Кіна!OUT: Фільм «Песьняры» — між перамогай і забаронай (рарытэтнае відэа!)
3346 / 0
13.09.2014

Кіна!OUT: Фільм «Песьняры» — між перамогай і забаронай (рарытэтнае відэа!)

На Tuzin.fm глядзім фільм «Песьняры», зьняты ў 1971 годзе рэжысэрам Уладзімерам Арловым. Стужка ў той час сталася для гледачоў такім жа шокам, як запісы «Бітлз».

Фільмаграфія ансамблю «Песьняры» надзвычай багатая. Іх музыка гучыць у вялікай колькасьці мастацкіх, анімацыйных, дакумэнтальных карцінаў, у адзьнятых зборных і сольных імпрэзах, у тэлеперадачах, а яшчэ ў так званых фільмах-канцэртах. Першы зь іх датуецца 1971 годам. Для многіх тагачасных гледачоў фільм, які называўся папросту «Песьняры», стаўся ня меншым шокам, чым запісы «Бітлз».

МАСКВА ДАЛА ДАБРО

Некаторыя відэаздымкі меліся й у прота-«Песьняроў» — ВІА «Лявоны». Але першы маштабны фільм пра мулявінскі ансамбль зьняў рэжысэр Уладзімер Арлоў. Між іншым, у дэбютнай канцэртнай праграме «Песьняроў» меўся твор на словы Арлова й музыку Грышмана «Трубачы». Аднак аніякіх запісаў гэтае песьні не засталося.

Менавіта «Трубачоў» Мулявін і кампанія выконвалі ў першым туры Ўсесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. Тое было ў кастрычніку 1970 году. Як вядома, «Песьняры» сталі ляўрэатамі конкурсу — то бок, атрымалі афіцыйнае прызнаньне ў Маскве. Таму кіраўніцтва беларускага «Тэлефільму» лёгка пагадзілася з ідэяй спадара Арлова зафіксаваць маладых музыкаў на стужку.

На фота: рэжысэр Уладзімер Арлоў падчас працы (1971)

ДЛЯ КОЖНАЕ ПЕСЬНІ — СВОЙ ПАВЕРХ

Падрыхтоўчы працэс да здымак распачаўся ўжо ў лістападзе 1970-га, а самі здымкі адбыліся ў студзені 1971 году за 10 дзён. У павільёне №2 «Беларусьфільму» была збудаваная сцэна амаль пад столь у выглядзе батлейкі — старадаўняга народнага тэатру лялек. Рэжысэр раскрывае канцэпцыю для чытачоў Tuzin.fm: «Ідэю батлейкі прыдумаў Яўген Ігнацьеў, мастак Беларусьфільму. „Райскія“ песьні пра каханьне сьпяваліся на верхнім паверсе, сярэдні паверх адводзіўся для побытавых сьпеваў, а ўнізе выконваліся жартоўныя, сатырычныя творы тыпу Забалела мая галованька“».

На фота (зьлева направа): Лявон Барткевіч, Валянцін Бадзьяраў, Уладзіслаў Місевіч, Валеры Яшкін

Між іншым, «Галованька» — можна сказаць, сольны нумар Алеся Дзямешкі, дзе ён ня толькі салюе на бубнах, але й сьпявае. Пазьней «Галованька» трансфармавалася ў іншую песьню «Чарачка мая» й выйшла на адзіным канцэртным альбоме. Кажучы канкрэтна пра ўдарнае сола Дзямешкі ў фільме, Уладзімер Мулявін зазначаў: «А Шурык наш не квадратамі, ён коламі грае».

На фота (зьлева направа): Уладзімер Арлоў, Аляксандар Дзямешка, Уладзімер Мулявін

МРОЯ ІЛЬВА ДУРАВА

Тлумачэньне, што такое батлейка, даецца на самым пачатку фільму. Эпізод здымаўся ў Музэі тэатральнага мастацтва ў Маскве. У кадры — сапраўдная беларуская аўтэнтычная батлейка. Але (такі ўжо быў бязбожны час) біблейскія Тры Каралі названыя «прадстаўнікамі эксплюататарскіх клясаў». Між іншым, экскурсавода грае жонка расейскага актора Льва Дурава, і ён таксама зьяўляецца ў кадры. Рэжысэр тлумачыць: «Леў Дураў граў наведніка музэю, які гэтай батлейкай зацікавіўся. І калі экскурсія пайшла далей, ён застаўся й пачаў дакранацца да фігурак, а яны быццам ажывалі пад ягонымі рукамі. Уся далейшая дзея — гэта нібыта ягоная мроя…»

На фота: Актор Леў Дураў падчас здымак фільму «Песьняры» (1971)

Па словах Арлова, «Песьняры» здымаліся ахвотна, апантана й з энтузіязмам. Яны не маглі суцішыцца нават у перапынках. З усіх павільёнаў зьбягаліся людзі, каб паслухаць, як «Песьняры» сьпяваюць паўзабароненых «бітлоў». На заўвагу Арлова наконт таго, што музыкі зрываюць здымачны працэс на «Беларусьфільме», Мулявін адказаў: «Хай граюць, абы ня пілі ды ня кралі».

НУМАРЫ-НАВЭЛЫ

Візуальнае вырашэньне кожнае песьні ў фільме-канцэрце «Песьняры» два Ўладзімеры — Арлоў і Мулявін — выдумлялі як асобную навэлу. Так зьявілася брычка, сабраная з барабаннае ўстаноўкі, характэрная гітарная касавіца, група манэкеншчыцаў і тры сотні сьвечак. Рэжысэр прызнаецца: «Я шмат гадоў ня бачыў гэты фільм. Недзе пяць гадоў таму я яго перагледзеў. Вы ведаеце — ня сорамна! Без кампутара, бязь лічбавых эфэктаў усё было зроблена вельмі цікава. Калі Купалінку“ здымалі, у нас была шкляная падлога, і адначасова запальваліся трыста сьвечак, вакол „Песьняроў віравалі дзявочыя карагоды, памножаныя й размытыя лінзай».

На фота: манэкеншчыцы здымаюцца для фільму

Фрагмэнты зь фільму-канцэрту «Песьняры» 1971 году дагэтуль цытуюцца на ўсіх тэлеканалах, як толькі заходзіць гаворка пра Мулявіна. Менавіта пасьля гэтае працы за Алесем Дзямешкам замацавалася амплюа камічнага пэрсанажа, а за Лявонам Барткевічам — рамантычнага героя. Яшчэ адна адметнасьць фільму ў тым, што чатыры зь дзясятку прадстаўленых песень верагодна плянаваліся для першага дыску-гіганту «Песьняроў», але ж у яго ня трапілі ды й на міньёнах не выдаваліся: «Галованька», «Купалінка», «Як я ехаў да яе» й «Бывайце здаровы».

На фота: Уладзімер Арлоў, манэкеншчыцы і «Песьняры»

 «ХЛОПЕЦ» З «СОКАМ»

У тым жа 1971 годзе на экраны СССР выйшла спартовая драма «Міравы хлопец» альбо «Хлопец што трэба». Стужка адразу ж пачынаецца зь песьні ў выкананьні «Песьняроў», што становіцца лейтматывам усяго фільму — «Бярозавы сок». Перамовы з Уладзімерам Мулявіным наконт удзелу ў гэнай карціне адбыліся акурат падчас здымкаў фільму-канцэрту.

Літаральна на наступны дзень там жа на студыі «Беларусьфільму» «Песьняры» запісалі песьню, што потым выратавала іх ад забароны. Бо пасьля канцэрту ў расейскім Волску ў 1971 годзе, дзе здарыўся канфлікт зь мясцовымі тэлевізіёншчыкамі, ансамбль амаль на год трапіў у «чорны сьпіс» і мог быць расфармаваны. Дарэчы, сам Уладзімер Арлоў зьняўся ў фільме «Міравы хлопец» у ролі замежнага агента. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Фільм «Песьняры» разьмяшчаецца на Tuzin.fm са згоды рэжысэра Ўладзімера Арлова. Фотаздымкі ўзятыя зь яго ж архіву.

На загалоўным фота: «Песьняры» падчас здымак фільму-канцэрту

Віктар Сямашка, Tuzin.fm