Гісторыя Neuro Dubel у 25-ці эпізодах (шмат фота!)
5161 / 3
01.10.2014

Гісторыя Neuro Dubel у 25-ці эпізодах (шмат фота!)

Час «Че.КА» і «Трох парсючкоў», карона ад Мулявіна і сустрэча з Мамонавым, фотасэсія зь дзеўкамі ды ў валёнках, канцэрт у майтках ды іншыя цікавосткі з 25-гадовай гісторыі галоўных панкаў краіны.

Калі б мне давялося здымаць фільм пра гісторыю нашага славутага панк-рок гурта, які сёлета адзначае 25-гадовы юбілей, то абавязкова зьвярнулася бы да максымальнай колькасьці людзей, якія зьвязаныя зь дзейнасцю гурта ад самага пачатку ўтварэньня да нашых дзён. Менавіта яны зьяўляюцца носьбітамі самых розных, звычайных і незвычайных гісторыяў, якія даюць сапраўдны, жывы партрэт. Дзіўна, што дагэтуль ніхто ня зьняў уцямнае кіно пра Neuro Dubel. Была спроба выдаць кнігу сіламі фан-клюбу гурта, але яна так і ня выйшла.

З нагоды юбілею Neuro Dubel мы зрабілі сваеасаблівы экскурс па гісторыі гурта пры дапамозе рарырэтных фотаздымкаў з калекцыі Аляксандра Кульлінковіча, на якіх у храналягічным парадку адлюстраваны самыя розныя эпізоды, зьвязаныя зь легендай айчыннага панк-року.

Не абыйшлося і без успамінаў калег-сяброў Аляксандра: Алега Хаменкі, Аляксандра Памідорава, Ігара Варашкевіча, Аксаны Вечар. Акрамя сяброў па музычным цэху, да нас далучылася старэйшая сястра музыкі Рыма Былінская, а таксама добры сябра Neuro Dubel Юры Будзько, гендырэктар кампаніі «Мэджык», адзін з заснавальнікаў першага менскага андэграўднага клюбу «Три поросёнка».

Год 1989. На фота заснавальнікі Neuro Dubel: першы гітарыст гурта Генадзь Агейчык і хлопчык з курчавымі валасамі Саша Кульлінковіч

«Вось так усё пачыналася… 17 ліпеня 1989 году мы з Генам вырашылі паспрабаваць зрабіць тое, што да таго часу ў нас ніхто не зрабіў — стварыць панкавы гурт. Прыдумалі назву „Че.Ка“ і склалі першую песьню „Спать ложусь — никого не боюсь“. Песьня была напісана зранку. Да нашых дзён ні музыка, ні тэкст не захаваліся. Мы нават і ня думалі, што гэта расьцягнецца на 25 гадоў», узгадвае Аляксандар цяпер.

1990 год. Прайшоў год, але нічога, акрамя Сашынай прычоскі пакуль не зьмянілася.

1991. Кульлінковіч: «Неяк падчас адной з рэпэтыцыяў гэтага году мы вырашылі сфатаграфавацца з бубнам, атрымаўся вось такі здымак». Па крузе зьлева направа: Аляксандр Кульлінковіч, Дзьмітры Чыж, Андрэй Сьцепанюк і Юры Навумаў.

«Гэта дзякуючы мне зьявілася гэтая ўдарная прылада, узгадвае сястра Аляксандра Рыма.Неяк у самым пачатку, калі інструмэнтаў не хапала, а запісы хлопцы ладзілі на бабінах у хатніх умовах, Саша папрасіў мяне каб я дзеля запісу паляпала па талерцы. Я доўга не пагаджалася, але ж не магла супрацьстаяць угаворам і пагадзілася».

На двары зіма 1992 году. Бубнач Андрэй Сьцепанюк прыдумаў ідэю першага ў жыцьці гурта (а для некага першага ва ўласным жыцьці) фотасэту. З той гістарычнай падзеі засталося ўсяго некалькі здымкаў, мы маем магчымасць бачыць адзін зь іх.

Юры Будзько: «Недзе ў 92-м годзе мы разам з Аляксандрам Кульлінковічам і Аляксеем Маўзонам арганізавалі першы на той час панк-клюб „Три поросёнка“, які знаходзіўся ў падвальным памяшканьні ДК МТЗ, кавярні „Время“. У гэтым месцы можна было афіцыйна адрывацца, слухаць музыку і цікава бавіць час. Спачатку раз на тыдзень, здаецца па чацьвяргах, а потым амаль трох разоў, мы ладзілі ў клюбе выступы самых розных экспэрымэнтальных гуртоў, якіх не засмучваў нязьменны ганарар за выступ у выглядзе скрыні піва. І такіх музыкаў хапала. У нас выступалі „П’яныя госьці“, „КаліЮга“, Hasta La Fillsta, „Распилил и выбросил“, з акустычнай праграмай Сяргей Міхалок ды шмат іншых цікавых калектываў таго часу».

Кавярня «Три поросёнка». Эксклюзіўны здымак з архіва А. Кульлінковіча

Звычайна ў дзень канцэрту мы скідаліся на траіх грашыма, каб набыць у бар піва і чыпсы. Да нас прыходзіла доволі андэграўдная публіка, але яна была досыць інтэлігентная. Боек амаль не было, але існавала праблема, якая палягала ў тым, што мы даволі працяглы тэрмін не маглі паразумецца зь людзьмі, якія спрабавалі праходзіць без аплаты. Паколькі ў памяшканьні клюбу паліць забаранялася, трэба было кожны раз выходзіць на вуліцу. Дзеля таго, каб вярнуцца ў клюб, даваліся контрамаркі. Мы доўгі час не маглі зразумець, як атрымліваецца, што прадаўшы, умоўна кажучы 50 квіткоў, празь некаторы час у нас на ўваходзе знаходзіцца 150 чалавек. Высьветлілася, што каля клюбу было некалькі лічбавых салёнаў, куды як толькі мы выдавалі контрамарку, бег чалавек і хуценька яе тыражываў. Атрымліваля, што нехта адзін плаціў за квіток, а праз 10 хвілін — на ўваходзе ў залю 10 чалавек стаяла з контрамаркамі. Каб вырашыць гэтую сытуацыю, мы неяк селі ўтрох і зусім раптоўна знайшлі наступнае выйсьце. Непадалёк ад клюбу знаходзілася крама, у якой можна было набыць усялякія гаспадарчыя рэчы, працавала яна да 9-й гадзіны. Сярод усяго там прадаваліся гузікі. Паколькі канцэрты пачыналіся а 19-й гадзіне, то нехта з нас за хвілін пяць да закрыцьця крамы набываў каля 50 гузікаў пэўнага памеру і формы. Гузікі каштавалі танна і мы сталі іх выкарыстоўваць замест контрамарак. Наша публіка не магла гэтаму нічога супрацьпаставіць. Такім чынам халяўшчыкаў ў нас убавілася, а парадку стала больш».

1993 год. Падчас аднаго з выступаў Neuro Dubel, Аляксандр робіць першы «выхад у людзі». Публіцы такія паводзіны музыкі прыйшліся даспадобы (дарэчы, як і самому А. К.), таму Саша захаваў выхады як традыцыю.

Год 1994. Адзінае фота, якое захавалася з 94-га году. Нехта можа падумаць, што музыкі тупа бухаюць, але насамрэч яны проста прыселі адпачыць ад працы падчас запісу альбома «Битва на мотоциклах».

Аляксандар Памідораў: «Безумоўна, шмат чаго зьвязана са славутым дэман-спадарожнікам маладосьці — алькаголем. Неяк беларуская прамысловасьць пачала выраб нібы аналягаў вядомых замежных напояў. Канечне ж, нам было цікава іх пратэставаць. Аднаго разу Саня Кульлінковіч пабачыў беларускі джын, пра што паведаміў нам. Ня доўга думаючы мы заплянавалі сходку. Пашлі ў краму і набылі пляшку, на той момант, новага для нас напою, пад назвай „Ведрыч“. У той жа час, шырокі распаўсюд атрымаў вэрмут вытворчасьці заводу „Крышталь“. Тады ён і выглядаў прэзэнтабельна, і піць яго можна было без асаблівых наступстваў. Вось мы і вырашылі акрамя „Ведрычу“ прыхапіць яшчэ літровую бутэльку вэрмуту. Сабраліся на кватэры Кульлінковіча з Максам Івашыным і Аляксеем Маўзонам і пачалі частавацца. Паколькі аматараў чыстага джыну сярод нас не аказалася, то пасьля першых кілішкаў „Ведрычу“ мы крыху засумавалі і пайшлі паласкаць рты ад гэтага адэкалёністага паху. Хутка ў нас зьявілася ідэя зрабіць кактэйлі. Макс прапанаваў з двух айчынных аналягаў замежнага пітва, паспрабаваць зрабіць шляхам зьмешваньня джыну з вэрмутам, трэці — мартыні. На дзіва, атрымалася даволі падобная да мартыні рэч, але „натуральныя складнікі“ беларускай вытворчасьці, ўсё ж не вымагалі тонкасьці смаку. Таму тое, што выйшла, назвалі „Мартын“. Разы два яшчэ мы паўтаралі „Мартына“, ды толькі якасьць інгрыдыентаў пачала жахліва псавацца і мы хутка кінулі зьмешваць, пераключыўшыся на традыцыйныя ром ды гарэлку. Але для дэгустацыі „Мартына“ была яшчэ адна падстава — музычная. Справа ў тым, што Кульлінковіч вялікі заўзятар Dead Kennedys ды Ministry, таму ўсё новае, зьвязанае з гэтымі гуртамі, было інфармацыйнай падставай. Якраз у Сані зьявіўся новы запіс Jello Biafra & Dead Kennedys разам з кантры-экстрэмалам Mojo Nixon, а мне перапаў новы альбом Ministry, які мы з задавальненьнем і слухалі ўвесь гэты вечар».

1995 год. На гэтым фотаэпізодзе мы бачым шчасьлівых музыкаў гурта Neuro Dubel, якія запісваюць першы студыйны альбом «Умные вещи». Акрамя радасных твараў, на здымку вельмі добра відаць траўмаваны нос Аляксандра, што дарэчы, зусім не перашкаджала працы над запісам, на той час, шостага рэлізу каманды.

Аднойчы ў 1996-м… Матацыкл клявішніка Макса Івашына чакаў музыкаў каля студыі Skat-Records, у якой яны запісвалі чарговы альбом з мудрагелістай назвай «Жестокое Самоубийство Универсальной Нарезкой Бернера» (Ж.С.У.Н.Б.). Як толькі запісаліся — зладзілі фотасэт.

Аляксандар Памідораў: «Прыгадваю, як стваралася песьня „Вай-Вай“, зь якой распачынаецца альбом „Ж.С.У.Н.Б.“. У той час я працаваў на радыё „Бі-Эй“. Неяк мы бавілі час з маімі радыйнымі калегамі, гэта было 9 траўня. Пайшлі на Сьвіслач, на вуліцу Камуністычную. У мяне сканчаўся этэр, а хлопцы мяне чакалі. Не сталі далёка адыходзіць, селі на нейкі прыгорачак, пачалі піць піва, чакалі сьвяточны салют. Саня быў з намі і ўвесь час напяваў песьню з аднаго грузінскага мультфільму. Ён яе сьпяваў-сьпяваў, матыў быў вельмі просты: „Вай-вай-вай-вай-вай…“. Я пачаў, як цяпер кажуць, фрыстайліць, імправізую колькі радкоў, а потым усе разам сьпяваем „Вай-вай-вай…“. Усё гэта цягнулася пэўна з гадзіну, усім было весела. А далей, яна настолькі ўжо ўлезла ў галаву, што трэба было нешта зь ёю рабіць. Кульлінковіч кажа: „Давай яе запішам“. З прапановай пагадзіліся! Паколькі мы на той момант пряцяглы час рэпэтавалі ў адным памяшканьні, зайсьці адзін да аднаго на рэпэтыцыю не ўяўляла цяжкасьці».

На чарзе 1997 год. 4 ліпеня ў Менскім парку імя Янкі Купалы выступ гурта Neuro Dubel стаў фінальным пунктам канцэрту-прэзэнтацыі праекту «ПесьняРок». Аляксандар сьпявае славутую песьняроўскую «Вологду». Уладзімера Мулявіна так ўразіла выкананьне гэтага сьпеву, што ў 1999 годзе на «Рок-Каранацыі», ён сьпяе разам з ND і ўручыць Аляксандру галоўны прыз — рок-карону.

1998. Аляксандр Кульлінковіч распавеў пра гэты здымак наступнае: «Гэта мы едзем у Санкт-Пецярбург на фэстываль Ленінградзкага рок-клюбу „Балтийский берег“. З намі першы і адзіны ў гісторыі гурта мэнэджар Аляксей Маўзон (чалавек у сонечных акулярах), цяпер ён жыве ў Вільні. Сам фэст праходзіў у горадзе Сасновы бор, недзе на пачатку траўня. Мы там атрымалі адразу дзьве ўзнагароды: гран-пры і прыз глядацкіх сымпатыяў».

Ігар Варашкевіч: «Калiсьцi, у 90-я гады, мы былi разам з Сашам на рыбалцы, на рацэ Вяльлiя. У Кульлiнковiча была маленькая, гумовая лодка „Нырок“, а замест вёслаў ён выкарыстоўваў тэнiсную ракетку. Дык вось у нейкi момант я ўбачыў, што яго аднясло па плынi далёка ад лягеру i вырашыў дапамагчы вярнуцца. Падплыў да яго на сваей дзюралюмiневай лодцы i тут адбылося нечаканае: Кульлiнковiч ставiў сетку, а паколькі я быў апрануты ў плямiстую форму, ён падумаў , што я з рыбнадзору i яе кiнуў! Вось так Саша апынуўся браканьерам, але сьмяялiся мы доўга. Сетку не знайшлi, што добра, а за сваё правапарушэньне ён быў пакараны сонцам. Падсмажыўся так, што давялося мазаць кефiрам».

 

Год 1999. У тыя часы «Рокаранацыя» праходзіла ў КЗ «Мінск». На гэтай цырымоніі Neuro Dubel атрымаў цэлыя тры кароны: за найлепшы кліп (на песьню «Охотник и сайгак»), за альбом году — «Охотник и сайгак», а таксама ў галоўнай намінацыі «Гурт году». Каб узнагародзіць Аляксандра на сцэну выйшаў самы галоўны пясьняр — Уладзімер Мулявін. Аляксандар шчыра кажа, што менавіта гэтая карона зьяўляецца для яго самай значнай. Усяго на ліку гурта зь дзясятак рок-карон.

Рыма Былінская: «Памятаю як на гэтай „Рокаранацыі“ брат сьпяваў на сцэне „Вологду“ з самім Мулявіным. У гэты момант я адчула неверагодны гонар за Сашу. Я вельмі рада ягонаму посьпеху. Трэба сказаць, што ў самым пачатку, калі Саша з Генам толькі пачыналі нешта рабіць, я не ўспрымала іх дзейнасьць усур’ёз і ставілася да гэтых музычных экспэрымэнтаў вельмі скептычна, але Саша казаў: „Пачакай. Мы яшчэ прагучым!“»

 

Пайшлі 2000-я… 

Самай галоўнай падзеяй 2000 году для Кульлінковіча стала сустрэча зь Пятром Мамонавым, заснавальнікам расейскага рок-гурта «Звуки Му», прыхільнікам творчасьці якога зьяўляецца Аляксандар. «Адбылася гэтая падзея ў рэстаране „Узбекистон“. Пётар Мікалаевіч толькі што адыграў спэктакль „Есть ли жизнь на Марсе?“, на які мяне прывезьлі сябры з рыбалкі. Прыемны ўспамін ад той сустрэчы застаўся дагэтуль, пэўна таму, што гэта была размова двух звычайных людзей, а не прыхільніка з кумірам», — адзначае Кульлінковіч.

 

2001 год. Гэты год у гісторыі гурта можна пазначыць як «гастрольны». Музыкі далі першы і пакуль адзіны тур па гарадах Беларусі. Вось у такіх «сьпякотных» умовах праходзілі пераезды з гораду ў горад.

2002. «Гэта мы перад канцэртам сядзім на лаўцы зь Юрам каля ўваходу ў клюб „Графіці“», — кажа пра наступнае фота Аляксандар, вылучыўшы яго зь іншых фотаздымкаў гэтага году.

2003 год. Добрыя ўспаміны зьвязаны з выступамі Neuro Dubel на фэстывалі ў маскоўскім Sexston, які з 1983 году штогод ладзяць расейскія байкеры, аб’яднаныя ў суполку «Ночные волки».

Год 2004. Кульлінковіч: «А гэта фота з нашага адзінага, больш-менш, прафэсійнага фотасэту, які здымаўся для альбома „Танкі“».

Цікавы факт, Аляксандра можна даволі часта ўбачыць на канцэртах апранутым у матроскую цяльняшку. Гэта адразу ж запрыкмецілі фанаты і пачалі прыходзіць на выступы гурта ў аналягічным «прыкідзе». Адкуль гэта пайшло?

«Справа ў тым, што я страшны мярзьляк­, — кажа з усьмешкай Саша. — Мой брат адбываў вайсковую службу на Паўночным флёце. З арміі ён прывез шмат цяльняшак. Яны досыць цёплыя ў параўнаньні з тымі, што прадаюцца ў крамах. Я апранаў іх проста, каб было цяплей».

2005. Кульлінковіч: «На запрашэньне суполкі імя Францыска Скарыны мы наведалі Прагу, дзе выступілі ў мясцовым клюбе. Праз год паездка паўторыцца».

2006 год. А гэты фотаэпізод адбыўся падчас выступу ў межах акцыі «Салідарны зь Беларусьсю» ў клюбе Remont у Варшаве. На адной сцэне з Neuro Dubel  выступіў польскі рок-гурт Big CyC. У той год канцэртаў у Менску гурт ладзіў няшмат. Музыкі рыхтавалі новы альбом, які выйшаў у наступным годзе пад назвай Stasi. Гэты рэліз быў адзначаны на «Рок-Каранацыі», як найлепшы альбом таго году.

2007 год. Фота з праекту Fashion Night, куды Аляксандар Кульлінковіч быў запрошаны ў якасьці мадэлі. Паказ прысвячаўся валёнкам. На подыюм ён выйшаў з паламанай нагой. На гіпс Аляксандар нацягнуў валёнкі. Пры падтрымцы прывабных дзяўчат ён выйшаў на подыюм пад свой жа сьпеў «Оленька».

2008. А гэта эпізод са здымак кліпу на песьню «Можно жить». Пад руплівым кіраўніцтвам Аксаны Вечар у калекцыі ND зьяўляецца на той момант 15-ы кліп. Самае непасрэднае дачыненьне да амаль ўсіх кліпаў гурта мае вядомая творчая сямейная пара Анатоля і Аксаны Вечар.

Аксана Вечар: «Саша падчас здымак заўсёды быў жывым, сапраўдным і ў добрым сэнсе дурнаватым. Таму казаць пра яго талент і акторскі рост у гэтым сэнсе не выпадае, бо нешта граць у кліпах яму не даводзілася. Ён заўсёды быў сабой, мог прайсьціся, паўсьміхацца… Хіба што ў кліпе „Можна жыць“ мы прымусілі яго разоў пяць памерці. Жыцьцё кожнага героя кліпа сканчалася трагічна. Так у мяне і мужа-рэжысэра неяк заўжды складаецца. Абавязкова павінна быць трагэдыя, але гэта з розных прычынаў не заўсёды атрымлівалася.

Наогул жа, першы кліп, які мы здымалі з Сашам быў „Гагарын“ (1997). У гэтым кліпе здымаўся хросны нашай старэйшай дачкі Сяргей Кавалёў. Здымкі праходзілі ў славутым на той час ДК „Луч“. Мы зьнеслі туды ўвесь магчымы рэквізыт для герояў кліпу. Здымалі на добраахвотных пачатках. Асноўная ідэя гэтага кліпу была ў тым, што Саша прыходзіць у клюб, а ў ім — усе героі СССР. На тэлебачаньні мы ўзялі значкі, павесілі героям. Памятаю, як малявала Максу Івашыну вусы тушшу для павеек, ён быў Фрэдзі Мэркуры. Гэта было ўсё такое самастрэльнае і разам з тым прысутнічаў і моцны дух, энэргія і сапраўднае жыцьцё.

Калі здымалі „Охотник и Сайгак“, то Сашка прынёс нам недзе 30 баксаў, гэта быў наш ганарар. Для кліпу нам былі патрэбны шахматы, якіх ніхто ня меў. У ЦУМе пабачылі прыгожыя шахматы, якія якраз і каштавалі каля 30 даляраў. Вырашылі, што не ў ганарары шчасьце ды набылі рэквізыт. Потым, падчас нейкага юбілейнага канцэрту Аляксандар спрабаваў іх прадаць з аўкцыёну. І амаль прадаў, толькі што ў жанчыны, якая спрабавала іх набыць, не аказалася грошай».

2009. Алег Хаменка віншуе Neuro Dubel з 20-годзьдзем. Фота зроблена ў клюбе «Рэактар» падчас юбілейнага концерту.

Алег Хаменка: «Памятаю адзін смешны выпадак, зьвязаны зь „дзюбелем“, які адбыўся пасьля аднаго з шэраговых канцэртаў „Палацу“. Да мяне падыйшлі два зусім маладыя хлопцы ў адзеньні а-ля рок-мілітары і кажуць:

— Ну, вы клясна граеце! Нам вельмі спадабалася, але…

— Што, але?..

— Ну…

— Ну, што?

— Ну… ня «Нейра дзюбель»… У вас тоже качает, але зра вы ад іх ўшлі…

Я рэальна разгубіўся. Так і ня здолеў ім штосьці патлумачыць».

17 ліпеня 2010 году ў Jolly Roger Cafe гурт сьвяткаваў свой 21-ы дзень нараджэньня. Кульлінковіч: «У той вечар там былі нейкія непаладкі з вэнтыляцыяй, таму ў памяшканьні была жудасная тэмпэратура, недзе каля +50 С⁰. Усе мужчыны былі практычна голыя. Незразумела, як гэты канцэрт вытрымалі жанчыны. Мы падумалі, што калі застанемся ў адзеньні, то проста ня зможам дажыць да канца выступу. Таму было вырашына распрануцца. Калі ўзгадваем гэты канцэрт называем яго „баня“».

2011. Фота з клюбу «Графіці», дзе прайшло мусіць пад сотню «дзюбелеўскіх» канцэртаў. Спадзяемся, што і надалей колькасць выступаў ND у гэтым утульным клюбе ня зьменшыцца.

Праз год… На фотакаляжы адлюстраваны яскравыя кадры з сольнага канцэрту, які адбываўся ў клюбе «Гудвін». Гэтым канцэртам музыкі і прыхільнікі творчасьці Neuro Dubel адзначылі 23-годзьдзе каманды. Як заўсёды канцэрт атрымаўся вельмі «гарачы». 

2013. Фота з фэстывалю «Рок па вакацыях» (клюб «Центр»). Тым разам арганізатары запрасілі да ўдзелу вельмі моцны склад музыкаў. Акрамя саміх «дзюбелей» на сцэне выступілі «Палац», «Крама», Кася Камоцкая, Naka, Re1ikt, N.R.M і піцерскі рок-музыка Вадзім Курылёў.

2014 год — 25 кадар. Гэты здымак з канцэрту ў клюбе «Піраты», на ім «дзюбелі» выступілі зь вядомымі казахстанскімі рокерамі — гуртом «Адаптация». «Усё толькі пачынаецца», — пракамэнтаваў з прыемнай і шчырай усьмешкай апошні здымак Аляксандар.

Гэты год для Neuro Dubel досыць насычаны. І звязана ўсё ў першую чаргу з прыемнай нагодай, якая стала падставай і для нашага невялічкага экскурсу па старонках гісторыі легендарнага гурта. На працягу 25 гадоў людзі захапляюцца творчасьцю гэтай магутнай у энэргетычным пляне каманды, прычым гэтая энэргія вельмі сьветлая, што безумоўна адчуваецца публікай самага рознага ўзросту. Калі ня верыце ў гэта — прыходзьце на канцэрт і пераканайцеся самі!

4 кастрычніка Neuro Dubel адзначае 25-годзьдзе ў Re:Public

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm

Скарыстаныя фота з калекцыі Аляксандра Кульлінковіча, зьнятыя ўдзельнікамі гурта, а таксама ўзятыя з парталаў Budzma.by, Ultra-Music.com, generation.by

КАМЕНТАРЫ:

  • Ishmael Kaplan
    Ishmael Kaplan / адказаць
    01.10.2014 / 16:43

    Дзякуй, нядрэнная гісторыя ды каштоўныя фота.

  • Валера Бирин
    Валера Бирин / адказаць
    01.10.2014 / 18:59

    Привет всем.

    >> 1993 год. Падчас аднаго з выступаў Neuro Dubel, Аляксандр робіць першы «выхад у людзі». Публіцы такія паводзіны музыкі прыйшліся даспадобы (дарэчы, як і самому А. К.), таму Саша захаваў выхады як традыцыю.

    Эта фотография 100% не 1993 года, во-первых, я знаю некоторые лица на фото, ну а во-вторых (более весомый аргумент :) - серая майка, которая на Куллинковиче, появилась одновременно с альбомом "Умные вещи" (на обороте майки логотип альбома).

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.10.2014 / 13:19

    Усе фоты, спраўджаныя Кульлінковічам, але недакладнасьці могуць быць, так што
    дзякуй за пільнасьць. Магчыма, вы ўдакладніце год, калі гэтае фота было зробленае.

  • КАМЕНТАВАЦЬ