!OUT: Morph — гульня ў карты бяз дурняў
1774 / 1
01.08.2014

!OUT: Morph — гульня ў карты бяз дурняў

Прафэсар і кампазытар з Швэцыі Гэрман Мюнтцынг растлумачыў Tuzin.fm навошта ён шукаў беларусаў для свайго музычнага праекту і што зь сябе ўяўляе мэтад гульні з карткамі.

Morph нарабіў шуму ў Менску. Авангардовы ансамбль сфармавалі маладыя музыкі з двух бакоў Балтыкі. У іх ліку баяніст Алесь Ясінскі (BosaeSonca) ды скрыпачка Тацяна Амельянчанка («Балцкі Субстрат»). Morph практыкуе незвычаную тэхніку калектыўнае імправізацыі — гульню з карткаміі. Tuzin.fm пагутарыў з завадатарам праекту Гэрманам Мюнтцынгам.

Гэрман Мюнтцынг:

— кампазытар, прафэсар;

— займаецца акустыкай ды электронікай з канца 1980-х гг.;

— выкладае ў музычнай акадэміі Мальмё;

— жыве ў маленькай швэдзкай вёсцы;

— у Менск прыяжджае выключна на цягніку.

ТГ: Вы абіралі музыкаў у Беларусі толькі з тых, хто мае акадэмічную школу?

ГМ: Так, бо Morph — гэта праект дзьвюх Акадэміяў музыкі, швэдзкай і беларускай.

ТГ: Чаму ня ўзялі джазавых музыкаў альбо электроншчыкаў?

ГМ: Я маю карані ў акадэмічным сьвеце Швэцыі, але я таксама маю карані ў электронным авангардзе. У Швэцыі вельмі лёгкія кантакты між гэтымі плынямі. Калі я ўпершыню наведаў Менск, я граў на фэстывалі Unsound — выключна электронным. І нехта мне распавёў , што гэта два асобныя сьветы ў Беларусі — акадэмічныя музыканты й авангард. Тады я сказаў, што хачу злучыць іх, што я хачу патрапіць у вашую Акадэмію музыкі й пачаць працаваць над імправізацыяй. Бо я займаюся тым жа ў Швэцыі. Такім чынам, каля году мы намагаліся зьвязацца з вашай Акадэміяй. І раптам мы знайшлі шлях туды. Дарэчы, некаторыя з прадстаўленых швэдзкіх музыкаў маюць джазавую падрыхтоўку.

Morph:

— ансамбль з тузіну чалавек;

— беларусаў і швэдаў напалам;

— узьнік у сакавіку 2011 г.;

— зьбіраецца 2 разы на год;

— выступае ў Менску ды Мальмё.

ТГ: Ці вялікай цяжкасьцю для беларускіх музыкаў стала імправізацыя? У Акадэміі яе не выкладаюць.

ГМ: Я думаю, што здольнасьць да імправізацыі — гэта натуральна для чалавека, як і ўвогуле граньне музыкі. Але што адбываецца, калі музыка малады? Ён хоча ствараць, экспэрымэнтаваць, імправізаваць… Але людзі яму кажуць: «Не, ты ня мусіш так рабіць! Ты граеш няслушна! Ты павінен прытрымлівацца сягосьці ды тагосьці!» У гэтым сэнсе, я мяркую, шматлікія музыкі губляюць гэтую здольнасьць да імправізацыі. Ня толькі ў Беларусі й ня толькі ў Швэцыі. Калі мы зьбіралі гэты гурт і ладзілі праслухоўваньні ў Менску, было шмат ахвочых. Яны вельмі хацелі імправізаваць.

ТГ: Што Вы можаце сказаць наконт рэакцыі на Morph у Швэцыі й у Беларусі? Магчыма, нашая публіка падалася Вам больш кансэрватыўнай?

ГМ: У Швэцыі часам успрымаюць такую музыку з гіроніяй. А ў Беларусі я адчуў шчырасьць аўдыторыі, якую не знаходзіў у Швэцыі ды іншых краінах. Я таксама размаўляў зь мясцовымі музыкамі ды адчуў, што музыка для іх — гэта вельмі сур’ёзная рэч.

КАРТКІ:

— мэтад гульні з карткамі аформіўся ў сьвядомасьці Мюнтцынга яшчэ ў 2005 г.;

— да кожнага выступу рыхтуеца пэўны набор картак у залежнасьці ад абставінаў;

— кожны музыка перад выступам атрымлівае свой стосік картак;

— пераходзіць ад карткі да карткі музыка можа, калі захоча;

— на кожнай картцы — указаньне (хутка / павольна / высока / нізка / гучна / ціха / адкрыта / усьлед / цішыня).

ТГ: У чым сутнасьць Вашага мэтаду — гульні ў карткі, «дзе ўсе пераможцы», як Вы кажаце?

ГМ: Я вельмі шмат працаваў над гэтым, доўга шукаў слушную формулу. Я хачу ствараць рэчы, якія змогуць граць і аматары, і прафэсіяналы. Адныя карткі зьвязаныя з індывідуальнасьцю музыканта і яго інструмэнтам: гучна й ціха, хутка й павольна, высока й нізка. Іншыя карткі разьлічаныя на камунікацыю між музыкамі. Адна з такіх важных картак — гэта «ўсьлед». Калі вы атрымліваеце такую картку, то мусіце граць усьлед за калегам, за якім пажадаеце. Картка «адкрыта» азначае, што вы можаце граць, што захочаце. Таксама «цішыня» — вельмі важная картка. Для гэтага гурту прыкладна палова картак — гэта карткі цышыні.

ТГ: Чаму ў Morph дагэтуль не зьявілася якасных запісаў?

ГМ: Я буду вельмі рады, калі падыйдзе прадстаўнік якога-небудзь лэйблу й скажа: «Пане Езус, я хацеў бы гэты выдаць!» Таму што гэта адзін з самых незвычайных праектаў, якія я рабіў. Сурёзна.

Ансамбль Morph адпачатку быў сфармаваны як частка адукацыйнае праграмы ў абедзьвюх музакадэміях — у Менску ды Мальмё. На існаваньне Morph адводзілася тры гады. У сьнежні 2013-га ансамбль мусіў быў разваліцца, але музыкі выказаліся супраць. Гэрман Мюнтцынг плакаў ад радасьці. Неўзабаве Morph атрымаў фінансавую падтрымку ад швэдзкіх уладаў і цяпер мае магчымасьць зладзіць першы тур. Канцэрты ды майстар-клясы пройдуць у Швэцыі, Польшчы ды Беларусі ўвосень 2015 году.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйных старонак Morph і Гэрмана Мюнтцынга 12musiciansmakemorph і Hermanmuntzing.com

КАМЕНТАРЫ:

  • Віктар Сямашка / адказаць
    05.08.2014 / 19:09

    Падрабязьней і з камэнтарамі Ясінскага ды Амельянчанкі тут -
    http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/496/

  • КАМЕНТАВАЦЬ