Sciana. 15 галоўных кадраў з гісторыі гурта (фота/аўдыё)
2784 / 1
25.11.2014

Sciana. 15 галоўных кадраў з гісторыі гурта (фота/аўдыё)

Шалкевічам пахрышчаныя, украінцамі і палякамі аблашчаныя, саксафаністамі пакінутая ды электронікай напічканая… З нагоды 15-годзьдзя берасьцейскае «Сьцяны» Tuzin.fm зазірае ў гісторыю гурта, які стварыў узор беларускай альтэрнатыўнай музыкі новага стагодзьдзя.

«Сьцяна» рэальна трымаецца на трох кітах, якімі зьяўляюцца: Андрэй Клімус — бас-гітарыст, бэк-вакаліст, аўтар песень; Павал Прохараў — вакаліст і гітарыст; Аляксей Кузьняцоў — бубнач. Менавіта апошняму 15 гадоў назад прыйшла ідэя стварыць уласны гурт. «Сьцяну» добра прымаюць ва ўкраінскіх і польскіх гарадах, ня кажучы ўжо пра роднае Берасьце ды Менск. Зрэшты, у беларускай сталіцы музыкі выступаюць вельмі рэдка. Так што кожны іх прыезд — сапраўдная падзея для прыхільнікаў беларускай альтэрнатывы. Больш дакладна стылістыку каманды і не акрэсьліш, з увагаю на тое, што зьмены ў складзе цягам гэтых гадоў адбіваліся і на іх музыцы. Але шчырасьць, драйв і пазытыў — гэта тое, што было ў «Сьцяны» заўжды.

Мы разьбіраем фотаархівы гурта разам з Андрэем Клімусам, Паўлам Прохаравым, Аляксеем Кузьняцовым і Валерыем Сакаловым ды згадваем цікавыя падзеі з гісторыі калектыву.

1999 год — так усё распачыналася

«Самы пачатак… Гараж, лета, рок-н-рол. Нам тут па 15 гадоў, а Аляксею і тых няма. Тады яшчэ ніхто ня ведаў, наколькі далёка гэта ўсё зойдзе», — кажа з гумарам Андрэй.

У музычную школу хлопцы з будучай «Сьцяны» не хадзілі, але наведвалі музычны гурток у мясцовым Доме піянэраў.

Павал дадае: «Дазволіць тады сабе якасныя інструмэнты мы не маглі, гітары нашыя самыя танныя. А мая гітара, якой я нібы душу на здымку Аляксея ўвогуле была нейкім незразумелым прадуктам яшчэ савецкай вытворчасьці».

Scianа на сваім першым фэсьце

У 2000-м музыкі прымалі ўдзел у першым і, відаць, апошнім фэсьце «Рок-Крок», які праходзіў у Кобрыні.

«Мы выйгралі яго. Адбывалася ўсё ў савецкім ДК, аднак атмасфэра была выдатнай. На сцэне былая вакалістка Яўгенія. Яна працавала з намі ў пачатку, але потым вырашыла нешта зьмяніць і пакінула Берасьце», — згадвае Аляксей Кузьняцоў.

Амаль з самага пачатку дзейнасьці ў склад гурта ўваходзіла дзяўчына — Яўгенія Хіло. Празь некалькі гадоў яна пакінула Берасьце і творчыя стасункі зь ёй абарваліся. У 2000-х да асноўнага складу далучыліся саксафаністы: Ільля Дзьмуха і Алесь Мікалайчык. Апошні пакінуў гурт даволі хутка: пачаў шукаць нешта новае ў сваім музычным кірунку, але музыкі пасьпелі паўдзельніцаць у запісе дэбютнага альбому «Рыфмы лёсаў», які ўбачыў сьвет у 2002 годзе.

2001 год. Удзельнікі гурта Scianа разам з «хросным бацькам».

Разглядаючы наступны фотаздымак, музыкі амаль у адзін голас кажуць: «Гэта мы разам зь Віктарам Шалкевічам у гатэлі, падчас нашага першага выезду за мяжу ў польскім Бельску-Падляскім. Мы былі яшчэ непаўнагадовымі і ўдзельнічалі ў канцэрце ў межах штогадовай дабрачыннай акцыі Wielka Orkiestra Swiatecznej Pomocy».

У той час Шалкевіч займаўся адборам беларускіх гуртоў на гэты канцэрт і берасьцейцы чымсьці яго зачапілі. Хоць, як ён прызнаўся пазьней, паслухаў толькі адну песьню з дасланай касэты. Тым ня менш, выступ адбыўся. «Шалкевіч тады адчуваў пэўную адказнасць за нас. Калі мы захацелі ноччу схадзіць у краму, адных нас не адпусьціў пайшлі разам, Сапраўды, як хросны бацька», кажа Андрэй Клімус. А Павал прызнаецца, што з таго часу бацькі юных музыкаў пачалі разумець: «дзеці сапраўды займаюцца музыкай, а ня проста марнуюць час на рэпэтыцыях».

2002 год — першы выступ на «Басах»

Ня зь першага разу музыкам удалося скарыць «Басовішча» — найбуйнешы на той момант беларускі рок-фэст. У 2003-м іх выступ у Бораку зрабіў фурор. І з 2004 па 2009 год фэст сустракаў музыкаў у якасьці гасьцей-удзельнікаў.

Эпізод на здымку пракамэнтаваў Андрэй: «Мы граем на нашым першым „Басовішчы“. Раней, каб паехаць на фэст, трэба было прайсьці адборачны тур. Здаецца, на ім сябры жюры праслухоўвалі запісы гуртоў, а потым выбіралі вартых і ладзіўся нейкі выступ-прагляд. Мы прайшлі адбор, але ў тым годзе на „Басах“ нічога ня выйгралі. А ў 2003-м мы былі ў сьпісе ляўрэатаў, атрымаўшы прыз ад Радыё „Палёнія“. Неверагодная, проста шыкоўная атмасфэра панавала ў тыя часы на „Басовішчы“».

2003 год. Саксафаністы праігнаравалі фотасэт

Гэты прыгожы фотаздымак зроблены ў Берасьці, падчас невялічкага шпацыру-фатасэту. Плянавалася, што ў ім музыкі паўдзельнічаюць усе разам, але два саксафаністы ў той дзень так і не прыйшлі фоткацца.

2004 год.  Scianа на «Басовічшы» ў якасьці хэдлайнэраў

Вельмі падабаецца музыкам наступны здымак, зноўку працягваем тэму «Басовішча». 

«Ужо на гэтых „Басах“ мы гралі як госьці-пераможцы мінулага году. То былі „залатыя часы“ фэстывалю. І людзей прыяжджала шмат, і была яскравая канцэпцыя падтрымка беларускамоўных выканаўцаў. На мой погляд, гэта  зьяўлялаля фішкай фэстывалю. Менавіта гэта вылучала яго з мноства іншых польскіх фэстаў і штогод прымушала аматараў беларускага року зьяжджацца ў маленькі Гарадок», — распавядае Андрэй Клімус.

2005 год. Удзельнікі канцэрту ў Катавіцах, гурты: Sciana, «Тарпач», украінскі «Фліт» і польская рэгі-каманда Siddharta

У гэтым годзе музыкі атрымалі запрашэньне паўдзельнічаць у здымках дакумэнтальнага фільму «Музычныя партызаны». Ідэя належыць польскаму рэжысэру Міраславу Дэмбінскаму.

Вакаліст гурта тлумачыць: «Мы паехалі ў канцэртную трасу па польскіх гарадах. Потым адыгралі некалькі канцэртаў у Беларусі. За намі паўсюль хадзілі апэратары, а мы былі ў сваёй звычайнай ролі — музыкаў. Што з гэтага атрымалася бачна ў фільме, які можна знайсьці ў сеціве».

Падчас гэтай працы музыкі атрымалі цікавы творчы вопыт, станоўчыя эмоцыі і новыя знаёмствы. Ні пра які ганарар размова нават не вялася.

«Грошай мы не зарабілі, нам было цікава! Усе працавалі за ідэю, ды і працай гэта, можна назваць, хіба што, толькі ўмоўна. Нам аплочвалі пераезды, прыжываньне, і харчаваньне — гэтага было дастаткова», далучаецца да размовы Аляксей. 

2006 год. Пад польскім блакітным небам 

У гэты год музыкі прымалі ўдзел у «Рок-каранацыі», намінаваліся як найлепшы рэгіянальны гурт. Карону так і ня выйгралі, але ўдзел запомніўся наступным эпізодам, які ўзгадаў Андрэй Клімус: «Ёсць у мяне традыцыя зьбіраць бэйджы з імпрэзаў. Яны заўсёды пасьля розных фэстаў, канцэртаў застаюцца ў музыкаў. На той час у мяне ўжо была немалая калекцыя. На „Рок-каранацыі“ таксама давалі бэйджы музыкам, але пасьля выступу ахоўнік на выхадзе папрасіў нас вярнуць іх назад. Мяне гэтая сітуацыя вельмі зьдзівіла, пры тым што бэйджы былі самыя простыя і звычайныя. Я сказаў, што згубіў свой бэйдж і такім чынам ён захаваўся ў мяне».

А на фотаздымку трошкі бэкстэйджу з фэстывалю Union of Rock, што адбываўся ў польскім Вэнгажэве.

 2007 год. Піратэхніка на «Басах»

Хоць наступны здымак не зусім добрай якасьці, але музыкі лічаць яго вартым увагі, тым больш што зь ім звязана наступная гісторыя, якой з намі дзеліцца Андрэй: «Мы ўжо ня першы год гралі на „Басовішчы“ таму вырашылі зрабіць наш выступ запамінальным. І нам прыйшла ідэя з фаервэркам. Зьвярнуліся да піратэхніха, які дапамог ўвасобіць нашую задуму, і ўсё, як бачыце, атрымалася. Фаервэрк з Паўлавай гітары ліе на мяне. Было крыху страшнавата, хоць гэта і было бясьпечна і не перашкаджала граць, нават ўздымала настрой і дадавала імпэту».

 2008 год. Кропка адпачынку «Сьцяны»

Музыкам даводзіцца часта і шмат ездзіць, такое ў іх жыцьцё. Яны наведваюць розныя гарады не толькі з канцэртамі. Ёсьць у іх і любімае месца адпачынку падчас паездак. 

Sciana ў Тэрэспалі, памежным польскім гарадку блізу Берасьця. Адпраўная кропка шматлікіх іх падарожжаў. Тут музыкі разам усей кампаніяй, таму відавочна, што фоткаў іх нейкі мінак. Павал трымае ў руцэ пальчатку, у якой нешта прыхавана. У цёмных акулярах з цыгарэтай Аляксей, пасярэдзіне Яўген Лук’янчык, апошні саксафаніст гурта, затым Андрусь Клімус ды дырэктар каманды Зьміцер Назараў.

У 2008 годзе са «Сьцяной» разьвітаўся другі саксафаніст, Ільля, а на зьмену яму знайшоўся новы — Яўген Лук’янчык, пры ўдзеле якога быў запісаны другі альбом каманды «Кропка вяртаньня». Атрымалася, што і Яўген ня ўбачыў сябе ў будучым у межах гурта і пакінуў яго. Так і засталіся хлопцы ўтрох, як на пачатку музычнай дзейнасьці. Паўставала пытаньне: што далей?.. Адказ не прымусіў доўга чакаць, бо сустрэўся ім выдатны берасьцейскі электрончшык — Валер Сакалоў. Ён падтрымаў хлопцаў і прыўнес у музыку «Сьцяны» новае гучаньне і новы подых.

Год 2009 — «Лятучы» Паша на «Басах». Менавіта пад такой назвай гэты здымак увайшоў у гісторыю гурта.

Для музыкаў год быў досыць насычаным, бо ў ім адбывалася вельмі шмат цікавых рэчаў: першы Mens Fest, які арганізуе дырэктар гурта Зьміцер Назараў, канцэрты з нагоды 10-годзьдзя калектыву ў Менску і Берасьці… Але менавіта гэты здымак нагадвае хлопцам пра 2009 год, у якім адбыўся легендарны «палёт» Паўла з гітарай падчас выступу на апошнім для музыкаў на гэты момант «Басовішчы».

2010 год. Горадня: «Сьцяна», «Роллікс», Плотка.

Пра фотаэпізод з наступнага году распавядае Павал: «Гэта мы ў Горадні з украінскім гуртом „Роллікс“. Ня ведаю як, але так атрымалася, што мы вельмі пасябравалі пасьля першага знаёмства на супольным канцэрце ў Хмяльніцкім. Двойчы езьдзілі да іх у Хэрсон, запрашалі на нашыя канцэрты ў Беларусі, запісалі сумесны трэк, карацей, супраца працягваецца. Яшчэ ў кадр патрапіў Байсан-Плотка, цяперашні вакаліст гурта Terrakod і яго жонка».

2011 год. На здымку — найлепшы гурт фэста «Rock nocą»

Буйны польскі фэст Rock nocą і да «Сьцяны» намагаліся скарыць беларускія гурты: у 2009 — D_tails зь Берасьця, у 2010 — менскі JJ Bingz. Аляксей Кузьняцоў узгадвае пра гэты выступ: «То быў вельмі запамінальны і эмацыйны канцэрт! Мы выйгралі неслабы конкурс у Зялёнай Гуры». Дарэчы, фота беларускага гурта абранае ў якасьці візытоўкі на тытульную старонку сайту і на далейшыя фэсты.

Валер Сакалоў дадае, што ў 2011-м музыкі таксама першы раз патрапілі на фэстываль «Захід» і ўвогуле адкрылі для сябе Ўкраіну напоўніцу. Асабліва Львоў, які музыкі называюць вельмі крутым горадам, як у канцэртным, так і ў агульным пляне.

2012 год. Перад выступам на фэсьце TheBestCityUA разам зь Дзьмітром Ігнатавым («Роллікс»), які абдымае сяброў-калег, трымаючы піва ў зубах.

Музыкі ўжо распавядалі пра добрыя сяброўскія стасункі з украінскім гуртом «Роллікс». І 2012 год зьвязаны з успамінамі ад прыемнай сустрэчай зь лідэрам «Роллікса» Дзьмітром Ігнатавым. Сустрэча адбылася падчас фэстывалю TheBestCityUA на сцэне якога выступала Sciana. Яны выйшлі на сцэну адразу пасьля Evanescence. У той год канцэртная геаграфія гурта атрымалася вельмі шырокай ад Днепрапятроўску да Бэрліна. Дзьмітро адмыслова прыехаў на фэст падтрымаць сваіх беларускіх сяброў, зь якімі разам выканаў кампазыцыю «Беларусь-Україна».

2013 год мы застанемся!

У 2013 годзе музыкі запісалі і выдалі альбом «Мы застанемся». Акром таго, сыгралі на «Бандэрштаце» і другі раз на «Західзе». А здымак зроблены падчас аднага з апошніх фотасэтаў гурта.

2014 год лета ўкраінскіх фэстываляў «Захід» і «Рэспубліка». Фотка зь першага. Такім чынам Scianа трэці раз прыняла ўдзел у «Західе», фота Алега Горбача

Калі я папрасіла ўзгадаць нейкі цікавы выпадак падчас розных канцэртных паездак, музыкі адразу ўспомнілі наступны эпізод, а распавёў яго Андрэй Клімус: «Гэта адбылося калі мы вярталіся з фэстывалю Mazurska Musicorama Rockowa, што праходзіў у польскім Гіжыцка. Мы даехалі да Варшавы, трэба было набываць квіткі назад ў Берасьце на самы зручны для нас транспарт — аўтобус, але высьветлілася, што нам не хапае грошай. Вырашылі іх зарабіць. Ня доўга думаючы, уздоўж Старога гораду паставілі сваіх саксафаністаў, а паколькі ў гэтым месцы заўжды шмат турыстаў, то за вельмі хуткі час зьявілася патрэбная сума. Тады мы яшчэ пераначавалі ў нашага польскага сябры і ўжо на наступны дзень шчасьлівыя вярнуліся дамому».

Юбілейны год быў вельмі пасьпяховым для музыкаў. Вясной яны прэзэнтавалі альбом «Мы застанемся» ў Менску. Улетку сталі пераможцамі польскага фэсту Rockowiskо, акрамя першага месца, ім дастаўся прыз глядацкіх сімпатыяў. Цяпер яны занятыя падрыхтоўкай да сьвяточнага канцэрту з нагоды 15-годьдзя. Вядома, што да канцэрту далучацца сябры-калегі з Украіны — гурт «Роллікс». Прагучыць шмат песень, створаных за 15 гадоў. Будуць сумесныя выступы і ня толькі зь Дзьмітро Ігнатавым.

КВІТКІ МОЖНА НАБЫЦЬ ОН-ЛАЙН ПРАЗ KVITKI.BY ЦІ Ў КАСАХ ПА ЎСЁЙ БЕЛАРУСІ. ІНФА: +375 29 687-20-93/+375 29 727-30-97.

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    26.11.2014 / 10:34

    Якая цікавая гісторыя з вашага жыцьця зьвязаная зь песьнямі гурта "Сьцяна"? Пішыце ў камэнты альбо на рэдакцыйную скрыню да 4 сьнежня. Аўтару самай цікавай гісторыі - два запрашальнікі на канцэрт.

  • КАМЕНТАВАЦЬ