Pieranačuješ — bolš pačuješ
3279 / 2
30.05.2014

Музыка тлустых

Пераможцы «Басовішча-2008» выявілі надзвычайную прагу да творчасьці. Пасьля выхаду дэбютніка «Блін першы» пра гурт Tlusta Lusta і думаць забылі, але яны вярнуліся ў музычную прастору праз чатыры гады маўчаньня з новым альбомам.

Зрэшты, адвязаных гарадзенскіх панкаў у новай праграме не пазнаць. Кірыл Богуш на сваім другім дыску нават паспрабаваў сьпяваць (!). Дайшло да таго, што адну зь песень ён запісаў дуэтам зь сьпявачкай Таняй Беланогай, якую раней уявіць побач з Tlusta Lusta было проста немагчыма («Ён і яна»). Tlusta Lusta перадумала сваю музычную канцэпцыю, пазбавілася ад зусім ужо брутальных элемэнтаў ды ўзяла ды-джэя на паўстаўкі. У выніку гучаньне каманды ня тое, каб палягчэла — яно зьмянілася і стала больш чыстым, выпеставаным нават. Атрымалася нармальная такая альтэрнатыва, якая была дужа актуальная ў нашых краях на пачатку 00-х.

Вельмі годна музыкі вырашылі адвечную праблему беларускіх альтэрнатыўшчыкаў, якія рэдка могуць пахваліцца цікавымі і пісьменнымі тэкстамі на сваёй мове. Tlusta Lusta знайшлі простае выйсьце — пазычылі словы ў іншых паэтаў, сучасных ды ня надта. Яны пяюць на вершы вельмі разнароднай кампаніі: сярод іх аўтараў заўважаныя Натальля Арсеньнева, Францішак Ксаверы Агінскі, Юрась Пацюпа, Уладзь Лянкевіч і Аляксандар Кульлінковіч. Ясна, што праз такую стракатасьць аніякай уцямнай канцэпцыі разгледзіць немагчыма, ды і наўрад ці ставілася такая мэта. Што хацелі сказаць — няясна, затое пададзена ўсё з такім сур’ёзным выглядам, што ім хочацца верыць. Да ўсяго, у нашых умовах альбом песень па-беларуску ўжо можа лічыцца канцэптуальным.

«Pieranačuješ — bolš pačuješ» выглядае на зборнік адвольна расфарбаваных карцінак, і вылучыць зь яго адну ці парачку самых яркіх не ўяўляецца магчымым. Ён цікавы, калі слухаць усё купай, прывабныя элемэнты можна знайсьці ў кожным трэку. Прахадных нумароў тут папросту няма, зрэшты, як і песень-цягнікоў, якія б найбольш ёмка сьведчылі пра сёньняшнюю Tlusta Lusta. Творы часам такія непадобныя адзін да аднаго, што падаецца, нібы іх выконваюць розныя гурты. Параўнаць, напрыклад, даволі лёгкую і надта ўжо накручаную ў пляне аранжыроўкі «Дэ Сад» і жорсткую лабавую ды бескампрамісную «Моладзь».

Калі гурт здольны гучаць ужывую гэтак жа, як і ў альбоме, то ён стане ўпрыгожаньнем якога заўгодна беларускага рок-фэсту.

Tlusta Lusta — Pieranačuješ — bolš pačuješ, 2013

Спампаваць альбом можна на Ultra-Music.com.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ:

  • Denis Snn
    Denis Snn / адказаць
    10.12.2014 / 15:08

    Штосьці падобнае да апошняга трэка было ў нейрадзюбеля. Гэта не кавер часам?))

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    10.12.2014 / 16:52

    Маеце рацыю - гэта кавэр, зроблены да трыб'юту "дзюбелей"

  • КАМЕНТАВАЦЬ