Цар-Агонь
2033 / 0
04.02.2019

Этна-трыё «Троіца». Максымальнае набліжэньне

У альбомным чарце на TuzinFM каманда Івана Кірчука, Юрыя Дзьмітрыева і Юрыя Паўлоўскага прэзэнтуе свой сёмы студыйны дыск «Цар-Агонь».

Песьні для альбому «Цар-Агонь» пачалі стварацца адразу ж па выхадзе шостага дыску «Зімачка» (2011). Да 2017 году ўсе кампазыцыі былі гатовыя, але сродкаў на запіс не знаходзілася. Таму музыкі зьвярнуліся да слухачоў і з дапамогаю краўдфандынгу зафіксавалі альбом на студыі. Праца вялася на менскай студыі Super 8. Традыцыйна ўсе тэксты былі ўзятыя з народных беларускіх сьпеваў, а музыку напісалі сумесна ўдзельнікі этна-трыё.

Лідэр «Троіцы» Іван Кірчук зазначае, што ў адрозьненьне ад той жа «Зімачкі», гэтая праца больш камэрная, інтымная. «Мы імкнуліся максымальна наблізіцца да слухача, каб пры праслухоўваньні дыску стваралася ўражаньне нібы музыка гучыць зусім побач, у суседнім пакоі драўлянай вясковай хаты», — кажа музыка.

Паслухаць і набыць альбом «Цар-Агонь» можна на шэрагу лічбавых пляцовак.

TuzinFM