«Роллік’с». Энэргія і магутнасьць украінскай сцэны (аўдыё/відэа)
2522 / 0
20.11.2014

«Роллік’с». Энэргія і магутнасьць украінскай сцэны (аўдыё/відэа)

Лідэр украінскай каманды «Роллік’с» Дзьмітро Ігнатаў напярэдадні прыезду ў Менск распавёў Tuzin.fm пра адрозьненьне твору ад тавару, фінансавую незалежнасьць і зацішную Беларусь.

«Роллік’с» — гэта тры гітары, ударныя ды голас. Энэргічная музыка з украінскамоўнымі тэкстамі, шчыльнае гучаньне й пранізьлівы вакал з элемэнтамі чыткі. Яны не накладаюць на сябе шаблёны, не навешваюць цэтлікі ды маюць адзіны крытэр ацэнкі сваёй творчасьці — шчырасьць перад сабою й перад слухачамі.

Хлопцы з хэрсонскай каманды ствараюць песьні выключна для сябе, бо ўпэўненыя: усё, што робіць чалавек — і станоўчае, і адмоўнае — ён робіць спачатку для сябе, а ўжо потым для астатніх. «Песьня — гэта частка мяне самога, — кажа вакаліст Дзьмітро Ігнатаў. — Калі падагнаць яе пад запыты іншых, перастане быць творам, а зробіцца таварам. А Роллік’с“ — гэта ня бізнэс, які прадае песьні, гэта зусім адрознае. Мы арыентуемся на свае перакананьні, а не на тое, як да гэтага паставяцца астатнія. Бо ў любым разе неяк паставяцца — ці добра, ці пагана. Калі добра, то гэта яшчэ раз пацьвердзіць, што мы ствараем нешта вартае, калі не — дык гэта ня нашы слухачы, нам ня трэба на іх разьлічваць. Мы ж ня сто баксаў, каб усім падабацца».

Стварэньне песень для іх справа натхненьня й самавыяўленьня, а не нагода зарабіць грошай. «Роллік’с» існуе амаль 10 гадоў, і увесь гэты час хлопцы ўдумліва й старанна працуюць над матэрыялам, бо імкнуцца да спалучэньня глыбокай ідэі зь якасным выкананьнем ды не намагаюцца выдаваць альбомы раз на паўгоду. Яны не зарабляюць музыкаю, бо кожны мае прафэсію, разьвівае свой бізнэс і досыць удала спалучае яго з творчасьцю. Дзьмітро, напрыклад, мае ўласную юрыдычную кантору:

«Ужо каля 13 гадоў я сумяшчаю музыку ды адвакатуру, і часам бывае складана. Калі, напрыклад, прыяжджаеш з канцэрту, у цябе купа эмоцыяў, а табе даводзіцца наступнага дня ісьці разумнічаць у суд. На канцэртах пачуваесься пацаном, а ў судзе — сур’ёзным дзядзькам. Але наогул праца адвакатам дапамагае працы музыкі й наадварот. Бо й на сцэне, і ў судзе я выступаю, ўзаемадзейнічаю з публікаю, якая б яна ні была. І гэта прыносіць асалоду: мне падабаецца й скакаць на сцэне, і стаяць у прыстойным гарнітуры з гальштукам. І колькі год я гэтым займаюся, столькі не магу абраць нешта адно. Гэта, як кажуць, адзінства й барацьба супрацьлегласьцяў».

Прафэсія дае музыкам фінансавую незалежнасьць і пакідае месца чысьціні творчасьці, якая вядзе да непасрэднасьці, пачуцьця шчырасьці перад сабою й перад слухачамі. Ды й праца зусім не замінае такім энэргічным хлопцам разьвіваць свой гурт: «Роллік’с» ладзяць запіс новага студыйнага альбому, а за сьпінаю маюць нязьлічаную колькасьць канцэртаў і фэстаў, шэсьць кліпаў, купу ўдалых сумесных праектаў з украінскімі музыкамі ды плённае творчае супрацоўніцтва зь берасьцейскім гуртом Sciana.

Са Sciana яны пазнаёміліся на сумесным канцэрце ў Хмяльніцкім перад фэстам «Захід» тры гады таму. Дзьмітро ўзгадвае: «Хлопцы са „Сьцяны“ спазьніліся на канцэрт, таму адразу як прыехалі, то пайшлі на сцэну. І сапраўды пачалі гайдаць натоўп. Першае, што мы адчулі — зьдзіўленьне ад эмацыйнай насычанасьці музыкі ды ад незразумелай нам спачатку беларускай мовы, якую мы пачулі ўпершыню. Мы былі ў захапленьні!»

Дзьве каманды хутка сышліся, бо маюць багата агульнага, ды за час сумесных канцэртаў сталі ня проста калегамі, а сапраўднымі сябрамі, якія могуць дзяліцца адзін з адным нават асабістымі праблемамі. Таму калі паўстала пытаньне аб стварэньні супольнай песьні, адказ быў відавочны. Як вынік зьявілася «Беларусь-Украіна».

«Роллік’с» з гуртом Sciana мелі сумесныя туры ва Ўкраіне і ў Беларусі. Украінцы прыяжджалі ў Берасьце, Горадню, Віцебск і Менск. Сёлета яны з задавальненьнем вяртаюцца ў беларускую сталіцу з адмысловым сэтам найлепшых песень дзеля таго, каб падтрымаць сваіх беларускіх калегаў і павіншаваць іх з 15-годзьдзем. Дзьмітро называе Беларусь зацішнай й мілай краінай, у якую прыехаць заўжды радасна

«Роллік’с» выступіць з 45-хвілінным сэтам сваіх найлепшых песень на канцэрце «Sciana — 15 гадоў» у клюбе «Піраты» 5 сьнежня.

Квіткі можна набыць он-лайн праз Kvitki.by ці ў касах па ўсёй Беларусі. Інфа: + 375 29 687-20-93/+375 29 727-30-97.

Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm