«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 2
2869 / 0
26.08.2014

«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 2

Праект «Re:Песняры» даў нагоду дасканала разабрацца з тым, каму належыць багатая творчая спадчына ансамблю Мулявіна, колькі існуе складаў «Песьняроў», якім чынам афіцыйна атрымаць дазвол на выкарыстаньне твораў для новых творчых праектаў і колькі гэта каштуе сілаў і грошаў.

Сытуацыя з правамі на спадчыну «Песьняроў» надта блытаная. Музыкі розных складаў ансамблю яшчэ пры жыцьці Мулявіна сталі дзяліцца і пачкавацца такім чынам, што ў сярэдзіне 00-х сытуацыя стала нагадваць показку Ільфа і Пятрова пра «дзяцей лэйтэнанта Шміта». Кіраўнік дзяржаўных «Песьняроў» Вячаслаў Шарапаў неяк распавядаў «Тузіну Гітоў», што на гастролях даходзіла да камічнага. Музыкі ўпершыню прыяжджаюць з канцэртам у нейкі расейскі горад і выяўляецца, што «Песьняры» тут ужо выступалі. «Нам часта гавораць: вой, а да вас тут ужо былі нейкія „Песьняры“, пад фанаграму гралі. У Беларусі ніхто зь іх не зьяўляецца, а Расея амаль уся імі пакрытая. Калі ў нас на канцэртах пытаюцца, то мы тлумачым сытуацыю, хоць розьніца бачная, бо мы заўжды выступаем ужывую».

Па прыблізных падліках, з рэпэртуарам «Песьняроў» па постсавецкіх краінах у апошнія 10 гадоў езьдзілі як мінімум 6 калектываў.

Першы — уласна беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры», які лічыцца афіцыйным пераемнікам калектыву, якім кіраваў Уладзімер Мулявін. На іх сайце падрабязна тлумачыцца, чаму менавіта гэтыя «Песьняры» — самыя сапраўдныя: «У цяперашні час прававая ахова гандлёвага знаку „Песьняры“, што належыць Беларускага дзяржаўнаму ансамблю „Песьняры“, ажыцьцяўляецца на падставе яго нацыянальнай і міжнароднай рэгістрацыі ў адпаведнасьці з нормамі Мадрыдзкага пратаколу ў Рэспубліцы Беларусь, Расейскай Фэдэрацыі, Украіне, Літве, Латвіі, Польшчы, Баўгарыі, Нямеччыне, Кітаі».

На фота: Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» (афіцыйны постэр)

Другі — «Беларускія Песьняры», заснаваны ў 1998 годзе пасьля сыходу часткі музыкантаў «Песьняроў» з калектыву Мулявіна (гэта асобная гісторыя). Менавіта ў гэтым гурце задзейнічаны адзін з заснавальнікаў «Песьняроў» Уладзіслаў Місевіч і вакалісты залатога складу — Валер Дайнэка ды Ігар Пеня. На іх сайце таксама зьмешчаная афіцыйная інфармацыя пра тое, што «назва „Беларускія Песьняры“ запатэнтаваная. Ансамблем атрымана „Пасьведчаньне на гандлёвы знак (знак абслугоўваньня)“ № 277796 ад 4 лістапада 2004. Гэта мера дапамагае пасьпяхова змагацца з такой зьявай, як гурты-двайнікі, што ўводзяць у зман як замоўцу, так і гледача». Калектыў звышпапулярны, неяк увайшоў у 20-ку самых запатрабаваных артыстаў на карпаратывах у Маскве, апярэдзіўшы нават Білана з Лазаравым. Уладзіслаў Місевіч распавядаў «Тузіну Гітоў», што пасьля сьмерці Мулявіна менавіта ім прапаноўвалі стаць ансамблем-пераемнікам: «Шмат разоў нам прапаноўвалі заняць месца дзяржаўных „Песьняроў“, але мы заўжды адмаўляліся, бо для калектыву стаць дзяржаўным гэта вялікае глупства. Валодзя Мулявін з нашай згоды ў 1988 годзе аддаў „Песьняроў“ пад дзяржаўнае лона і тым самым паставіў на групе крыж».

На фота: «Беларускія Песьняры» (прома-матэрыял)

БДА «Песьняры» і «Беларускія Песьняры» афіцыйна паразазумеліся між сабой у 2011 годзе, на 70-годзьдзе са дня нараджэньня Ўладзімера Мулявіна. Музыканты прынялі рашэньне пра ўзгодненыя дзеяньні на тэрыторыі краінаў СНД. «За апошнія два дні мы зьнялі ўсе балявыя кропкі ў нашых узаемаадносінах, як чалавечых, так і юрыдычных», — перадала словы Вячаслава Шарапава агенцтва БелаПАН.

На фота: «Песьняры» Лявона Барткевіча (прома-матэрыял)

Трэці калектыў з чыста «песьняроўскім» рэпэртуарам заснаваў Леанід Барткевіч пасьля чарговага разладу ў асноўных «Песьнярах». Пасьля сьмерці Мулявіна ў 2003 годзе кіраўніком дзяржаўнага ансамблю прызначылі Валерыя Скаражонка. Гэты факт абурыў частку музыкаў на чале з Барткевічам, які быў вярнуўся ў калектыў пры канцы 90-х. Такім чынам паўсталі «Песьняры п/к Л. Барткевіча». Гурт таксама атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю і зарэгістраваў гандлёвы знак на тэрыторыі Расеі ў 2003 годзе. Гэты факт выклікаў абурэньне з боку дзяржаўных «Песьняроў», якія мелі толькі рэгістрацыю на тэрыторыі Беларусі і пачалася доўгае разьбіральніцтва. У 2011 годзе Калегія Палаты па патэнтных спрэчках Распатэнту вынесла рашэньне на карысьць БДА «Песьняры» і прызнала рэгістрацыю «Песьняроў» Барткевіча несапраўднай. Аднак, тыя не пагадзіліся і рашэньне аспрэчылі. Справа дайшла да Арбітражнага суду Расеі, які прызнаў такі рацыю дзяржаўных «Песьняроў».

На фота: «Песьняры» Ігара Сьвечкіна

Тым часам, «Песьняры Барткевіча» падзяліліся яшчэ на некалькі калектываў. Сытуацыю тут дапамагае прасачыць найлепшы ў сеціве сайт, прысьвечаны «Песьнярам» — Песьняры.сом: «У лютым 2004 году частка складу ансамблю Барткевіча на чале з дырэктарам Ігарам Сьвечкіным аддзялілася ад калектыву і пачала самастойныя гастролі. Атрымалася як бы два склады аднаго гурта. Пры канцы 2008 году ізноў адбыўся раскол гурта. Частка музыкаў на чале зь Сяргеем Мядзьведзевым стала працаваць пад назвай „Фольк-група Лявоны“, а „Песьняры“ Барткевіча выступаюць з новым складам». Атрымліваецца, што «Песьняры» Сьвечкіна — чацьверты ансамбль, чый рэпэртуар складаецца зь «песьняроўскіх» песень, а «Фольк-група Лявоны» — пяты. Гэты калектыў даваў у асноўным клюбныя канцэрты, праіснаваў блізу чатырох гадоў, выдаў два альбомы («История продолжается» і «Сьпявай, Лявон») ды спыніў дзейнасьць недзе з два гады таму. Яшчэ пакуль жывая іх афіцыйная суполка ў сацсетцы.

На фота: «Лявоны» Сяргея Мядзьведзева, фота з афіцыйнай суполкі

Быў яшчэ шосты калектыў, які таксама трымаўся на «песьняроўскай» спадчыне. Зваўся ён таксама «Лявоны», заснаваў яго Аляксандар Дзямешка, першы бубнач славутага ансамблю. Праз год дзейнасьці спадар Аляксандар пайшоў у іншы сьвет, а калектыў праіснаваў яшчэ неяк з год ды таксама спыніў сваю дзейнасьць.

На фота: «Лявоны» Аляксандра Дзямешкі, фота pesniary.com

Аматары творчасьці «Песьняроў» намагаюцца адсачыць і вылічыць усе магчымыя склады ансамблю, але часам гэтага не ўдаецца. Кажуць, па расейскай глыбінцы гастралююць ананімныя «Песьняры», за якія ніхто з былых удзельнікаў каманды так і не паручыўся.

У 2010 годзе журналіст Зьміцер Падбярэзскі напісаў пра існаваньне яшчэ адных «Песьняроў» — «чуваскіх», у склад якіх ўваходзілі пяць жанчын, музыка, які называў сябе Мікалай Ларыёнаў-Мулявін і кіраўнік ансамблю Анатоль Арынін, народны акадэмік Чувашыі. Калектыў з такой назвай, як сьведчыць афіша, адзначаў 15-годзьдзе існаваньня. Пасьля публікацыі ўзьняўся скандал, музыкі сталі звацца інакш — «Данс-рок-капэла». Каму цікава — вось іх тлумачэньне гэтай сытуацыі.

На фота: афіша канцэрту «Чуваскіх Песьняроў»

Акрамя ўласна калектываў з канцэртамі пэрыядычна выступаюць і салісты «Песьняроў» розных часоў. Пасьля сыходу ў 2012 годзе з БДА «Песьняры» Валеры Скаражонак заняўся сваім праектам «Братья славяне». Вядома ж, яго выступы не абыходзяцца без выкананьня «песьняроўскай» клясыкі. Сёлета ў КЗ «Менск» сумесны канцэрт далі Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў, іх праект пазначаны на афіцыйным сайце, як «Легендарныя салісты залатога складу ансамблю „Песьняры“».  

На фота: постэр дуэту Кашапараў-Барткевіч

Калі назва ансамблю «Песьняры» трапляе ў навіновыя стужкі, то ад пачатку зусім няпроста разабрацца пра які менавіта склад ідзе размова, як тое было з выступам на Антымайдане ў Кіеве ў падтрымку Януковіча адных зь «Песьняроў». Наогул жа між удзельнікамі розных складаў адносіны альбо адсутнічаюць наогул (старэйшыя маладзейшых могуць нават ня ведаць у твар), альбо яны досыць нацягнутыя ці адкрыта канфліктныя ажно да катэгарычнай адмовы выходзіць на адну сцэну. Пра гэта якраз неяк «Тузіну» распавядаў Улад Місевіч, калі адказваў на пытаньне пра імавернасьць узьяднаньня «Песьняроў» напярэдадні тады яшчэ 40-годзьдзя калектыву. «Мы ня выйдзем на адну сцэну зь некаторымі. Асабліва з Барткевічам. Ён недзеяздольны, але гэта не галоўная прычына. Праблема ў яго характары. Сэнсу ад гэтага ня будзе, нават калі ісьці на вялікія кампрамісы. Большая частка рэпэртуару „Песьняроў“ цяпер неактуальная і калі нехта хоча сёньня праславіцца, як „Песьняры“, трэба зусім іншы падыход. Мы гэта спрабуем рабіць. Іншыя намагаюцца проста капіяваць. Але копія ніколі ня будзе арыгіналам».

Адна зь першапачатковых ідэяў «Re:Песьняры» была ў тым, каб у кожнага ўдзельніка трыб’ют-праекту быў свой куратар, з розных складаў ансамблю, які бы «вёў» новую вэрсію — ад стварэньня новай аранжыроўкі да запісу ў студыі. Але гэтую задуму ў сувязі з вышэйапісаным было вырашана пакінуць.

На тэрыторыі Беларусі кіраваньнем правоў на выкарыстаньне песень з рэпэртуару «Песьняроў» афіцыйна займаецца Цэнтар абароны інтэлектуальнай уласнасьці, куды мы афіцыйна і зьвярнуліся. Спэцыялісты Цэнтру даволі хутка падрыхтавалі адпаведныя дамовы аб выкарыстаньні твораў у дачыненьні да праекту «Re:Песьняры». Усяго тры, асобна па выданьні дыска, сеціўнай прэзэнтацыі і канцэрту: дамова на аднаўленьне, імпарт, распаўсюд у форме гукавога запісу на матэрыяльных носьбітах, дамова на давядзеньне твораў да ўсеагульнага ведама шляхам перадачы дадзеных у сеціве інтэрнэт і дамова на публічнае выкананьне твораў у складзе культурна-відовішчнага мерапрыемства. У кожнай з дамоваў — свой прынцып налічэньня аўтарскіх. Найбольш цікавы ў выпадку з інтэрнэтам: за зьмяшчэньне твораў у вольны доступ прапануецца плаціць 15 базавых вялічынь (каля 160 даляраў) на месяц. Тое, што творы ў нэце не прадаюцца, ніякай ролі ня грае.

Дакумэнты былі ўжо падрыхтаваныя для падпісаньня, а дамова на канцэрт ужо была падпісаная з двух бакоў, калі адмыслоўцы Цэнтру зразумелі, што справа ідзе не пра перайгрываньне кампазыцыяў, а пра іх новую музычную інтэрпрэтацыю. Паводле заканадаўства, інтэрпрэтацыя музычнага твору мусіць узгадняцца з аўтарамі (ці іх спадкаемцамі) арыгінальных музычных твораў. А мы ўсё адно зьбіраліся зьвяртацца па блаславаньне (ды з патаемнай надзеяй на тое, што ў інтэрнэце нам праект дазволяць зьмясьціць бяз сплаты аўтарскіх — адкуль жа ўзяць грошы на гэта!) да Алега Моўчана, Сьвятланы Аляксандраўны Мулявінай-Пенкінай, Вольгі Ўладзімераўны Мулявінай, Ігара Міхайлавіча Лучанка, Ірыны Юр’еўны Семянякі. У лісьце да жонкі Ўладзімера Мулявіна, якая цяпер мае выключныя правы на творы яго аўтарства, мы апісалі сэнс нашай задумы, прамовілі мантру пра тое, што «гэты юбілей — добрая нагода паказаць наколькі „Песьняры“ паўплывалі на беларускую сучасную музыку. „Re:Песьняры“ — справаздача музыкаў новага пакаленьня, іх своеасаблівы адказ і водгук на тое, што зрабілі Мулявін з паплечнікамі»: «Нам вельмі важна атрымаць ад Вас згоду і дабраславеньне на такую працу. Будзем радыя, калі вы таксама дапаможаце парадамі і возьмеце ўдзел ў якасьці пачэснага госьця на прэзэнтацыі праекту. Гатовыя таксама прадаставіць частку тыражу выдадзеных дыскаў гэтага праекту для Вашых патрэбаў, калі гэта неабходна», — гэтак скончылі мы ліст да славутай савецкай кінаакторкі, якая пражыла з Мулявіным у шлюбе апошнія 22 гады. Мы безумоўна верылі ў тое, што яна зразумее нашае памкненьне і, калі не дапаможа, дык хоць бы не перашкодзіць. Падобны па сэнсе і зьмесьце ліст мы перадалі таксама Ігару Міхайлавічу Лучанку разам з дэма-вэрсіямі твораў большасьці ўдзельнікаў праекту…

Працяг будзе…

«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 1

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm