Моўчан vs. Naka. «Малітвы» ня будзе (відэа)
3609 / 2
06.08.2014

Моўчан vs. Naka. «Малітвы» ня будзе (відэа)

Афіцыйны камэнтар галоўрэда Tuzin.fm Сяргея Будкіна адносна катэгарычнай забароны кампазытара Алега Моўчана сьпяваць «Малітву» на словы Янкі Купалы гурту Naka ў праекце «Re:Песьняры».

Шаноўны Алег, які нястомна стаіць на абароне аўтарскіх правоў творцы ў краіне, дзе на гэтыя правы пляваць усе хацелі, робіць у гэтым сэнсе вялікую справу. Магчыма з дапамогай яго ОНТ, якое ён узяўся правучыць, ды іншыя дзяржаўныя смі ўрэшце навучацца паважаць права творцы, а г. зн. браць дазвол на выкарыстаньне кампазыцыі і адлічваць аўтарскія (у аднаго «Старога Ольсы» колькі ўсяго накралі!). Магчыма ў тым ліку дзякуючы ягонаму прыкладу, самі аўтары музычных кампазыцыяў будуць больш уважліва ставіцца да рэгістрацыі сваіх правоў і будуць мець з таго капейчыну, а тыя хто бярэцца за выкананьне песень іншых аўтараў, прынамсі беларускіх, будзе зьвяртацца па згоду да аўтараў арыгіналу. Магчыма дзякуючы ў тым ліку і Алегу, сытуацыя ў Беларусі ў гэтым пляне паступова зьменіцца і тыя аўтары, якія напісалі сапраўды вартасныя кампазыцыі, якія запатрабаваная ў тэле- і радыёэтэры, музычных шоў і праектах, ня будуць граць у кабаках чужыя песьні, пісаць каньюктурныя аднадзёнкі для іншых артыстаў ці класьці коміны альбо працаваць на заводзе, а будуць мець прыбытак з сваёй сапраўднай творчасьці.

«Малітва» якраз тая песьня — сапраўдная. Той выпадак, калі кажуць, што пасьля такога ўжо можна нічога не пісаць. Мы зьвярнуліся непасрэдна да аўтара, а таксама ў Цэнтар абароны інтэлектуальнай уласнасьці, калі задумалі ўключыць вэрсію «Малітвы» ў выкананьні гурта Naka ў трэк-ліст праекту «Re:Песьняры». Сапраўдная песьня павінна жыць у разнастайных варыянтах, а факт таго, што яна перапяваецца і пераасэнсоўваецца іншымі, новымі гуртамі, сьведчыць яшчэ і пра пераемнасьць традыцыяў і працуе на агульную карысьць беларускай культуры. Такая была думка данесеная. У сваёй вэрсіі Наста Шпакоўская па-свойму ўбачыла гэтую кампазыцыю, зрабіўшы яе на ваяўнічы лад з трубой, маршавай афарбоўкай і мажорным пераможным сола. Сьпявачка мяркуе, што сучасная «Малітва» мусіць быць акурат такой. Такая і задача праекту — каб славутыя ды забранзавелыя гіты «Песьняроў» сучасныя музыкі ўбачылі па-свойму.

Спадар Алег не пагадзіўся з такой інтэрпрэтацыяй — ані труба, ані такі вакал на яго думку не да месца, агульнае рашэньне кампазыцыі яму таксама падалося няслушным. Ён бачыць «Малітву» ў перасьпеве толькі такім чынам — харавое эстраднае выкананьне без аніякіх зьменаў і інтэрпрэтацыяў. Можа разважаць і спрачацца, ці «працуе» такое выкананьне, аднак для Шпакоўскай прапанова ўвесьці хор выканаўцаў была непрымальная, бо яна ўбачыла гэтую «Малітву» як асабістую. І, прынамсі, у шчырасьці яе вэрсія выйграе.

Відавочна, Моўчан і Naka існуюць у двух паралельных сусьветах, як у музычным, так і сьветапоглядным сэнсе. Злучыць іх мог толькі Мулявін, але гэтага не адбылося. Нават нягледзячы на такое магічнае супадзеньне, што Насту як акторку запрасілі сыграць адну з роляў у спэктаклі «Песьняр».

Стаўленьне ў Алега Моўчана да сваіх твораў звыштрапяткое. Ён сам хоча вызначаць каму іх выконваць і ўласна браць удзел у працэсе запісу. Таму забараняе (выпадак з Naka далёка ня першы) іх пяяць тым, хто хоча гэта зрабіць з сваёй ініцыятывы, ня дзеля таго каб стаць на адну прыступку з выканаўцам арыгіналу ці наблізіцца да яго, а каб аддаць даніну павагі за зробленае ды ўкласьці твор у свой кантэкст. Мы ўжо казалі, што ў праект «Re:Песьняры» запрасілі тых артыстаў, якія  здольныя ня толькі таленавіта выканаць, але дадаць сваё важкае слова ў гэтую «малітву за родны народ беларускі».

Мы паважаем рашэньне Алега Моўчана, як аўтара музыкі да гэтай цудоўнай кампазыцыі, але ёсьць яшчэ па-за матэрыяльны аспэкт. Найлепей яго перадаць цытатай Віталя Тараса з газэты «Наша Ніва» за 2004 год пра творчасьць і значнасьць Быкава, якая аднолькава добра пасуе і да аўтара «Малітвы» Янкі Купалы, і да выканаўцы гэтай песьні Ўладзімера Мулявіна.

«Для сучаснікаў важна зразумець, што Быкаў не належыць нікому пэрсанальна. Ні прэзыдэнту, ні партыям, ні былым сябрам, ні нават сваякам і крэўным. Ён належыць усім беларусам — у тым ліку тым, хто пра яго ніколі ня чуў ці нават яшчэ не нарадзіўся. Ён належыць родным Бычкам, Менску, Беларусі, належыць таксама Празе. Быкаў належыць чалавецтву».

Пры разуменьні гэтага аспэкта прадмету спрэчкі проста не існуе, бо імкненьне да ўшанаваньня, распаўсюду і надаваньня новых фарбаў сапраўднай творчасьці справа неабходная для будучыні той краіны, у якой будуць паважацца правы (і ня толькі аўтарскія) і пра якую марылі ў тым ліку і Быкаў, Купала і Мулявін. І сам Мулявін гэтую думку разумеў абсалютна, мяркуючы з таго, што даў дазвол на спрэчныя з пункту гледжаньня ўвасабленьня арыгінальнай мастацкай задумы вэрсіі гітоў «Песьняроў» у выкананьні, напрыклад, гурта Neuro Dubel.

P.S. Пакуль рыхтуецца CD-рэліз праекту «Re:Песьняры», мы будзем чакаць да апошняга згоды Алега Моўчана на выкарыстаньне «Малітвы» ў вэрсіі гурта Naka. У жывой прэзэнтацыі праекту 12 верасьня ў Re:Public каманда Насты Шпакоўскай возьме ўдзел у любым разе. Будзем рады таксама бачыць на канцэрце і самога Алега Моўчана.

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.08.2014 / 15:43

    Як мяркуеце, ці варта брацца іншым музыкам за перастварэньне песень, якія можна лічыць безумоўнымі шэдэўрамі?

  • Ігар Палынскі
    Ігар Палынскі / адказаць
    06.08.2014 / 19:56

    безумоўна - брацца. Сяргей, вы ж самі напісалі: "І, прынамсі, у шчырасьці яе вэрсія выйграе". як бы слухач гэта адчуў бяз спробы наогул?)

  • КАМЕНТАВАЦЬ