«Нельга забыць». Пераадолець у сабе маскавіцяніна (аўдыё)
6250 / 0
15.07.2014

«Нельга забыць». Пераадолець у сабе маскавіцяніна (аўдыё)

Гурт «Нельга забыць» прадставіў альбом «Mertvets» на вершы Максіма Багдановіча. Адметнасьць гэтай працы ня толькі ў арыгінальным паглядзе на спадчыну клясыка, але і ў тым, што ўся музыка была напісаная якраз у той хаце, дзе жыў паэт.

Гэтыя музыкі з тых, хто мысьляць цыклямі. Уласна і гурт «Нельга забыць» узяў такую назву паводле першай сваёй канцэптуальнай праграмы, створанай у жанры музычнага спэктаклю паводле рамана Ўладзімера Караткевіча «Леаніды ня вернуцца да зямлі» (з цэнзурных меркаваньняў — у час кіраваньня Леаніда Брэжнева — твор быў пераназваны ў «Нельга забыць»). Наступнае праграма каманды мела назву «Месца моцы», напісаная на вершы лідэра каманды Міхаіла Бараноўскага. Зь ёй гурт перамог на фэсьце «Бардаўская восень — 2012».

 

У новай праграме музыкі зноў зьвярнуліся да клясыкі. Адметнасьць праграмы ў тым, што музыка да вершаў Максіма Багдановіча стваралася акурат у той самай хаце, дзе жыў паэт у 1916 годзе — бадай што ў беларускай музычнай гісторыі гэта першы падобны выпадак. Міхал працуе ў музэі Багдановіча і сьцьвярджае, што музыка да яго прыходзіла сама, калі ён знаходзіўся ў гэтых сьценах. Ні над ніводнай песьняй ён не сядзеў наўмысна. Усе творы адбудаваліся ў праграму. «Праца мае сваю драматургію і кожная песьня знаходзіцца на сваім месцы, каб кожны, хто асьмеліцца, мог прайсьці шлях разам з Максімам і музыкамі гурта ад бязьмежнага адчаю да „Пагоні“», — тлумачыць музыка.

 

Праграму «Mertvets» гурт выконвае раз-пораз на сваіх канцэртах з канца мінулага году, а ў студыі запісана на пачатку 2014 году. Праца вялася ў студыі Everest. Акром Міхала ў яе стварэньні паўдзельнічалі такія музыкі, як Надзея Процька, вядомая таксама з гурта Pawa (вакал, скрыпка) і гітарыст Уладзь Пыльчанка (Markuts Band, HandmadE, гурт Паліны Рэспублікі ды іншыя). Цяпер рэліз выкладзены для вольнага спампоўваньня ў сеціва. «Наш альбом зьяўляецца спробай асэнсаваць сьмерць праз трагічны лёс і вершы знакамітага паэта, які з 17 гадоў пакутваў на сьмяротную хваробу, але нават пазбаўлены будучыні, знайшоў сілы рухацца да сьвятла, да сваёй мройнай краіны, нібы знакаміты герой стужкі Джыма Джармуша, на шляху якога нельга станавіцца, бо ён усё роўна пераможа», — распавядае Міхаіл.

Што да назвы альбому, напісанай па-расейску лацінкай, то Міхал кажа, што гэта даніна павагі русізмам Багдановіча, яго імкненьню да Беларусі: «Гэта такое пераадоленьне ў сабе маскавіцяніна. І спроба фанэтычна якраз адпавядае задуме альбому».

У найбліжэйшы час праграму «Mertvets» можна будзе пачуць на выступе гурта 17 ліпеня ў Менску ў межах акцыі «Мір вакол нас: канцэрт на бамбасховішчах». Падрабязнасьці — у нашай афішы.

Афіцыйная суполка гурта «Нельга забыць» УК/FB

Tuzin.fm, фота Барыса Вераб’ёва, Зарыны Кандрацьевай і з архіваў гурта