часу ішоў няспынны пошук назвы, і спыніцца было вырашана на варыянце «Atyla», ад «tyla» — цішыня зь літоўскай. На дадзены момант у гурце пастаянна грае два чалавекі: Бруна Танда і Нічыпар Шалаеў. «Як і любыя нармальныя музыкі ў пачатку свайго шляху мы — студэнты-разьдзяўбаі, якія ні ў чым ня ўпэўненыя. Прафэсійнай музычнай адукацыі ня маем, таму вучымся самі, і, часьцей за ўсё, на сваіх уласных памылках», — кажуць хлопцы. Бруна — 19-гадовы студэнт праграмы «Міжнароднае права», які ніколі не хацеў быць юрыстам, але жыцьцё вырашыла трохі іначай. Нічыпар — 19-гадовы студэнт праграмы «Візуальная культура», які замест таго, каб хадзіць на пары па апэратарскім майстэрстве зачыняецца ў радыёстудыі і займаецца зьвядзеньнем песень.

Стваральнікі гурта Atyla называюць грунтоўны прынцып сваёй творчасьці — адыход ад жанравых рамак і прыўнясеньне новага ў сучасную беларускую музыку. Дык а як яны ставяцца да створанага да іх? «Ня тое, каб мы лічылі беларускую музыку адсталай і алдовай. Гэта, дарэчы, нават добра, алдовасьць — гэта кул. У яе ёсьць іншыя праблемы. Як тыя дзьве крайнасьці. Самі мы слухаем вельмі разнастайную музыку, і нам шкада, што беларускай сцэне бракуе разнастайнасьці шмат у чым, пачынаючы ад жанраў і сканчаючы гучаньнем».

Музыкамі рухае ідэя — рабіць новую музыку ў Беларусі і для беларусаў. «Намі рухае ідэя, і гэтая ідэя прымушае нас працаваць, пісаць, перарабляць і перазводзіць песьні па тысячы разоў і не скарацца».

Atyla ўжо прайшоў першыя выпрабаваньні на сваім шляху — удзел у адборачным конкурсе на «Бардаўскую восень», празь які яны не прайшлі і меркаваная прэзэнтацыя на інтэрнэт-лэйбле «Пяршак», які адмовіўся прэзэнтаваць іх матэрыял. Бруна і Нічыпар рукі не апускаюць: «Жыцьцё ў літоўскай сталіцы навучыла нас важнай рэчы: „Рабі пільна, і тут будзе Вільня“. У будучыні, канечне, асноўнай мэтай ёсьць вылезьці з андэграўнду і даказаць хаця б сабе, што можна ў Беларусі зьвязваць жыцьцё з музыкай».

Яны ствараюць песьні пад уплывам ад таго, што адбываецца наўкол. Сынгл «Senza Risposta» (з італьянскай — «без адказу») адкрывае песьня пад назвай «Мілітарызацыя». «Яна нарадзілася на фоне апошніх падзеяў у сьвеце. Здараюцца такія моманты, калі ня хочаш бачыць і чуць такія словы як „вайна“, „забіты“, „палітыка“ і г. д. Ужо ня хочацца зазіраць на сайты навінаў, бо ведаеш, пра што будзеш чытаць, і што зноў з аднаго боку будуць чарговыя „ватнікі“, а з другога — чарговыя ж „укропы“. Гэтая песьня пра тое, што нават нягледзячы на нашу прагу волі, свабоды і нейкай эфэмернай дэмакратыі мы выступаем супраць таго, каб людзі хаваліся па розныя бакі барыкадаў і варагавалі між сабой», — распавядае Бруна.

Дэбютны ЕР, які гурт прадстаўляе да ўвагі наведнікам Tuzin.fm, папярэднічае дэбютнаму альбому Atyla. Цяпер хлопцы шукаюць магчымасьцяў як мага часьцей выступаць ужывую, каб набрацца досьведу і лепей адчуваць да чаго імкнуцца. І не супроць былі б сыграць на разагрэве ў каго-небудзь з крутых беларускіх музыкаў. У таго ж Вольскага ці Akute.

Tuzin.fm, фота Яўгена Ганчара

Тэгi: