Ягор Забелаў: «Часам зусім ня хочацца размаўляць па-расейску» (аўдыё, відэа)
2658 / 1
22.08.2014

Ягор Забелаў: «Часам зусім ня хочацца размаўляць па-расейску» (аўдыё, відэа)

Баяніст Ягор Забелаў стварыў імянны праект — Yegor Zabelov Trio. У інтэрвію Tuzin.fm Ягор разам з калегамі Аляксандрам Яфімавым (бас) і Ўладзімерам Бэгерам (бубны) распавёў пра музыку да аповесьці Караткевіча, першы відэаролік новага трыё і пра важнасьць паўзы й дынамікі.

Yegor Zabelov Trio ўзьнікла яшчэ ў 2011 годзе. Але дагэтуль існавала выключна разам зь нямым кіно «Голем», да якога Ягор Забелаў (экс-«Нагуаль», экс-«Серебряная свадьба», экс-«Гурзуф») напісаў музыку. З гэтай праграмай трыё выступала ў Беларусі, Нямеччыне, Польшчы. Аднак першым паўнавартасным выступам новага ўтварэньня Ягор лічыць леташні выступ на фэстывалі ў Коўне. Музыкі прадставілі праграму, адасобленую ад кіно. Сёлета Yegor Zabelov Trio завершыла працу над кампазыцыяй «Дзевяць крокаў», зьняла яе на відэа й рыхтуецца да лістападаўскіх канцэртаў у Польшчы. Праект Забелава — госьць рубрыкі !OUT на Tuzin.fm.

ТГ: Yegor Zabelov Trio — гэта працяг «Гурзуфа»? Твой дуэт з Арцёмам Залескім ўжо не рэанімуецца?

Ягор: Відаць, што ўжо не. Хаця некаторыя кампазыцыі «Гурзуфа» мы, верагодна, пераапрацуем. У любым выпадку трыё — яшчэ адзін крок у маёй творчасьці.

ТГ: А чаму ў трыё менавіта такі склад? Чаму вырашылі дадаць у праверанае спалучэньне баяна з бубнамі яшчэ й бас-гітару?

Уладзімер: Бас-гітара — вельмі выразны інструмэнт, які можа й саліраваць. Гэта клясычная аснова. Шмат такіх трыё, дзе ўдзельнічаюць бубны й кантрабас альбо бас-гітара і раяль альбо баян, як у нашым выпадку.

Аляксандар: У ніякім іншым праекце я такую музыку не іграю. Тут я магу экспэрымэнтаваць з гукам, рытмічнымі фігурамі.

Ягор: У нашым трыё вельмі важны момант узаемазамяняльнасьці інструмэнтаў. Мой баян становіцца самым статычным складнікам ва ўсёй музыцы, а барабанныя альбо басовыя партыі ў пэўных адрэзках могуць быць вядучымі. А ўвогуле ўсіх нас разам можна ўспрымаць як рытм-сэкцыю.

ТГ: Вашая музыка адначасова адсылае й да канца 1960-х, да Emerson, Lake & Palmer, і разам з тым чуваць уплывы джазу й гэві.

Ягор: З кожнай рэпэтыцыяй мы намацвалі ўсё мацней вось гэтую рокавую аснову. А джазавыя адценьні лёгка тлумачацца тым, што Валодзя й Саша паралельна граюць у H.A. Quartet.

Аляксандар: Наогул, у трыё граць складаней, чым, скажам, у квінтэце. Трэба, каб усё гучала паўнавартасна. Мы імкнемся не сказіць Ягораў стыль, ягоную задуму.

ТГ: То бок, творчасьць у вас дастаткова калектыўная?

Ягор: Так. Мне гэтага й хацелася ў трыё. Часам я выступаю проста як кантралюючы орган. Для мяне вельмі цікавае ўзаемадзеяньне між гэтымі двума людзьмі, зь якімі я цяпер граю.

Аляксандар: Але апошняе слова за кампазытарам, за Ягорам.

ТГ: Наколькі важныя паўзы й скокі між цішынёй і гучнасьцю ў вашых кампазыцыях?

Уладзімер: Паўза заўсёды асьвяжае музыкальную структуру.

Ягор: А дынаміка — гэта наш фірмовы стыль.

ТГ: Раскажыце пра кампазыцыю, на якую вы зрабілі сваё першае прома-відэа. Што на яе натхніла?

Ягор: Гэтую рэч я вырашыў назваць менавіта па-беларуску — «Дзевяць крокаў». Калі я нядаўна езьдзіў выступаць у Адэсу, у Польшчу мне зусім не хацелася размаўляць па-расейску. Над кампазыцыяй мы працавалі з паўзамі амаль год. Назоў можна патлумачыць тым, што там выкарыстаны музычны памер 9/4. Хаця значэньне можа быць і шырэй.

Аляксандар: Нейкая сюіта атрымалася. Розныя часткі, адрозныя па атмасфэры.

Аўдыё. Yegor Zabelov Trio — фрагмэнт музыкі да лялечнага спэктаклю «Ладзьдзя роспачы», 2013.

ТГ: Акром музыкі да фільму «Голем», вы яшчэ аформілі спэктакль «Ладзьдзя роспачы» паводле Караткевіча.

Ягор: Так, музыку запісалі гэтым жа складам. Толькі я на фартэпіяна граю. Вельмі сымпатычная работа. Спэктакль цяпер ідзе ў менскім Тэатры лялек.

Аляксандар: Я помню, што мы шмат імправізавалі. Лавілі адчуваньні ад сюжэту. Як, напрыклад, ад гульні ў шахматы са Сьмерцю.

Ягор: Дарэчы, гэтая пастаноўка намінуецца на Тэатральную прэмію. Можа, нашую музыку адзначаць? Было б ня блага. Я ўжо столькі музыкі для тэатру напісаў — ані разу не адзначылі.

Відэа. Yegor Zabelov Trio — кампазыцыя «9 крокаў», 2014.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: