Вясельнае відэа па-беларуску можа стаць трэндам (відэа)
2760 / 1
03.07.2014

Вясельнае відэа па-беларуску можа стаць трэндам (відэа)

У сеціве зьяўляюцца вясельныя кліпы на беларускай мове.

Адзін з такіх ролікаў выклаў у сеціва вясельны апэратар Аляксей Білецкі. Гэта вельмі кранальнае дынамічнае відэа, змантаванае пад песьню гурта ili-ili «Танчыць». Арыгінальны кліп на гэты твор, зьняты Ideas Studio, якраз прысьвечаны вясельнай тэматыцы: паводле сюжэту жаніх спазьняецца да сваёй любай, сьвяткаваньне пачынаецца безь яго, нявеста, вядома ж, злуецца, але сканчаецца ўсё добра. У здымках паўдзельнічалі выдатныя беларускія акторы Зоя Белахвосьцік, Валянціна Гарцуева, Аляксандар Аўчыньнікаў і Аляксандар Паўлаў. У роліку аўтарства Аляксея задзейнічаны аматары, уключна з маладымі — Яраславам і Лізаветай, але глядзіцца ён ня менш цікава. Удзельнік гурта ili-ili Міхась Зуй кажа, што нявесту і жаніха ня ведае, а відэа выпадкова пабачыў у сеціве і безумоўна цешыцца таму, што іх песьня пайшла ў народ.

На відэа пазнака, што гэта першы вясельны ролік па-беларуску. Насамрэч яно не зусім так. Нядаўна кранальнае «home-made» відэа было зроблена яшчэ да аднаго беларускага вясельля. Яго музычнай асновай стала песьня гурта BosaeSonca «Люблю». У адрозьненьне ад ili-ili, лідэр BS Алесь Кот-Зайцаў жаніха Сержука і нявесту Лізу ведае добра і на іх вясельлі прысутнічаў асабіста. Ролік атрымаўся таксама вельмі душэўным.

Попыт на вясельлі ў беларускім стылі сапраўды расьце. На гэтую тэматыку зьвяртаюць увагу і айчынныя гурты. На вясельлях па-беларуску былі заўважаныя, напрыклад, «Палац», «Крама», «Стары Ольса», а гурт Guda сёлета нават выдаў цэлую праграму пад назваю «Вясельле», у якой беларуская вясельная традыцыя прадстаўлена ва ўсёй разнастайнасьці рэгіянальнага гучаньня. Нават ня вельмі сьвядомыя ў беларускім сэнсе пары хочуць вызначыцца і пакінуць на ўспамін нешта незвычайнае.Таму важна каб была шырэйшая прапанова. А попыт на такое заўжды знойдзецца.

SB, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: