Каця Аліхвер: «Маё сэрца належыць Кірчуку і Каржу» (відэа)
2720 / 0
13.10.2014

Каця Аліхвер: «Маё сэрца належыць Кірчуку і Каржу» (відэа)

Песьня гурта «Ілюжан» — «Як мае быць» стала пераможцам 1-га туру 12-га музычнага сэзону на «Тузіне Гітоў»! Сьпявачка Каця Аліхвэр з гэтай нагоды прызналася ў любові да Кірчука і Каржа ды намякнула на сюрпрыз для сваіх слухачоў, зьвязаны зь Ніно Катамадзэ.

Перамогу гурта «Ілюжан» можна назваць досыць нечаканай з улікам таго, што каманда па-сутнасьці толькі пачынае свой шлях. Музыкі прадставілі сёлета свой дэбютны EP і запісваюць свой першы поўнафарматны альбом. Іх песьня «Як мае быць» з адрывам у 19 галасоў фінішавала першай у першым туры аўдыёчарту ў сэзоне 2014/2015.

«Для нас гэтая перамога сапраўды вельмі важная. Радуемся найперш дастаткова моцнай, нават крыху нечаканай, падтрымцы нашых слухачоў падчас галасаваньня! — кажа вакалістка гурта Каця Аліхвер. — Для нас важна ўсё, што тычыцца нашай музыкі, і тут няма дэталяў, да якіх мы можам паставіцца абыякава».

Каця кажа, што свой голас у чарце аддавала свайму гурту. Што да ўласных упадабаньняў у беларускай музыцы, то тут для яе ёсьць дзьве асаблівыя пэрсоны. «Пакуль маё сэрца непадзельна належыць Івану Іванавічу Кірчуку і Максу Каржу», — прызнаецца сьпявачка.

«Ілюжан» цяпер працягвае працу над запісам поўнафарматнага альбома і рыхтуемся да найбліжэйшага выступу. Ужывую каманду можна пачуць 31 кастрычніка ў клюбе Loft (уваход на канцэрт будзе вольным). Таксама гурт рыхтуе сюпрыз для сваіх слухачоў — Каця кажа, што ён будзе зьвязаны зь Ніно Катамадзэ. А ў лістападзе гурт мяркуе адзначыць сваё трохгодзьдзе ды даць з гэтай нагоды вялікі канцэрт ва ўтульным клюбе ДК.

 Tuzin.fm