Ігар Лучанок ухваліў праект «Re:Песьняры»
2148 / 1
08.08.2014

Ігар Лучанок ухваліў праект «Re:Песьняры»

Слынны беларускі кампазытар падтрымаў ідэю праекту «Re:Песьняры» і даў згоду беларускім музыкам на выкананьне песень свайго аўтарства.

Як толькі мы задумалі рэалізаваць праект «Re:Песьняры», адразу ж зьвярнуліся да Ігара Міхайлавіча. Кантактавалі спачатку праз сына — Андрэя Лучанка, які працуе юрыстам у Цэнтры абароны інтэлектуальнай уласнасьці і моцна дапамагае нам у кансультацыях па вырашэньні момантаў, зьвязаных з спадчынай «Песьняроў». Дамовіліся на тое, што пакажам кампазытару ўсе трэкі, падрыхтаваныя для праекту да 45-годзьдзя «Песьняроў», як толькі яны будуць запісаныя.

Ігар Міхайлавіч з увагаю некалькі разоў праслухаў дыск, распытваў зь цікаўнасьцю пра кожнага выканаўцу і адзначыў моманты, якія яму асабліва спадабаліся, як, напрыклад, жаночая вэрсія «Каляды» ў выкананьні Akana, «Чырвона ружа» ў джазавай апрацоўцы гурта Detroit ці інтэрпрэтацыя з саксафонам «Веранікі» ад Зьмітра Вайцюшкевіча альбо сьпеў Стаса Мытніка з Akute. Упадабаў творца таксама васьміхвілінны эпізод з рок-опэры «Гусьляр» свайго аўтарства, за выкананьне якога наважыўся ўзяцца гурт Tonqixod. Кампазытар прыняў і арт-рокавае прачытаньне гуртом Re1ikt сваёй песьні «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», сьмелыя авангардныя экспэрымэнты Сяргея Пукста з «Александрынай», і маршавае вырашэньне «Малітвы» гурта Naka, якая, на жаль, ня ўвойдзе ў праект. На пытаньне ці варта брацца непрафэсійным музыкам за выкананьне складаных «песьняроўскіх» твораў, Ігар Лучанок зазначыў: «Шмат якія вядомыя кампазытары і выканаўцы выйшлі з самадзейнасьці. Той жа Мулявін таксама. Бачу толькі плюс у тым, што моладзь перапявае творы „Песьняроў“ для новага пакаленьня, вельмі важна, каб маладыя людзі ведалі нашу спадчыну».

«Хачу сказаць усім удзельнікам праекту „Re:Песьняры“ вялікі дзякуй за тое, што яны працягваюць тое, што некалі адкрыў Уладзімер Георгіевіч Мулявін, зь якім мы разам былі яшчэ з часоў гурта „Лявоны“. Гэты праект працягвае творчы шлях беларускай песьні. Песьні і паэзіі, бо шмат песень напісана на вершы беларускіх паэтаў. Думаю, што слухачы з удзячнасьцю сустрэнуць гэты праект», — адзначыў Ігар Лучанок пры канцы нашай размовы. Кампазытар таксама адгукнуўся на прапанову наведаць канцэрт-прэзэнтацыю 12 верасьня, каб пачуць ужывую ўдзельнікаў праекту «Re:Песьняры».

Сяргей Будкін, Tuzin.fm, фота open.by

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    08.08.2014 / 17:19

    Карыстаемся нагодай і віншуем спадара Ігара з 76-годзьдзем, якое кампазытар справіў 6 жніўня. Доўгіх год жыцьця!

  • КАМЕНТАВАЦЬ