Чысьціня
206 / 0
14.05.2019

Skroz. Захоўвайце чысьціню

У альбомным чарце на TuzinFM бярэ ўдзел дэбютны EP гурта Skroz «Чысьцiня». Эпіграфам да яго музыкі паставілі цытату з Альбэра Камю: «Але ж гэта выдатна кахаць і жыць у чысьціні свайго сэрца».

Рэліз ад Skroz складаецца з чатырох песень і мае сваю канцэпцыю. Лідэр каманды Андрэй Скрозь кажа, што хацеў перадаць свае думкі ды пачуцьці, якія захапляюць яго. Пачынаецца EP трэкам «Мэханiчная артэрыя», якую музыкі называюць «кібэрпанкаўскай малітвай», з агрэсіўным рэчытатывам і падкрэсьлена мэханічнай мэлёдыяй. Працягваюць рэліз экспрэсіўныя трэкі «Пытальнікі» ды «Сьняжана». А пры канцы – нібы катарсіс, загалоўны трэк, які апавядае «пра ўнутраную чысьціню ды прыгажосьць чалавека і пра яго нясьцерпныя пакуты, якія робяць яго больш сьветлым».  Альбом пісаўся на Mapletree Studio. Запісам і зьвядзеньнем займаўся Алег Даманчук.

Свой стыль гурт акрэсьлівае, як rain-grunge або kls-rock (каханьне-лета-сьмерць-рок). Музыкі граюць разам тры гады, выступалі як арганізатары і ўдзельнікі праекту «Новая беларуская цёмная хваля», у якім аб’ядноўвалі гурты, што граюць пост-панк.

TuzinFM