La Libertad. Мысьліць прагрэсіўна (аўдыё/відэа)
1972 / 0
06.10.2014

La Libertad. Мысьліць прагрэсіўна (аўдыё/відэа)

Два хлопцы зь Менску ды Ўроцлаву распавялі ў інтэрвію Tuzin.fm чаму вырашылі ўсур’ёз заняцца распаўсюдам прагрэсіўнага року як зьявы, пра свой музычны відэапраект з раставымі лялькамі ды будучы рэліз, што выйдзе ў фармаце самотніка і псыхадэлічнага фільму.

La Libertad заснавалі Станіслаў Жукаў і Зьміцер Грыб. На рахунку гурта ўжо ёсьць дэбютны ЕР «Plastic Plane Crash», які выйшаў на пачатку гэтага году. Цяпер музыкі рыхтуюць новы праект, на гэты раз аўдыёвізуальны.

Натхнёныя творчасьцю такіх зорак прагрэсіў-рок сцэны, як Стыў Вілсан ды Дэвід Гілмар, музыкі пачалі выпрацоўваць сваё гучаньне. Цяпер іх музыка набліжана да стылістыкі прагрэсіў/эмбіент-рок: «Мы прапагандуем даволі новы для постсавецкай прасторы кірунак. Ёсьць шмат цудоўных выканаўцаў гэтага кірунку музыкі, а ў нашай краіне, на жаль, мала хто ведае што гэта такое і з чым гэта ядуць», — кажа Станіслаў.

Тэматыка песень La Libertad закранае псыхалёгію чалавека, асаблівасьці фармаваньня сьветапогляду праз прызму суб’ектыўнага ўспрыманьня. Усю музыку і тэксты хлопцы складаюць выключна ўдваіх, на розных музычных інструмэнтах, а на запіс запрашаюць сэсійных музыкаў — профі ў сваёй справе. З La Libertad супрацоўнічае клявішнкі Ўладзімер Развадоўскі («Без Билета»), бубнач Антон Немагай («Не прислоняться The band»), вакалістка Віялета Завадзкая (удзельніца тэлепраекту «Акадэмія талентаў»). Стыў Крамэр адказвае за запіс і прадусаваньне, далучаны таксама некалькі музыкаў з Польшчы і Швэцыі, якія дапамагаюць з электронікай. Між сабой Станіслаў і Зьміцер працуюць он-лайн, бо жывуць у іншых краінах, але пры патрэбе зьбіраюцца на студыі — дзеля гэтага Зьміцер прыяжджае да паплечніка з Уроцлава, дзе цяпер жыве.

На фота: Станіслаў Жукаў

Дэбютны ЕР амаль цалкам запісалі на хатняй студыі, акрамя акустычных інстумэнтаў ды вакалу. «Запіс выдаўся ня вельмі высокай якасьці, але ён многа каму спадабаўся. У нас, нават, зьявіліся слухачы ў Амэрыцы, Брытаніі і Эўропе, дзе ведаюць і любяць праг-рок. Гэта нас парадавала, значыць, ёсць куды рухацца. Але ж мы вельмі хочам прасоўваць прагрэсіў як зьяву і ў нашай прасторы, таму запускаем відэапраект Prog-Frog“, дзе раставыя лялькі будуць з гумарам рабіць агляды на сучасныя здабыткі прагрэсіў-року», — кажа Зьміцер.

Музыкі вырашылі прасоўваць свой трэнд — прыгожую, мэлядычную, складаную кампазыцыйна і з глыбокім сэнсам музыку. «Мы ня хочам паўтараць трэнды, існуючыя сёньня ў музыцы. На наш погляд, у асноўным гэта шлак. Людзі са смакам елі і будуць есьці танную папсу, з гэтым нічога ня зробіш, але ж мы не арыентуем свае гукі на усіх — толькі на слухачоў з густам, якіх нямала. У нас дастаткова ідэй і цяпер, запісаўшы на студыі за лета амаль што ўсе неабходныя матэрыялы, хочам рэалізаваць адну зь іх на новым узроўні».

Новы максі-сінгл «Breaking the Circle of Fire» будзе ўяўляць сабой разьвіцьцё і лягічны працяг канцэпцыі папярэдняга рэлізу як у музычным пляне, так і ў сэнсавым. Кампазыцыя пабудаваная на кантрастах і прадугледжвае драматургію. «Самотнік — толькі частка задуманага намі. Апроч асноўнага трэку, раліз будзе зьмяшчаць урэзаную яго вэрсію, разьлічаную на радыёфармат. Больш за тое, канцэпцыя і даўжыня трэку — каля 12 хвілінаў — дазваляе не абмяжоўвацца стандартнай відэасьцежкай, а зьняць псыхадэлічны кароткамэтражны фільм, які будзе візуальным працягам і дапаўненьнем музычнага трэку, зьяўляючыся пры гэтым самастойнай адзінкай. Канцэпцыя фільму ўжо прадуманая, але гэтымі зьвесткамі пакуль што мы падзяліцца ня можам — ваенная таямніца», — кажуць пра новы праект музыкі.

На фота: Зьміцер Грыб

Студыйны запіс музычнай часткі праекту практычна скончаны. Здымкі фільму адбудуцца вясною, па сканчэньні кампаніі па зборы сродкаў. Музыкі хочуць скарыстаць для гэтых мэтаў краўдфандынгавы праект на сайце planeta.ru.

Хлопцы ў сваёй творчасьці пакуль што выкарыстоўваюць толькі ангельскую мову, бо арыентуюцца на заходні кірунак, але думаюць і пра стварэньне беларускамоўных кампазыцыяў. Станіслаў кажа, што пачаў ужо працу над дэбютным трэкам, надалей ужываньне сваёй мовы мяркуецца пашырыць.

Афіцыйная суполка гурта УК

Натальля Стрыжак, Тuzin.fm, фота прадастаўлена гуртом